Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Карэнная жыхарка Карцэвіч Валянціна Пуляк: пра сваё жыццё і пра “раёнку”

Пост опубликован: 25.11.2025

Валянціна Пуляк — карэнная жыхарка Карцэвіч. Тут яна нарадзілася і вырасла ў звычайнай сялянскай сям’і, тут скончыла школу і пайшла працаваць. Маці Валянціны Аляксандраўны была свінаркай, а бацька выконваў розныя работы ў мясцовай гаспадарцы, тагачасным калгасе “Радзіма”, удзельнічаў у будаўніцтве Карцэвіцкага клуба.

Першыя гады пасля школы гераіня гэтага аповеду адрабіла ў роднай гаспадарцы на збожжаскладзе, затым — у рыбгасе “Альба” на ферме, дзе вырошчваліся качкі, пасля гэтага — на будаўнічым участку маляром-тынкоўшчыкам, але асноўную частку свайго працоўнага шляху — 30 гадоў — прысвяціла прамтаварнай базе райспажыўтаварыства, дзе адпрацавала кладаўшчыком да самага выхаду на заслужаны адпачынак.

Разам з мужам, які рабіў у райспажыўтаварыстве вадзіцелем і, на жаль, 13 гадоў таму пайшоў з жыцця, выгадавала сына Дзмітрыя і дачку Жанну — такіх жа працавітых і сумленных людзей, як і іх бацькі. Жанна працуе ў Нясвіжскай бальніцы аперацыйнай медсястрой, а Дзмітрый 39 гадоў адпрацаваў электрагазазваршчыкам у мясцовай гаспадарцы. Ганарыцца Валянціна Аляксандраўна і сваімі трыма ўнукамі — усе яны таксама працуюць на добрых работах, маюць вышэйшую адукацыю, падарылі ёй двух праўнукаў.

Нягледзячы на тое, што мая суразмоўца пабудавала ў свой час кааператыўную кватэру ў Нясвіжы, і дзесьці 25 гадоў яны з мужам намінальна жылі ў горадзе, гэта сапраўды было толькі намінальна, бо сувязь з роднай вёскай не перарывалася: яна ці яе муж пастаянна прыязджалі да яе бацькоў, дапамагалі трымаць гаспадарку.

Калі не стала матулі, у 2000-м годзе Валянціна Аляксандраўна канчаткова вярнулася ў вёску, у бацькоўскі дом, пакінуўшы дачцэ з сям’ёй сваю трохпакаёвую кватэру.

— Бывала, — узгадвае мая суразмоўца, і не было як паехаць у вёску, бо чакалі тавар, які маглі прывезці на базу ў 12 ночы. То тады сюды ехаў муж. А я ўжо глядзела работу. Але пры першай магчымасці прыязджала і сама.

Так і ішло жыццё — у пастаянных клопатах і працы, у стараннях дапамагчы дзецям і ўнукам. Не была ўбаку і ад грамадскіх спраў — некалькі гадоў узначальвала пярвічную арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” Карцэвіцкага сельскага савета, які існаваў да 2013 года. І ўвесь гэты час у Валянціны Аляксандраўны быў пастаянны добры сябар — “раёнка”.

— Я пачала выпісваць нашу газету дзесьці з 25 гадоў, — гаворыць яна. — А зараз мне ідзе 81-ы. Добра помню яе як “Чырвоны сцяг”, пакуль яна не змяніла назву на “Нясвіжскія навіны”. Выпісваю і іншыя перыядычныя выданні, але свая газета — гэта, як кажуць, святое. Яна заўсёды была для мяне галоўнай крыніцай звестак пра тое, што адбываецца ў раёне. І не магу сказаць, што мне ў ёй больш цікава. Чытаю ўсё — ад першай старонкі да апошняй. Адно шкада, што зрок крыху падводзіць, але без газеты свайго жыцця не ўяўляю. Тым больш яна зараз стала такая прыгожая — з каляровымі фотаздымкамі, на добрай паперы. Прыемна ў рукі ўзяць.

Напрыканцы нашай гутаркі В.А. Пуляк паабяцала і надалей выпісваць нашу “раёнку”, чаму мы, вядома, вельмі рады, таму што стараемся рабіць газету для людзей і пра людзей, якія і ёсць галоўнае багацце нашай малой радзімы.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

тринадцать + 2 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика