Спецыфіка работы журналіста часткова заключаецца і ў тым, каб бачыць тэмы для матэрыялаў у паўсядзённым жыцці. З нагоды, як раней казалі. Вось і гэту тэму падказала само жыццё, рэчаіснасць. Зноў жа, тэма няёмкая, непрыглядная. Але як прайсці міма і не абазначыць маральны аспект?!
Нядаўна былі Дзяды, дзень памінання продкаў. Зразумела, многія людзі паехалі на могілкі праведаць сваіх сваякоў. Паехала і я разам з дзецьмі. Навялі парадак, прыбралі апаўшае лісце, запалілі лампадкі на памін душы і ўжо ішлі да машыны, калі мой шасцігадовы сын спыніўся каля аднаго захавання.
— Мама, а чаму тут ніхто не прыбраўся? — спытала дзіця. — А што, у гэтых людзей нікога не засталося хіба? Чаму тут лісце і смецце, помнік абернуты?
Я не адразу знайшла, што сказаць хлопцу. Толькі пякучыя слёзы падкаціліся. Я добра ведала, чыё гэта захаванне. Муж і жонка, аднавяскоўцы маёй прабабулі. Некалі яны сябравалі з ёю. І адразу паўсталі карціны майго дзяцінства: вёска, лаўка, пажылыя людзі сядзяць на ёй і гавораць, былое ўспамінаюць, навіны абмяркоўваюць… І я маленькая гуляю побач. На гэтай лаўцы сядзелі і баба Шура з дзедам Аляксандрам — тыя людзі, чыя магілка зараз у запусценні. І сапраўды, яны былі вельмі добрымі, светлымі людзьмі. Дзед Аляксандр — ветэран вайны, быў на фронце, вызваляў Еўропу ад фашысцкай навалы, вярнуўся з вайны — аднаўляў гаспадарку. А колькі гісторый ён расказаў мне асабіста! Цікавых, а часам нават фантастычных — пра гэту вёску, пра людзей, пра жыццё на хутарах. Многія з іх я пераказваю зараз сваім дзецям. Пражыў дзед Аляксандр амаль 80 гадоў, памёр у сваёй хаце, якую асабіста і пабудаваў. Баба Шура — яго жонка — такой удалай гаспадыняй была! Усё ўмела рабіць: і прасці, і ткаць, і вязаць. А якія пірагі яна пякла! Падаецца, і зараз іх смак памятаю. Перажыла свайго мужа яна на дзесяць гадоў…
Дык чаму ў гэтых добрых людзей такія непаладкі на магіле? Сваякі ў іх ёсць! І жывуць яны якраз у той хаце, якую пабудаваў дзед Аляксандр, у якой завіхалася баба Шура. Жывуць няблага, людзі на від прыстойныя, ніякіх непатрэбстваў аднавяскоўцы за імі не назіралі ніколі. Але гэта вонкава ўсё, як паказвае жыццё… А што ў душы? Як можна так абыходзіцца з тымі людзьмі, якія вас выгадавалі? Як можна забыцца сцежку да іх апошняга прытулку. Сёння на свеце жывуць іх унукі, праўнукі і нават прапраўнукі. А магіла не прыбрана… Хіба ведалі яны, што гадуюць такіх чэрствых і бяздушных людзей, хіба думалі, што пра іх так хутка прападзе памяць?
Не думалі і не ведалі. Мы заўсёды жывём, спадзеючыся на лепшае. І ў блізкіх сваіх стараемся толькі добрае разглядзець. Многія крытыкуюць мяне за тое, што на могілкі дзяцей з сабой бяру, маўляў, траўматычна для дзіцячай псіхікі гэтае месца. А ў мяне інакшае меркаванне: пра свае карані трэба змалку ведаць і помніць. Кожны з нас у свой час пакіне гэту зямлю, і нічога ад нас не застанецца, акрамя магіл. Толькі яны і памяць у сэрцах людзей. А вось колькі жыве тая памяць? Ва ўсіх па-рознаму. Напрыклад, мой прадзед — Фёдар Сільвестаравіч — памёр у 1953 годзе. Нават мая бабуля, яго дачка, шматлікіх успамінаў не захавала. А мы яго памінаем у храме, прыязджаем да яго на магілу. Значыць жыве пра яго памяць. Хачу верыць, што і дзеці мае не забудуць пра прапрадзеда, хоць і раздзяляе іх амаль стагоддзе.
Насамрэч, гэта вельмі сур’ёзная маральна-этычная тэма. Мы сёння шмат гаворым пра гістарычную памяць — і гэта правільна. Але якая гістарычная памяць можа быць у тых людзей, якія забыліся пра таго, хто іх калыхаў, хто расказваў казкі, хто суцяшаў… У іх увогуле, мне падаецца, ні памяці, ні сэрца няма. Вы можаце сказаць, што ў сучасных рэаліях сваякі могуць жыць надта далёка і ім складана праведваць месцы захаванняў. Можа і так. Але я адкажу: для тых, хто зацікаўлены ў гэтым, ёсць усе ўмовы. Нават знаходзячыся на другім канцы зямнога шару можна заказаць добраўпарадкаванне могілак. Было б жаданне. А што, калі як у гісторыі, якую я вам прывяла, калі людзі побач жывуць? Кожны дзень міма праязджаюць. Няўжо нічога ў сэрцы не скалыхнецца і сумленне не заварушыцца? Мусіць, не.
Зразумела, і сельсаветы, і ЖКГ даглядаюць месцы захавання, рэгулярна праводзяцца суботнікі. Нашчасце, выходзяць на іх і вяскоўцы — неабыякавыя людзі. Але як вы, тыя, хто забыўся сваіх продкаў, сябе пры гэтым адчуваеце?
Скончу тым, з чаго пачынала. Адказам на сынава пытанне.
— Не, — кажу. — Сваякі ў іх ёсць, і нямала. Проста памяць у людзей кароткая зрабілася. Давай мы падграбём…
Ірына ЕФІШОВА.



