Жнівень… Жніво… Прыгожыя і такія блізкія сэрцу кожнага беларуса, чыё жыццё так ці інакш звязана з вёскай, краявіды: залатое мора палёў, на іх збажына, якая ўжо ўвабрала ў сябе ўсю сілу і моц зямлі… Бяскрайні прастор над усім гэтым і блакітнае неба. Жніво ў самым разгары, і хлебаробам зусім не да маляўнічых пейзажаў, у іх іншая задача: убраць хлеб у час і без страт. Каласы ўжо зусім паспелі і гатовы легчы ў скарбніцы гаспадарак, у збожжасклады. Ад намаганняў аграрыяў залежыць дабрабыт усёй краіны. Іх праца напоўнена найвялікшым сэнсам, але не толькі эканамічным — духоўным.
Быць хлебаробамі — не проста прафесія для трох пакаленняў працаўнікоў ААТ “17 Верасня”. Для Юрыя Леанідавіча і Дзмітрыя Юр’евіча Клаўсюк — гэта сапраўдная сямейная справа. А для Ігара Дземідовіча — унука Юрыя Леанідавіча — прадаўжэнне слаўнай працоўнай дынастыі. Самы старэйшы яе прадстаўнік — Юрый Клаўсюк — ужо другі год у жніве непасрэдна не ўдзельнічае. Але ў яго апошнюю ўборачную кампанію, у 2023 годзе, яго шчасцю не было межаў. Упершыню на хлебную ніву вышлі тры пакаленні адной сям’і. Дзед, сын і ўнук працавалі аберуч, аб’яднаныя адной справай, патрэбным і высокім прызначэннем — убраць ураджай.
— Бачыце, якое цікавае жыццё, — успамінае той час Юрый Леанідавіч. — У тое жніво я працаваў разам з сынам, быў у яго памочнікам. І ўборачная была для мяне апошняй. Але першай для майго ўнука Ігара — быццам змену сабе падрыхтаваў.
Сёлета надвор’е не надта спрыяе спакойнаму жніву. Таму аграрыі спяшаюцца: у такі час дзень год корміць.
— У сельскай гаспадарцы ўсё трэба рабіць своечасова, — кажа Дзмітрый Клаўсюк. — У гэтым, мабыць, галоўны сакрэт поспеху. Бывае, як сёлета, што і надвор’е ўносіць свае карэктывы, змяняе планы. Але і ад чалавека, працаўніка, шмат чаго залежыць. Жніво — увогуле гарачая пара, тут насамрэч адзін дзень можа адыграць вялікую ролю. Таму, пакуль дазваляе надвор’е, трэба спяшацца, убраць як мага больш.
Для Дзмітрыя Клаўсюка гэта ўжо 12 уборачная кампанія. У гаспадарку ён прыйшоў у 2007 годзе. З тых часоў ён заўсёды на добрым рахунку ў кіраўніцтва — з года ў год паказвае высокія
вынікі, мае нямала ўзнагарод. Дарэчы, і ў гэтым годзе ён адным з першых у раёне нажаў тысячу тон збожжа. А як можа быць інакш, калі працаваць на камбайне ён марыў з самага дзяцінства?!
— Колькі я сябе помню, мяне заўсёды цікавіла прафесія майго бацькі, — расказвае камбайнер. — Тэхніка, трактары, камбайны, машыны… Мне было ўсё гэта надзвычай цікава. І заўсёды ведаў, што абавязкова працягну бацькаву справу. І тое, чым я займаюся, мне падабаецца.
Юрый Леанідавіч, бацька Дзмітрыя, ужо нават не можа палічыць, колькі гадоў запар ён садзіўся за камбайн. У гаспадарку прыйшоў у 1978-м годзе. Так склалася, што пасля службы ў арміі ён вярнуўся ў калгас, пачаў працаваць механізатарам.
— Ужо другое жніво, у якім я не за камбайнам, — уздыхае Юрый Леанідавіч. — Жыццё такое цікавае, такое складанае, але і такое хуткаплыннае. Мне часам здаецца, што не так даўно яшчэ былі тыя часы, калі я ўпершыню пасадзіў сына ў камбайн. Ён так шчыра радаваўся, такім вясёлым быў, так хацеў хутчэй падрасці… А колькі ён са мной у дзяцінстве паездзіў! Часам яго нават выцягнуць з кабіны цяжка было, нельга дадому было выправіць падчас жніва. Потым вырас, быў у мяне памочнікам. Ужо колькі гадоў жне самастойна. Бачыце, і унук па нашых сцяжынках пайшоў. І гэта правільна: калі душа ляжыць да работы, ніякіх сумненняў не павінна быць. Ці сумую я без жніва? Сумую, і гэта не проста звычка, гэта лад жыцця, гэта шчырая любоў да сваёй працы. Увогуле, здавалася б, столькі гадоў запар адно і тое ж, павінна надакучыць. Не надакучыла! І кожны раз, калі бачу, як камбайны па ніве ідуць, ажні дух перахоплівае.
Юрый Леанідавіч прызнаецца, што нярэдка да яго з пытаннямі звяртаюцца калегі.
— Я нікому не адмаўляю ў парадзе, — кажа ён. — Калі магу быць карысным, з радасцю адгукнуся на просьбу, калі трэба дзейсная дапамога — дапамагу без пытанняў. Шчыра кажучы, у мяне ж сапраўды вялікі працоўны шлях за спіной. Я пачынаў працаваць на старых камбайнах. Гэта-то сапраўды было цяжка. У кабіне духата ў спякотны дзень, быццам у лазні, дзверы-вокны не адкрыць, пыл кругом. І працуеш так цэлы дзень. Яшчэ ж і тэхніка старая бывала падводзіла. Але ва ўсім плюсы можна знайсці: камбайн як свае пяць пальцаў ведаў. Гэтыя веды па сённяшні дзень мне дапамагаюць. Цяпер умовы сталі значна лепшымі. Безумоўна, працаваць у сельскай гаспадарцы ніколі лёгка не было. Але сучасная тэхніка сапраўды жыццё крыху спрошчвае.
Юрый Леанідавіч заўжды любіў працаваць на зямлі, ведаў яе сапраўдную вартасць. Як добра ён ведае, якіх намаганняў каштуе збожжа. Ён вырас у вёсцы, вучыўся ў бацькоў, з малых гадоў ведаў нюансы сельскагаспадарчай працы. Сялянская праца, простая, адвечная, для яго не проста лад жыцця і прафесійная дзейнасць, гэта яшчэ і філасофія і найвялікшая духоўная каштоўнасць.Такую ж любоў да зямлі ён выхаваў у сваіх дзяцей і ўнукаў. І сёння ён можа з гонарам называць сваю сям’ю сапраўднай аграрнай дынастыяй.
— Мне бывае сумна робіцца, калі чую ад маладых, што не хочуць вяртацца ў вёску, працаваць на зямлі, — скардзіцца Юрый Леанідавіч. — Як жа так. Дзяды нашы і прадзеды працавалі на ёй, так спрадвеку заведзена. Без яе нічога не будзе. Часта кажуць, цяжка, работа ўвесь час займае, у гарачую пару і дома не затрымаешся. А я скажу так: любі сваю работу, палюбі зямлю — па ёй хадзілі твае продкі. І цяжка не будзе, наадварот — яна сілы табе дасць, аддзячыць добрым ураджаем. Я лічу, што мы — прадстаўнікі самай мірнай прафесіі, стваральнай. Сеем, гадуем, убіраем, захоўваем — гэта ўсё для людзей, усё ім на карысць.
Працаўнікі сям’і Клаўсюк выраслі ў вёсцы, яны добра ведаюць вясковы ўклад і спасціглі саму сутнасць працы на зямлі.
— Я ганаруся сваімі хлопцамі, — з усмешкай кажа старэйшы прадстаўнік аграрнай дынастыі. — Мне вельмі прыемна, што ўслед за мной пайшлі сын і ўнук. Гэта значыць, не дарма я пражыў, не дарма працаваў. Мы — людзі простыя, вясковыя, і любоў да зямлі ў нас у крыві. Мы ведаем каштоўнасць хлеба, ведаем, як яго вырошчваць, на што трэба звяртаць увагу. Мае бацькі перадалі мне гэтыя веды, я — сыну…І мне хочацца верыць у тое, што мой унук калісьці раскажа аб усіх тонкасцях земляробства сваім дзецям і ўнукам. Я хачу, каб працягнулася наша дынастыя. Гэта ганаровая і патрэбная праца. Так, нялёгкая, не папулярная ў моладзі, але вельмі важная! Мы прыйшлі ў прафесію па поклічы сэрца, бо жыццё без зямлі для нас ужо не будзе мець такога сэнсу. Не ўсе гэта зразумеюць, але аднойчы ўзяўшы ў далоні яшчэ цёплае збожжа, удыхнуўшы яго пах, вы ўжо ніколі ў жыцці яго не забудзеце. Якія б праблемы не ўзнікалі, як бы цяжка не было на душы, — выедзеш у поле рана-раненька, калі сонца яшчэ негарачае, над табой — высокае неба, а вакол — залатое мора збожжа — і ўсё пройдзе. Пачынаеш разумець: вось яно — сапраўднае жыццё!
Ірына ЕФІШОВА.
На галоўнай выяве: злева направа Юрый Клаўсюк (з яго пачалася дынастыя), Дзмітрый Клаўсюк (сярод першых тысячнікаў раёна), Ігар Дземідовіч (прадстаўнік трэцяга пакалення аграрыяў).



