Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Дарыць прыгажосць сабе і іншым

Пост опубликован: 11.11.2024

У аграгарадку Сейлавічы шмат добрых гаспадароў. Але сёння размова пойдзе пра юбіляраў гэтага года, пераможцаў раённага конкурсу “Лепшы падворак”, вынікі якога былі падведзены ў пачатку кастрычніка, у рамках свята павагі да людзей старэйшага пакалення.

Алена і Мікалай Чухлей сталі сярэбранымі прызёрамі конкурсу, які ў чарговы раз пацвердзіў: беларусы — добрыя гаспадары, шчыра адданыя роднай зямлі, роднаму краю.
Алена Міхайлаўна нарадзілася ў Сейлавічах. Адсюль паехала на вучобу ў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Атрымаўшы спецыяльнасць “эканаміст”, вярнулася на Нясвіжчыну і ўладкавалася на работу ў ашчадны банк, дзе адпрацавала без малога сорак гадоў.

Суджанага свайго таксама сустрэла на Нясвіжчыне.
Пазнаёміліся мы на танцах у мясцовым клубе, — дзеліцца Алена Міхайлаўна. — Сваякі ўсё жартавалі з нас, рыфмуючы: “трактарыст і эканаміст”, — з усмешкай успамінае мая суразмоўца.
Пазней пажаніліся. А праз паўгода наша маладая сям’я ўжо пера- ехала ў новую кватэру ў райцэнтры, якую выдзеліла дзяржава. Працавалі, гадавалі дзетак. А зараз больш знаходзімся ў вёсцы, дзе я вырасла. З цягам часу тут стварылі для сябе патрэбныя ўмовы, прымаем гасцей. Любяць да нас наведвацца сваякі і родныя з Нясвіжа, з Гомеля, з Мінска, з Масквы. Добра тут усім, — працягвае Алена Міхайлаўна. І дадае:
— Дом гэты бацькоўскі. Сюды з вайны вярнуўся мой тата — Міхаіл Іосіфавіч Нікалайчук. Яго імя, як ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, занесена ў гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі — кнігу “Памяць. Нясвіжскі раён”. Бацька пятнаццаць гадоў як пайшоў з жыцця, але наша сям’я захоўвае яго ваенныя ўзнагароды. Іншы раз успамінаем, як некалі ён на веласіпедзе на працу ездзіў у Бузуны ці Кунасу, і назад. Лясы мясцовыя ён ведаў, як свае пяць пальцаў. Што і дзе расце, заўсёды падкажа людзям.
А працаваў ён працяглы час у лясной гаспадарцы ўзрыўніком карчоў. Работа была адказная, звязаная з рызыкай. Але людзі, што прайшлі вайну, на гэта не скардзіліся. Стараліся, працавалі, каб зарабіць. Нас, дзяцей, у сям’і было трое.
Мама зведала ўсю калгасную працу. Мы заўсёды дапамагалі ёй, вядома.
Цяпер бацькоўская спадчына радуе ўсю нашу сям’ю. Успамінаю, як некалі мама, якую на пенсіі мы працяглы час даглядалі тут, у Сейлавічах, прасіла: “Дачушка, не прадавай хату”. Так і вырашылі.Дарыць прыгажосць сабе і іншым

Муж сам з райцэнтра, але вёску палюбіў таксама. У яго ў гаражы свая гаспадарка, як кажуць. Трэба веласіпед каму падрамантаваць, да майго Анатольевіча звяртаюцца. Трэба падладзіць бензакасу, і ў гэтым не адкажа. Усе пабудовы ў двары — справа яго працавітых рук. Студня, казачная хатка Бабы Ягі, парасоны для кветак, вазок, млын, альтанка — кожным аб’ектам любуемся самі і радуем іншых, — расказвае Алена Міхайлаўна.
І праўда, як толькі ў Сейлавічах прыгрэе веснавое сонейка, на траву ў двары “выходзяць” гусі. У двор “выганяюць” пасвіцца і кароўку. Дарэчы, гэтая кароўка — прыз сям’і Чухлей, якая стала пераможцай конкурсу “Лепшы падворак” у 2020 годзе. Але “пасецца” рагуля цяпер не адна. Каля яе — цялятка, такое самае пярэсценькае, як і кароўка. Бычка сям’я набыла спецыяльна да пары — і карціна ў двары яшчэ больш ажыла.
Штогод на вясковым падворку Алены Міхайлаўны і Мікалая Анатольевіча мяняецца дызайн. Не прапускаюць гаспадары магчымасць заняцца добраўпарадкаваннем прыдамавой тэрыторыі, і ўпрыгожваюць участак не толькі дэкаратыўна, але і зручнымі пабудавамі ў выкарыстанні. Так званых малых форм і кашпо з кветкавымі кампазіцыямі становіцца больш, а фантазію радуюць адмысловыя кампазіцыі, быццам задуманыя па аднаму праекту.

Гэтым летам, напрыклад, дабавіўся вялікі дзьмухавец з пластыкавых трубачак, а для вазанічак з петуньямі ўстанавілі веласіпед, якому далі новае жыццё, толькі ў белых фарбах. Усё гэта чароўнае царства прыгажосці ахоўвае гном, які разам з дыпломам ішоў у падарунак гаспадарам лепшага падворка-2024, як сімвал дабрабыту і дастатку.
На зіму ўсё хараство з двара “пераязджае” на зімоўку, каб увесну зноў радаваць прахожых, гасцей Сейлавіч і саміх гаспадароў.
З-пад снегу паказваюцца крокусы. На сваіх участках прачынаюцца цюльпаны і нарцысы. Выпускаюць пупышкі клемацісы і ружы. Рыхтуюць для кветак стрэлкі лілеі і ірысы. “Пераязджае” з хатніх падаконнікаў і цяпліцы расада кветак — яркія петуніі радуюць вока густой квеценню ў гаршчочках і парасончыках-вазанічках.
Ёсць у гаспадароў і малады сад.
— Яблыні, грушы, агрэст, парэчка, маліна, ажыны — ужо даюць ураджай. Некалькі ягадак сарвалі гэты год на кустах бружмелю, які не так даўно купілі, — дзеліцца Алена Міхайлаўна. — Але больш за ўсё радуемся вішні і чарнасліву. Гэтыя дрэвы маміны. Кожны раз яе ўспамінаю, як зірну на іх. Увесну садовыя дрэвы апранаюць белыя вясельныя нарады, і сонца, здаецца свеціць ярчэй. У халодныя месяцы, вядома, гэтага ўсяго не хапае, — прызнаецца мая суразмоўца. — Калі асеннія вечары становяцца доўгімі, больш часу праводзім у хаце — то вышываю па нумарах, то мазаікай займуся. Муж некаторы час плёў кашы — усім былі падарункі!
Алена Міхайлаўна — добрая гаспадыня, часта кулінарыць. Сама пячэ хлеб, а яе блінчыкі з тварагом вельмі любяць унукі. Іх у дзядулі і бабулі трое. “Бабуля, мы прыедзем да вас заўтра”, — час ад часу чуе ў трубцы тэлефона Алена Міхайлаўна нават ад самага старэйшага, Аляксея, які ўжо стварыў сваю сям’ю і жыве самастойна. Уладзіслаў і Міхаіл таксама любяць бываць у Сейлавічах. Усім там месца хапае. Слухаюць дзядуля Мікалай і бабуля Алена пра іх поспехі, пра навіны. Радуюцца за іх, бачаць свой працяг у кожным, бо ўнукі — сапраўдны скарб душы для іх. А бывае, гле-дзячы на іх, не-не ды ўспамінаюць пра сваё асабістае, што не перастае балець.

У размове Алена Міхайлаўна прызнаецца:
— У Сейлавічах для нас усё роднае. Тут і магілы бацькоў. Тут пахаваны наш адзіны сын, які трагічна загінуў. Дарэчы многае, што ёсць на падворку, зроблена яго рукамі. Прыязджаў, дапамагаў нам заўсёды.
Яны, нашы родныя, усе быццам з намі, побач. І, здаецца, так лягчэй на душы. Даглядаем іх магілкі. Па дарозе туды, на перакрыжаванні дарог стаіць крыж — наводзім парадак там — абкошваем, прыбіраем, упрыгожваем разам з іншымі вяскоўцамі. Нядаўна па просьбе святара пафарбавалі каплічку на могілках. Часу хапае на пенсіі, а зрабіць не так і цяжка.
Спадзяёмся, што ўсе нашы намаганні па добраўпарадкаванні і вясковы дворык будзе і далей радаваць і чужых людзей, і сваякоў. А за ўвагу, якую атрымалі ад раённай улады, і падарункі шчыры дзякуй, — гавораць муж з жонкай.
Дарэчы, падарункі сям’я Чухлей у гэтым годзе працягвае прымаць, бо адзначае 45-годдзе сумеснага жыцця — сапфіравае вяселле. А камень сапфір, кажуць, як ніякі другі, адлюстроўвае ўсю прыгажосць пачуццяў.
З юбілеем вас, Алена Міхайлаўна і Мікалай Анатольевіч! Дзякуй за прыклад сямейнага жыцця! Дзякуй за прыгажосць, якую ствараеце вакол сябе!
Іна ВАСІЛЕВІЧ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

два + четырнадцать =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика