Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Сеяць любоў да музыкі ў дзіцячых душах

Пост опубликован: 10.10.2025

Дырэктар Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Ларыса Пархановіч — яскравая прадстаўніца той таленавітай плеяды несвіжан, што нарадзіліся, выраслі і закахаліся ў творчасць менавіта тут, на роднай зямлі, якой застаюцца вернымі і па сённяшні дзень.

Пасля заканчэння ў 2001 годзе СШ №4 г. Нясвіжа яна спрабавала паступіць у Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “Рэжысёр народных абрадаў і свят”, але атрымала першае выпрабаванне на трываласць — не дабрала паўбала. Толькі нездарма кажуць, што ліха без дабра не бывае. Падчас экзаменаў ва ўніверсітэт яна пачула параду ад выкладчыкаў, што ёй трэба спяваць.

— Чаму Вы не пайшлі на вакал? — сказалі ёй тады. — У Вас вельмі добры голас.

Ларыса прыслухалася і ў той жа год лёгка паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на харавое дырыжыраванне і народныя спевы. Гэтаму вельмі дапамагла падрыхтоўка, атрыманая ў вакальным гуртку РЦК, які вяла Таццяна Казлова, кіраўнік знакамітага калектыву — народнага вакальнага ансамбля “Млечны шлях”. Ларыса Валер’еўна і зараз з удзячнасцю ўзгадвае клопат свайго кіраўніка і яе дапамогу пры паступленні.

Праз тры гады гераіня гэтага аповеду прыйшла хармейстарам у свой родны РЦК, дзе некалі і навучылася спяваць, сама стала ўдзельніцай папулярнага ў раёне і за яго межамі “Млечнага шляху”. Здзейсніла і сваю мару аб вышэйшай адукацыі — завочна набыла ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў спецыяльнасць “Кіраўнік хору. Настаўнік”.

Напачатку свайго працоўнага шляху Ларыса Пархановіч (тады — Лукашэвіч) была яшчэ і кіраўніком Ланскага народнага мужчынскага хору, які затым ператварыўся ў вядомы народны ансамбль “Ланская бяседа”, пасля да гэтага дадалося яшчэ і кіраўніцтва дзіцячай вакальнай студыяй “Мікст”, з якой выйшлі такія вядомыя ў нашым раёне спевакі, як Дзмітрый Дэмух, Таццяна Мароз, Валерыя Аніфер. На рахунку маёй суразмоўцы — і стварэнне вакальнага ансамбля “Славянскі стыль”, у які ўваходзяць, акрамя яе самой, Алег Чэкман, Іван Кухнавец, Валерыя Аніфер і Кацярына Шустал, а таксама жаночай групы “Coverwoman”. Сваю кар’еру ў РЦК мая суразмоўца завяршыла на пасадзе мастацкага кіраўніка.

Год таму Ларыса Пархановіч узначаліла Нясвіжскую дзіцячую школу мастацтваў, куды, дарэчы, ходзяць і двое яе дзяцей. Сын вучыцца ў 4 класе па класе баяна, а дачка — на падрыхтоўчым аддзяленні па харэаграфіі.

На пытанне, ці цяжка далося рашэнне памяняць звыклую работу на дзейнасць, звязаную з выкладаннем музыкі, мая суразмоўца шчыра адказала, што не. Тым больш, што спроба памяняць работу ў яе была — два гады яна адпрацавала спецыялістам у Нясвіжскім раёне газазабеспячэння, але і там удзельнічала ва ўсіх канцэртах і конкурсах аматарскай творчасці сярод газавікоў. Таму з музыкай па вялікім рахунку поўнасцю не расставалася ніколі.

— Вядома, крыху сумнявалася, ці спраўлюся, — прызнаецца яна, — таму што разумела: быць кіраўніком — складана. Аднак, нягледзячы на ўсе асаблівасці таго, што мая цяперашняя праца звязана з педагогікай і я сама па суботах вучу дзяцей вакалу як настаўнік, я кожную раніцу іду на работу з добрым настроем. Яна прыносіць мне самую сапраўдную радасць, і я лічу, што атрымліваць задавальненне ад сваёй працы — самае важнае для любога чалавека, таму што без гэтага не будзе гармоніі ні ў сям’і, ні ў чым іншым. Калі ты бачыш, як вучні тваёй школы (нават калі ты сам не выкладаеш у іх) перамагаюць у конкурсах, атрымліваюць узнагароды, гэта нараджае той самы кураж у душы, які падштурхоўвае працаваць яшчэ лепш і імкнуцца да новых вышынь. Гэтага пачуцця я ніколі не адчула б ні ў якай іншай галіне.

Вядома, мне прыйшлося асвойваць новыя паняцці — размеркаванне педнагрузкі, акадэмічныя гадзіны і іншае, і мае “сіндром выдатніцы” і педантычнасць не даюць спакою, аднак я разумею, што павінна зрабіць усё, каб мой калектыў працаваў у камфортнай атмасферы. І гэта своеасаблівы калектыў, які складаецца з інтэлігентных творчых асоб з грунтоўнай музычнай адукацыяй, да якіх патрэбны асаблівы падыход. І я стараюся яго знаходзіць, каб людзі адчувалі сябе паважанымі і патрэбнымі на сваіх месцах, каб найлепшым чынам укладваліся ў сваіх вучняў.

Пад канец нашай гутаркі Ларыса Валер’еўна адзначыла, што вельмі любіць дзяцей і што некалі з яе “Мікста” выпускалася да 30 чалавек. І тады яна нават не чакала, што сеяць любоў да музыкі ў дзіцячых душах стане яе галоўнай, асноўнай работай, якая зараз прыносіць ёй найвялікшую радасць.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

четыре × 4 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика