Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Сядзібы Астроўкі і Прасці: у пошуках страчанага

Пост опубликован: 12.12.2025

Астроўкі і Прасці — населеныя пункты ў маляўнічай мясцовас- ці на поўначы нашага раёна ў пойме ракі Ушы. Здаўна гэтая зямля славілася сваімі багатымі палямі і сакавітымі заліўнымі лугамі, якія былі выдатнымі пашамі. Шматлікія раўчукі, што бягуць тут ва Ушу з боку ад правага берага, здаўна давалі магчымасць ладзіць тут сажалкі для рыбы, а гаці выкарыстоўваць у якасці млыноў. Але Астроўкі назвалі так зусім не з-за такога вадзянога багацця. Астроўкамі называлася традыцыйная беларуская прылада для сушкі сена пад адкрытым небам. А сена на тутэйшых заліўных лугах заўсёды было ў дастатку! Прасці — гэта, на самай справе, таксама Астроўкі. Калісьці гэтая вёска называлася Прастыя Астроўкі, паколькі яна стаяла на роўнай і прамой дарозе, у адрозненне ад другіх Астровак, якія размяшчаліся на звілістым беразе ручая — прытоку Ушы. З цягам часу пад уздзеяннем мясцовай гаворкі назва сказілася і скарацілася да «Прасці».
Валодаць гэтымі шчодрымі землямі хацелі б многія прадстаўнікі шляхты Вялікага княства Літоўскага. Але ўдалося гэта зрабіць толькі аднаму роду Пратасевічаў, якія валодалі Астроўкамі доўгія стагоддзі, пачынаючы з XVI. Род Пратасевічаў не надта вядомы ў сучаснай Беларусі. Між тым, гэта наш карэнны шляхецкі род, які адыгрываў у свой час значную ролю ў дзяржаўных справах старой Літвы і даў ёй мноства выдатных прадстаўнікоў. Сярод уладальнікаў Астровак у XVIІ стагоддзі можна адзначыць Ежы Пратасевіча, сына паэта Яна Пратасевіча. Ён стаў палкоўнікам літоўскага войска і абараняў краіну ў цяжкія часы войн XVIІ стагоддзя.

Францішак Пратасевіч.
Партрэт невядомага мастака, канец XVII стагоддзя

Капліца ў Прасцях. Сучасны выгляд

Пратасевічы, Булгакі, Дамейка і ўсе іх госці з навакольнай шляхты таксама часта бывалі і на богаслужэнні ў царкве Нараджэння Багародзіцы ў Астроўках. У храме спакойна сустракаліся і аматары грэчаскага абраду, і тыя, хто звычайна наведваў рымскі касцёл, паны-землеўладальнікі і іх прыгонныя сяляне. У канцы 1820-х гадоў паўстала пытанне аб будаўніцтве новага царкоўнага будынка, што пры непасрэдным фінансаванні Пратасевічаў і было зроблена.
Новы храм быў збудаваны ў традыцыйным для нашага краю архітэктурным стылі драўляных уніяцкіх цэркваў: асноўны прамавугольны аб’ём з паўкруглай пяціграннай апсідай у алтары і дзве рызніцы па баках. Работы па ўзвя- дзенні новага касцёла былі закончаны ў 1834 годзе. Верагодна, што асвячаць яго мог сам мітрапаліт Язафат Булгак. Аднак ужо праз 5 гадоў уніяцкая канфесія ў Расійскай імперыі была ліквідавана і разам з усімі храмамі далучана да праваслаўнай. Будаўніцтва новых каталіцкіх храмаў было забаронена, акрамя невялікіх прыватных капліц-усыпніц. Гэтым шанцам і вырашылі скарыстацца Пратасевічы, тым больш, што да таго яны выкарыстоўвалі для пахавання могілкі каля царквы ў Астроўках, якая стала цяпер праваслаўнай. Недалёка ад сядзібы ў Прасцях была закладзена новая капліца ў стылі класіцызму з элементамі готыкі з вялікім склепам у падземным узроўні. Курыраваў будаўніцтва Міхал Пратасевіч, які быў пахаваны тут у 1860 годзе.
У другой палове ХІХ стагоддзя сядзібы ў Прасцях і Астроўках дасягнулі свайго росквіту. У Прасцях у той час гаспадаром быў Маўрыцый Міхайлавіч Пратасевіч. Па ўспамінах славутага фатографа з Навагрудчыны Яна Булгака, які неаднаразова бываў у Прасцях, ён быў жанаты на сястры вядомага ў той час віленскага банкіра Юзэфа Монтвіла Казіміры. Вядомай асобай у доме Пратасевічаў была ўдава Міхала Францішка Пратасевіч з Пуслоўскіх, якую паважна называлі «пані харунжая». Апроч гэтага яна была яшчэ і пляменніцай знакамітага прамыслоўцы, будаўніка Косаўскага замка, графа Войцеха Пуслоўскага. Святкаванне яе дня нараджэння ў Прасцях заўсёды было ўрачыстым. Госці заяз-джалі ў сядзібу з праезнай дарогі па невялікай, прыкладна 100 метраў, уязной ясяневай алеі.
Па правы бок алеі размяшчаўся сядзібны парк, у якім раслі ўсё тыя ж ясені, ліпы, клёны і серабрыстыя таполі. Алея прыво- дзіла да аднапавярховага галоўнага сядзібнага дома, пабудаванага з цэглы на высокім цокалі, магчыма, яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя. Як адзначаў той жа Ян Булгак, дом не вызначаўся асаблівасцямі знешняй архітэктуры, аднак унутры быў раскошна абстаўлены і аздоблены, а па яго нацёртым воскам паркеце хадзілі шматлікія слугі ў прыбраных ліўрэях. Апроч сядзібнага дома на двары вылучаўся вялікі флігель, у якім пасля гэтых пампезных прыёмаў заставаліся начаваць госці. Гаспадарчая частка двара з рознымі пабудовамі, якіх было больш за дзясятак, размяшчалася злева ад уезду ў сядзібу. А за дваром бліжэй да ракі Ушы была водная сістэма з некалькіх маляўнічых сажалак, абсаджаных серабрыстымі вербамі, на якіх стаяў вадзяны млын.

Сядзібны дом Пратасевічаў у Прасцях. 1954 год

Від на царкву Нараджэння Багародзіцы ў Астроўках. 1916 год

У сядзібе Астроўкі ў гэты ж час гаспадаром быў Стэфан Булгак. Чалавек вельмі самаўпэўнены і ўпарты. Яго драўляны сядзібны дом у Астроўках, якім ён валодаў сумесна з братамі Эдвардам і Яўстахіем, стаяў блізка да дарогі, а таму не меў асобнай пад’язной алеі. Справа ад дома знаходзіўся гаспадарчы двор, а злева быў невялікі парк з прагулачнымі алеямі. Ёсць звесткі, што за паркам былі ўладкованыя радавыя могілкі. Нават Ян Булгак зазначае, што Стэфан меў «цвёрдую панскую руку» і «не цырымоніўся з сялянамі». А самі сяляне прама казалі, што ён іх біў. Па якім, праўда, праве невядома, бо ўсе яны пасля 1861 года лічыліся ўжо вольнымі людзьмі. За гэта аднойчы сяляне таемна падпалілі поўны збожжам свіран Стэфана Булгака ў адным з суседніх з Астроўкамі фальваркаў. Ян Булгак успамінае, што пасля гэтага самаўпэўненасць і пыл Стэфана зніклі, ён быў у роспачы і доўга горка плакаў. Сярод жыхароў Астровак пра Стэфана Булгака засталася маляўнічая і ўражальная легенда, быццам бы на Радаўніцу яго прывід ходзіць па зямлі ў асяроддзі пякельнага полымя і крычыць.
Як бы не быў багаты Маўрыцый Пратасевіч, а дзяцей са сваёй жонкай за жыццё ён так, мяркуючы па ўсім, і не набыў. Таму ў пачатку ХХ стагоддзя сядзіба ў Прасцях перайшла да прадстаўнікоў іншай галіны роду. Ігнат Пратасевіч і яго тры сястры Зянона, Міхаліна і Станіслава валодалі вялікім маёнткам Мялешкавічы пад мястэчкам Чашнікі. Аднак жылі пераважна ў Мінску. Тут іх бацька Зянон Пратасевіч засядаў у дваранскім схо-дзе. Каля 1910 года, пасля смерці Маўрыцыя Пратасевіча, яго ўдава Казіміра вырашыла пераехаць у бацькоўскія ўладанні ў Літве, а ся- дзібу ў Прасцях прадала менавіта Ігнату. Але лёс распарадзіўся такім чынам, што ён пабыў уладальнікам сядзібы зусім нядоўга. У 1915 го- дзе ва ўзросце ўсяго 42 гадоў Ігнат Пратасевіч памёр.
Прасці, вядома ж, без гаспадара не засталіся, бо ў шматлікага роду Пратасевічаў заставаліся прадстаўнікі і ў Заходняй Беларусі. У міжваенны час ХХ стагоддзя ўладальніцай сядзібы была Аляксандра Пратасевіч, якая, як і ўсе землеўладальнікі, пакінула свой дом у 1939 годзе.
Памяць аб былым багацці ся- дзібы ў Прасцях прывяла мясцовых жыхароў да вельмі дзіўных высноў. Яны чамусьці вырашылі, што Пратасевічы забіралі грошы і каштоўнасці з сабой у труны, якія стаялі ў фамільнай капліцы магільнага склепа. Тое, што большасць грошай нават заможнага Маўрыцыя Пратасевіча ляжала на рахунках Віленскага зямельнага банка, нікому не было вядома. Таму капліца была разгромлена.
Але ўсё ж капліцы ўдалося датрымацца да нашых дзён. Сёння гэта нават не капліца, а невялікі касцёл, асвечаны ў гонар святога Станіслава. Засыпаныя скляпы Пратасевічаў былі акуратна раскапаны і адноўлены, а ўсе захаваныя і знойдзеныя астанкі зноў пахаваны ў трунах. Таксама падчас раскопак была знойдзена частка надмагільных металічных табліц і нават каменныя помнікі, якія раней стаялі побач на могілках, але былі скінуты ў агульную яму. На жаль, большасць некалі былых тут надмагілляў так не былі знойдзеныя…
А ў сядзібе ў Астроўках у пачатку ХХ стагоддзя ўсё ішло сваёй чаргой. Пасля Стэфана Булгака ў спадчыну ўступіў яго сын, таксама Стэфан. Пасля ўз’яднання Усходняй і заходняй Беларусі сядзібны дом Булгакаў аддалі пад пачатковую школу, якая існавала ў вёсцы яшчэ і за польскім часам. Да гэтага школа размяшчалася побач з астроўскай царквой у будынку былога царкоўна-прыходскага вучылішча, створанага ў вёсцы яшчэ ў 1889 годзе. Падчас Другой сусветнай вайны былая ся- дзіба згарэла. Дзіўна, але царква, якая знаходзілася літаральна праз дарогу ад сядзібы, у час вайны не пацярпела. Толькі шалёны снарад крыху пашкодзіў адну са сцен храма. Больш за тое, фармальна яе нават не сталі зачыняць і разбураць у савецкія часы. Праўда, богаслужэнні ў ёй праводзіліся толькі эпізадычна, а прылеглыя могілкі былі моцна запушчаны. Сёння ў царкве праводзяцца рэгулярныя службы, а сама яна была асвечана ўжо ў гонар святога Георгія. Згарэлую школу ў Астроўках пасля вайны перавялі ў іншы былы сядзібны дом — цяпер ужо ў Прасцях. Навучальная ўстанова знаходзілася там 20 гадоў, пакуль у 1965 годзе не быў пабудаваны новы цагляны будынак школы. Стары сядзібны дом пры гэтым падлягаў поўнаму зносу.
Ірына ЕФІШОВА.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

10 − 5 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика