Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Старонкі гісторыі. Курс на захад

Пост опубликован: 28.11.2025

Заканчэнне. Пачатак → Старонкі гісторыі. Курс на захад

У 5 гадзін 40 хвілін раніцы 17 верасня 1939 года войскі Беларускага і Украінскага франтоў перайшлі мяжу, устаноўленую ў 1921 годзе. Войскам Чырвонай Арміі забаранялася падвяргаць авіяцыйнай і артылерыйскай бамбардзіроўцы населеныя пункты і польскія войскі, якія не аказвалі супраціўлення. Асабістаму саставу тлумачылася, што войскі прыйшлі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну  “не як заваёўнікі, а як вызваліцелі ўкраінскіх і беларускіх братоў”, гаварылася “аб неабходнасці захавання належнага такту і ветлівасці ў адносінах да мясцовага насельніцтва”.

Асаблівая ўвага звярталася на неабходнасць аховы жыцця і маёмасці ўсіх украінскіх і беларускіх грамадзян, тактычных і лаяльных адносін да польскага насельніцтва, польскіх дзяржаўных служачых і ваеннаслужачых, якія не аказваюць узброенага супраціўлення. Польскім уцекачам з заходніх рэгіёнаў Польшчы давалася права рухацца бесперашкодна.

Выконваючы агульны міратворчы задум аперацыі, савецкія войскі імкнуліся пазбягаць узброенага сутыкнення з часткамі польскіх узброеных сіл. Савецкія ВПС не адкрывалі агонь па польскіх самалётах, калі тыя не вялі бамбамятання або абстрэлу наступаючых савецкіх войскаў. Вельмі мяккае стаўленне часцей Чырвонай Арміі да польскіх войскаў было звязана ў вялікай ступені з тым, што ў той час значная колькасць этнічных беларусаў і ўкраінцаў была прызвана ў польскую армію. Таму, калі польскія часці не аказвалі супраціўлення і добраахвотна складалі зброю, салдаты амаль адразу раскідваліся па дамах, а інтэрніраваліся толькі афіцэры.

Зразумела, што калі вялікія масы недружалюбных войскаў дзейнічаюць па сустрэчных кірунках, практычна непазбежнымі становяцца розныя непаразуменні і асобныя баі. Так, 17 верасня часці 21-га германскага армейскага корпуса на ўсход ад Беластока падвергліся бамбардзіраванню савецкай авіяцыяй і панеслі страты. У сваю чаргу, вечарам 18 верасня каля мястэчка Вішнявец (85 км ад Мінска) нямецкая бранятэхніка абстраляла размяшчэнне 6-й савецкай стралковай дывізіі, загінулі чацвёра чырвонаармейцаў.

Найбольш цяжкія баі разгортваліся пад Гродна. Страты Беларускага фронту склалі 316 чалавек забітымі і 642 параненымі.

Але ні СССР, ні Германія не былі зацікаўлены ў той час ва ўзброеным канфлікце, тым больш у вайне. Акрамя таго, рашучая ваенная дэманстрацыя, ажыццёўленая Чырвонай Арміяй, садзейнічала спыненню прасоўвання германскіх войскаў на ўсход.

У складзе польскай арміі сярод тых, хто ў ліку першых прыняў баявое хрышчэнне, былі і ўраджэнцы Нясвіжчыны. Іх лёс склаўся па-рознаму.

Урад Рэспублікі Беларусь прыраўняў удзельнікаў абарончай вайны Польшчы ў 1939 годзе ў сацыяльных ільготах да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Жыхары Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў верасні 1939 года сустрэлі часці Чырвонай Арміі з вялікім імпэтам: з чырвонымі сцягамі, плакатамі “Жыве СССР”, кветкамі і хлебам-соллю.
У Нясвіж вайсковыя часці Чырвонай Арміі ўступілі ў 4 гадзіны раніцы 17 верасня, у Сноў — а 10 гадзіне. 21 верасня ў Снове адбыўся шматлікі сход з удзелам жыхароў суседніх вёсак, на якім быў сфарміраваны народны орган улады — валасны Савет на чале з Сяргеем Якаўлевічам Курылам. Сакратаром стаў настаўнік Вячаслаў Сцяпанавіч Арань.

У першыя дні вызвалення было створана Часовае кіраванне г. Нясвіжам і Нясвіжскім паветам. Старшынёй быў абраны Мікалай Іванавіч Сіротка, Народную міліцыю (Чырвоную гвардыю) узначаліў Касічкін, начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў стаў Сурнін, старшым аператыўным упаўнаважаным — былы гарадзейскі падпольшчык К.П. Кудзін. Створаныя мясцовыя органы кіравання і сялянскія камітэты ўзялі на ўлік дзяржаўную маёмасць, пачалі падзел памешчыцкай зямлі.

24 верасня Часовае кіраванне прыняло пастанову, якая ўводзіла народны кантроль на ўсіх былых дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах, у гандлёвых установах, крамах і бальніцы. Грамадскія кантралёры сачылі, каб прадпрыемствы працавалі, каб працаўнікі Нясвіжа былі забяспечаны харчовымі прадуктамі і таварамі шырокага спажывання, каб гандляры не дапускалі павышэння цэн на тавары.

У Беласток і Брэст савецкія войскі ўвайшлі 22 верасня, выконваючы ўказанне перашко- дзіць вывазу з гэтых гарадоў немцамі “ваеннай здабычы”, — па-простаму, перашкодзіць разграбленню Беластока і Брэста. У першай палове дня перадавы атрад 6-га кавалерыйскага корпуса ўвайшоў у Беласток, каб абараніць яго ад немцаў. Вось як апісвае гэтыя падзеі камандзір кавалерыйскага атрада палкоўнік І.А. Пліеў (дарэчы, конна-механізаваная група генерала-лейтэнанта Пліева вызваляла Нясвіж у ліпені 1944 года): “Калі нашы казакі прыбылі ў горад, тысячы гараджан выйшлі на бязлюдныя дагэтуль вуліцы і выказвалі чырвонаармейцам павагу. Нямецкае камандаванне назірала ўсю гэтую карціну з непрыхаваным раздражненнем — кантраст з сустрэчай вермахта быў значны”.

Да 25 верасня ўся Заходняя Беларусь была занята Чырвонай Арміяй. Ужо 22 верасня генерал Гудэрыян і камбрыг Крывашэін на галоўнай вуліцы Брэста прынялі парад германскіх і савецкіх войскаў, затым савецкія войскі былі адведзены за Буг. 28 верасня ў Маскве быў падпісаны дагавор паміж СССР і Германіяй аб сяброўстве і межах, згодна з якім устанаўлівалася новая заходняя мяжа Савецкага Саюза па так званай “лініі Керзана”. Новая савецка-германская мяжа прайшла па лініі рэк Нарэў — Заходні Буг — г. Ярослаў — р. Сан. Да 5 — 9 кастрычніка ўсе часці савецкіх войскаў былі адведзены за лінію новай дзяржаўнай мяжы.

У кастрычніку 1939 года пры высокай палітычнай актыўнасці выбаршчыкаў адбыліся ўсеагульныя і свабодныя выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі (НСЗБ). Ад Нясвіжскага павета былі абраны Н.І. Сіротка (Часовае кіраванне), В.С. Арань (Сноўская выбарчая акруга), В.П. Гуль (Даматканавіцкая выбарчая акруга), Р.І. Сержант (Гавязнянская выбарчая акруга).
28 — 30 кастрычніка ў Беластоку адбылося пасяджэнне законна абранага Народнага Сходу, на якім было прынята 4 асноўныя дакументы: “Зварот з просьбай аб прыёме Заходняй Беларусі ў склад СССР”, “Аб устанаўленні савецкай улады”, “Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель”, “Аб нацыяналізацыі буйной прамысловасці і банкаў”.

Ужо 2 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет СССР пастанаўляў задаволіць просьбу Народнага Сходу і ўключыць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай ССР. 14 лістапада чарговая 3-я сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла пастанову “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” і прыняла рашэнне аб распрацоўцы комплексу мер па паскоранні сацыяльна-эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі. У той жа дзень Беларускі фронт быў пераўтвораны ў Заходнюю асаблівую ваенную акругу са штабам у Мінску.

Так завяршыўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі 1939 года, які стаў, па сутнасці, бліскучай міратворчай аперацыяй, якая не толькі карэнным чынам змяніла тагачасную палітычную карту Еўропы на карысць Савецкага Саюза, але і надала сучасныя абрысы (з некаторымі наступнымі пасляваеннымі зменамі) тэрыторыі Беларусі. У польскіх землях, якія адышлі ў 1939 годзе да рэйха, абсалютна ўся польская інтэлігенцыя была знішчана, адпраўлена ў канцлагеры або выселена. На іншых былых польскіх тэрыторыях, уключаных немцамі ў так званае генерал-губернатарства, пачалася “надзвычайная акцыя прымірэння”, у выніку якой адразу было знішчана некалькі дзясяткаў тысяч палякаў. З 1940 года германскія ўлады сталі заганяць былых польскіх грамадзян у лагеры смерці Асвенцым, Трэблінка і Майданэк. Амаль цалкам былі знішчаны польскія яўрэі — 3,5 млн чалавек, мэтанакіравана і бязлітасна знішчалася моладзь. Катэгарычна забаранялася навучанне палякаў у сярэдняй школе і ва ўніверсітэтах. Спробы масавага пераходу польскага насельніцтва на тэрыторыю Заходняй Беларусі жорстка спыняліся нямецкімі акупацыйнымі войскамі.

Зусім іншая карціна назіралася на землях, занятых Чырвонай Арміяй. Пасля завяршэння ваеннай стадыі аперацыі пачаліся палітычныя і сацыяльныя пераўтварэнні. У вельмі сціслыя тэрміны ствараецца сістэма часовых органаў рэвалюцыйна-дэмакратычнай улады. У верасні — кастрычніку 1939 года ў Заходняй Беларусі адкрылася значная колькасць новых школ, адукацыя ў якіх была пераведзена па выбары грамадзян на родную мову — беларускую, рускую, польскую. Бясплатная адукацыя рэзка пашырыла колькасць навучэнцаў за кошт дзяцей сялян і працоўных. Зноў адкрыліся бальніцы, амбулаторыі і медпункты, якія абслугоўвалі насельніцтва бясплатна. Адбываліся значныя перамены ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці і на нясвіжскай зямлі. 15 студзеня 1940 г. Нясвіжскі павет стаў Нясвіжскім раёнам Баранавіцкай вобласці, а былыя Клецкая, Сіняўская, Заастравецкая і Грыцэвіцкая гміны адышлі да Клецкага раёна, Гавязнянская — да Стаўбцоўскага. Крыху пазней Гарадзея стала гарадскім пасёлкам. Па стане на 12.10.1940 г. раён падзяляўся на гарадскі і 17 сельскіх Саветаў.

Ірына ЕФІШОВА.

На галоўнай выяве: (злева направа) Сяляне Заходняй Беларусі чытаюць газету “Праўда”, Сход грамадзян на вызваленых тэрыторыях, Вуліцы Гродна, кастрычнік 1939 г.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

четырнадцать + тринадцать =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика