Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Ад першай да апошняй старонкі

Пост опубликован: 12.12.2025

У жыцці нашай пастаяннай падпісчыцы Галіны Галабурды, як і ў многіх з нас, былі шчыльна сплецены радасці і нягоды,
працоўныя будні і святы. Узаемадзейнічаць з людзьмі гераіня гэтага аповеду пачала досыць рана: адразу пасля школы пайшла працаваць бібліятэкарам у Нялепаўскую сельскую бібліятэку. Тады гэта была яшчэ хата-чытальня (цяпер нават слова такое амаль не даводзіцца чуць), якая працавала да 23 гадзін. Ісці дадому даводзілася позна, але работу сваю дзяўчына шчыра палюбіла — і людзей, і кнігі. Затым выйшла замуж
за хлопца з суседніх Сваяціч Ляхавіцкага раёна і працягвала хадзіць на работу
з хаты мужа за шэсць кіламетраў пешшу
па палявой дарозе ў любое надвор’е.
Летам выручаў мапед. Вадзіцельскага пасведчання тады на яго не патрабавалася,
і Галіна Антонаўна, бывала, брала
з сабой і дваіх малых сыноў, з імі разам заязджала на хутар да бацькоў.

Ужо маючы сям’ю, дзякуючы падтрымцы мужа, мая суразмоўца скончыла завочна Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, увогуле заўсёды любіла знаходзіцца, як кажуць, на плыні жыцця: была сакратаром камсамольскай ячэйкі, дэпутатам сельскага Савета. 20 гадоў жыцця прысвяціла Нялепаўскай бібліятэцы, а калі ў Нясвіжы стварылася цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, яе перавялі ў Нясвіж, дзе яна адпрацавала яшчэ 20 гадоў бібліятэкарам-класіфікатарам у аддзеле камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі. Усяго яе працоўны стаж — 41 год да выхаду на заслужаны адпачынак і 30 — пасля яго на грамадскай рабоце.
Вельмі цёпла ўзгадвае Галіна Антонаўна свайго мужа Вітольда Антонавіча, які, на жаль, пайшоў з жыцця 10 гадоў таму. Ён валодаў рэдкім майстэрствам пячніка, рабіў і печы, і каміны, што ўвайшлі ў моду пасля печак. Але самае галоўнае — майстэрствам любіць людзей, і сваіх, і чужых. Толькі, як кажа Галіна Антонаўна, мусіць, нельга, каб чалавек не ведаў гора і толькі ўсміхаўся. У Казахстане, куды трэба было ехаць па размеркаванні пасля вучобы, трагічна загінуў у выніку няшчаснага выпадку яе малодшы сын Іван. Такія раны да канца не зажываюць, і зараз Галіна Антонаўна без слёз пра гэта не можа гаварыць.
Суцяшэннем бацькам застаўся старэйшы сын Вітольд. Яго сыны Іван і Раман і ўнукі Мікіта і Марк (для Галіны Антонаўны праўнукі) сталі дастойным працягам добрага роду.
Пасля выхаду на заслужаны апачынак гераіня гэтага аповеду стала працаваць на карысць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, узначаліўшы раённую арганізацыю ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.
— За 30 гадоў, — гаворыць яна, былі, вядома, складаныя моманты, але больш было добрага. Наша арганізацыя заўсёды знаходзілася на добрым рахунку. Мы развозілі гуманітарную дапамогу, арганізоўвалі розныя мерапрыемствы, ездзілі на экскурсіі. Людзі, бывала, гаварылі: “Мы за ўсё жыццё столькі не паездзілі, як з вамі, выйшаўшы на пенсію”.
Галіна Антонаўна таксама з удзячнасцю ўзгадала, што шмат цікавых мерапрыемстваў праводзілася сумесна з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у прыватнасці, з клубам “Альбом майго жыцця”. І гэта, напэўна, вельмі добра, таму што нездарма гаворыцца: “У адзінстве — наша сіла”. Галоўнае, каб знаходзіліся нераўнадушныя, адданыя сваёй справе лю- дзі, такія, як Г.А. Галабурда.
Пасаду старшыні РА ГА “БелТІ” яна пакінула 4 гады таму і зараз знаходзіцца дома, рыхтуецца сустрэць сваё 90-годдзе, але падзеямі грамадскага жыцця цікавіцца пастаянна. Першы памочнік ёй у гэтым — наша “раёнка”, якую Галіна Антонаўна чытае ад першай старонкі да апошняй, чэрпаючы адтуль шмат рознай інфармацыі пра жыццё раёна і краіны ў цэлым.
— Колькі буду жыць, буду выпісваць, — гаворыць наша адданая чытачка. Мы ёй вельмі ўдзячны за гэта і зробім усё магчымае, каб яе не расчараваць.
Соф’я ЛЮБАНEЦ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

двадцать + десять =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика