Часам здараецца, што жыхароў гарадоў цягне ў цішыню і прыга- жосць вёскі, а вяскоўцаў, наадварот, заварожваюць думкі пра шумныя мегаполісы. Але так здараецца не заўсёды. Бывае, маладыя пары абіраюць тую мясцовасць, адкуль родам хтосьці з іх і жывуць там, працуюць і гадуюць дзяцей. Так і Міхаіл і Вольга Плакса з аграгарадка Лань з павагай адносяцца да свайго любага куточка Нясвіжчыны. Для Міхаіла Лань увогуле малая радзіма. Тут жылі яго бацькі, а зараз і ён з жонкаю гадуе чатырох дачушак: Ганну, Ксенію, Настассю і Марыю, якім па 12, 10, 5 годзікаў і 9 месяцаў адпаведна.
Рука аб руку Міхаіл і Вольга крочаць вось ужо 13 гадоў, за гэты час яны шмат чаму навучыліся адзін у аднаго, разам вынайшлі сакрэт свайго шчасця. А заключаецца ён ва ўзаемападтрымцы, уменні пачуць і зразумець адзін аднаго. Так, на словах усё проста, але за кожным з іх стаіць свая гісторыя, калі трэба было адставіць убок сваё эга і зрабіць крок насустрач.
Аб тым, што вялікая сям’я — гэта вялікая адказнасць Вольга ведала і на сваім прыкладзе: яна сама родам са шматдзетнай сям’і, другая па ўзросце і старэйшая сярод дзяўчынак.
— Нас у бацькоў таксама было чацвёра: хлопчык і тры дзяўчынкі, — расказала журналісту Вольга Плакса. — Паколькі з малодшымі ў мяне вялікая разніца — восем гадоў і болей — я дапамагала старэйшым, чым магла. Гэта навучыла мяне адказнасці, за што шчыры дзякуй бацькам.
Мабыць, менавіта станоўчы жыццёвы вопыт паўплываў на тое, што сваёй прафесіяй Вольга абрала працу з дзецьмі. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце атрымала спецыяль- насць “Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія” і прыступіла да работы. Да дэкрэтнага адпачынку працавала намеснікам загадчыка ў Заазерскім дзіцячым садку.
— Мне падабаецца быць з дзецьмі, разбірацца ў асаблівасцях характару кожнага. Але гадаваць сваіх дзяцей — гэта не тое ж самае, што сачыць за чужымі. І прасцей, і складаней адначасова, — гаворыць Вольга.
Кожнаму дзіцяці ўласціва жаданне быць самым любімым, і складана ўявіць, як бацькам чатырох дзяўчынак удаецца знаходзіць баланс, каб не абдзяліць нікога увагай.
— Гэта няпроста, але я стараюся размеркаваць час так, каб кожнай удзяліць увагу. Вядома, зараз, калі малодшай няма яшчэ і го- дзіка, яна заўсёды са мною. Але я стараюся данесці да старэйшых дзяцей, што ад гэтага іх я не пачала любіць менш. Кожная дачка — наш с татай скарб.
Як адзначае жанчына, муж — галоўная падтрымка.
— Я неаднойчы чула, што для дзяўчынак вельмі важная постаць таты. Тое, як ён ставіцца да мамы, да саміх дочак, закладвае фундамент разумення імі адносін. Таму мяне вельмі цешыць, што дзяўчынкі давяраюць тату свае сакрэты, пасля школы прыходзяць і расказваюць яму, як прайшоў дзень. Але пры гэтым слухаюцца нас абодвух.
Для Міхаіла і Вольгі важна навучыць дзяцей адказнасці і самастойнасці.
— Вядома, калі патрэбна наша дапамога, мы ўсё вырашым, але па магчымасці вучым, як можна знайсці рашэнне самім. Калі дзіця звяртаецца да цябе з пытаннем, прасцей усё зрабіць самому, але я лічу, што трэба вучыць, даваць дзіцяці магчымасць праявіць свае здольнасці.
Што датычыцца здольнасцей, то іх у сям’і Плакса шмат. Асабліва ў творчасці. З задавальненнем старэйшыя дзяўчынкі наведваюць заняткі па маляванні ў мастацкім адзяленні Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў. Ганна займаецца ўжо чацверты год, а Ксенія — трэці. Пры гэтым талент дзяўчынкам перадаўся ад абодвух бацькоў: добра малюе мама, а тата дзяўчынак — інжынер па адукацыі і майстэрства перадачы прыгажосці ліній пераняў ад сваёй мамы.
— Мы з мужам стараемся паказаць дзецям прыгажосць нашай краіны. Штогод робім вандроўкі па розных абласцях, каб яны пабачылі як мага больш. І дзеці памятаюць кожную з іх.
Размаўляючы з гаспадыняй Вольгай, разумееш, наколькі дружная і сапраўды згуртаваная ў іх сям’я.
— Калі мы ўсе збіраемся разам, за сталом заўсёды гаманліва і весела. Без гэтага ўжо складана ўявіць сваё жыццё, — шчыра адзначае мая суразмоўца напрыканцы нашай гутаркі.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.



