28 лютага ў Малой выставачнай
зале Палацавага ансамбля адбылося адкрыццё выставы, прымеркаванай да 120-годдзя з дня нараджэння беларускага
мастака Міхася Сеўрука,
які з’явіўся на свет 27 лютага 1905 года.

Аб асаблівасцях выставы “Міхаіл Сеўрук. Дакрануцца
ды невядомага” гавораць унучаты пляменнік мастака
Мікалай Якубоўскі (справа), дырэктар НГКМЗ “Нясвіж”
Дзмітрый Яшчанка і начальнік аддзела экспазіцыйна-
выставачнай работы музея-запаведніка Алена Фомчанкава
Сын чыгуначніка, Міхась Канстанцінавіч паходзіў з роду Сяўрукоў, які належыць да палескай шляхты. Да 1927 г. вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі. У 1932 скончыў факультэт прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта.
Першыя працы маладога таленавітага мастака экспанаваліся на выставах 1937-1938 у Варшаве. У часе свайго жыцця ў Вільні ён заснаваў мясцовае таварыства мастакоў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў у Нясвіжы.
Прадстаўнік Віленскай мастацкай школы, для якой характэрны традыцыі акадэмічнага і неарэаліс- тычнага мастацтва, у створанай ім галерэі вобразаў вельмі дакладна перадаў атмасферу часу, стаўленне да навакольнага свету, ідэалы прыгажосці. Творчасць мастака, нягледзячы на яскравую індывідуальнасць, адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі развіцця рэалістычнага мастацтва 1920 — 1930-х гадоў. Работам пачатковага перыяду творчасці мастака характэрны рысы рамантызму, пазнейшыя адрозніваюцца народнасцю выяў. У Нясвіжы працаваў, у асноўным, у галіне жанравай карціны і пейзажу.
Міхась Сеўрук быў яшчэ і ілюстратарам, аўтарам вокладак зборнікаў паэзіі Максіма Танка “На этапах”, Рыгора Шырмы “Наша песня”, графічных работ “Віленская Alma mater” і іншых. Разам з Язэпам Драздовічам, Пятром Сергіевічам, Язэпам Горыдам займаўся ілюстраваннем заходнебеларускіх друкаваных выданняў.
Карціны і графічныя работы Міхася Сеўрука знаходзяцца ў мастацкіх зборах розных краін. У Нясвіжы створана яго кватэра-музей, якая належыць да Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея, грамадскасць адзначае звязаныя з ім даты, і вось у мінулым годзе ў фонды Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” роднымі мастака былі перададзены 50 яго работ, якія і былі прадстаўлены ў экспазіцыі “Міхаіл Сеўрук. Дакрануцца ды невядомага”. У яе ўвайшлі графічныя лісты, выкананыя ў розных тэхніках эстампа — літаграфіі, афорта, лінагравюры, ксілаграфіі і сухой іголкі. Акрамя таго, тут можна ўбачыць унікальную графіку алоўкам, а таксама жывапіс алеем, акварэллю, гуашшу, што дэманструе найшырэйшы творчы дыяпазон майстра, які дасканала валодаў усімі тэхнічнымі магчымасцямі выяўленча-выразнай мастацкай мовы.
— Міхаіл Канстанцінавіч быў цэнтрам нашай сям’і, — сказаў на адкрыцці выставы ўнучаты пляменнік творцы Мікалай Якубоўскі. — Я — яе апошняя галінка. І я думаю, што дзякуючы гэтым карцінам захаваецца памяць і пра нас, родных мастака.
Вядомы беларускі мастак Ігар Бархаткоў адзначыў, што ён і многія яго калегі па творчасці былі выхаваны на класічнай пецярбугска-маскоўскай школе, а Сеўрук — прадстаўнік віленскай школы. Гэта зусім іншы падыход, іншая прыгажосць.
— Гэта крышталёвае маляванне, яно ствараецца, як карункі. Гэта найцудоўнейшае маляванне, — сказаў Ігар Антонавіч. — І для мяне Нясвіж заўсёды быў не столькі горадам гэтага славутага замка, колькі горадам Сеўрука. І праз шмат стагоддзяў Нясвіж будзе асацыявацца з Сеўрукам. Гэта быў тонкі, добры і вельмі сціплы чалавек. Адзін з самых лепшых беларускіх мастакоў. Самы шчыры, самы далікатны, самы сумленны. І я вельмі ўражаны падарункам, які зроблены сёння музею, і вельмі рады за горад, які атрымаў такі падарунак, і за самога Сеўрука.
З вялікай удзячнасцю пра мастака гаварыла ўдава Льва Гумілеўскага Валянціна Гумілеўская. Яна адзначыла, што яе муж ніколі не стаў бы вялікім творцам, каб не ўплыў Сеўрука як выкладчыка выяўленчага мастацтва. Яе словы дапоўніў сын скульптура Сяргей, які ўзгадаў, як бацька расказваў пра свайго любімага настаўніка, як шанаваў яго. Любоў і павагу да яго ён пранёс праз усё сваё жыццё.
Пасля выступленняў гасцей экскурс у творчасць Сеўрука зрабіла куратар выставы, вучоны сакратар Вольга Шкрабіна.
Выстава будзе чакаць аматараў творчасці нашага выдатнага земляка да 22 чэрвеня.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.







