У мастацкай галерэі “МАРА” адкрылася выстава мастачкі Вольгі Рэднікінай “Святло і Цені”. Аўтар шмат часу прысвячае творчасці і паралельна выкладае ў Мінскай гімназіі-каледжы мастацтваў.
Яе новая экспазіцыя вельмі нечаканая і арыгінальная, таму што ўяўляе сабой збор не карцін у нашым звыклым уяўленні, а прадметаў інтэр’еру з металу і шкла, а таксама выкананых у тэхніцы валяння воўны і іншых, месцамі вельмі нечаканых, тэхніках.
Вольга Рэднікіна — карэнная мінчанка, якая нарадзілася ў сям’і, дзе не было мастакоў, але ў бацькоў было шмат сяброў-мастакоў, якія прыходзілі ў госці і прыносілі разам з сабой непаўторную творчую атмасферу.
— Кожнае дзіця — творца, — падзялілася яна сваім меркаваннем у нашай гутарцы. — І я таксама ў дзяцінстве вельмі любіла маляваць. Яскрава помніцца, як аднойчы да нас прыйшоў у госці вядомы беларускі мастак Анатоль Бараноўскі, а я, у той час яшчэ дашкольніца, якраз малявала акварэллю, імкнучыся перадаць на паперы свае ўражанні ад мультфільма, які мне вельмі спадабаўся. Ён папытаўся, што я малюю, выслухаў адказ і заявіў: “Гэта дзіця дакладна будзе мастаком!”
Словы госця аказаліся прарочымі. І хаця пакуль будучая мастачка вучылася ў школе, захапленне творчасцю, як яна ўзгадвае, крыху адышло на другі план, але ў старэйшых класах прыродныя схільнасці сталі браць верх і яна зноў пачала больш маляваць.
Паколькі бацькі ў мастацкую школу дачку так і не аддалі, яна адчувала, што ёй не хапае базавых ведаў і сама пайшла ў студыю выяўленчага мастацтва, пачала працаваць самастойна. З першага разу паступіць у акадэмію мастацтваў усё ж такі не ўдалося — не хапіла падрыхтоўкі, але праз два гады Вольга ўсё ж здзейсніла сваю мару і стала студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў аддзялення “мастацкі тэкстыль”.
На яе выбар спецыяльнасці паўплывала беларуская мастачка Нэла Валынец, муж якой, Вячаслаў працаваў у графіцы, а Нэла займалася якраз тэкстылем. Яна адчула ў маладой дзяўчыне добры патэнцыял у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і не памылілася — Вольгу захапіла ткацтва і яна вырашыла паступаць на кафедру касцюма і тэкстылю.
— Я рабіла тое, што мне падабалася, — гаворыць мая суразмоўца, узгадваючы студэнцкія гады. — І цяпер працягваю гэтым займацца. Я лічу дэкаратыўна-прыкладное мастацтва выдатным сродкам самавыяўлення. Працую з тым матэрыялам, праз які мне лепш праявіць ідэю, якую я хачу выразіць. Зараз межы паміж жанрамі мастацтва размытыя, адзін можа пранікаць у другі, і мне здаецца, што гэта добра. У некаторых сваіх творах я магу спалучаць жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і гэта здаецца мне вельмі цікавым. Увогуле зараз з’яўляюцца ўсё новыя матэрыялы, новыя інструменты, што дазваляе паказаць тваю ідэю з абсалютна нечаканага боку. Якраз ідэя твора часта падштурхоўвае да выбару матэрыялу, якім ён будзе зроблены.
Напрыклад, апошняя сэрыя яе работ — гэта шкло і метал, што мы і бачым на выставе. З іх дапамогай мастачка ломіць стэрэатыпы, прапануючы новае бачанне традыцыйных ручнікоў, даматканых посцілак, спрабуючы абнавіць іх прачытанне, надаць ім сучаснае гучанне.
Вельмі нечакана Вольгай Рэднікінай прадстаўлены і жанр партрэта. Так, у экспазіцыі ёсць два партрэты, якія выкананы клеем на сетцы. Яны кантрастуюць з белай сцяной, завісаюць у паветры і глядзяцца чорнай аб’ёмнай графікай.
Амаль усе яе работы дзівяць нечаканымі эфектамі, здзіўляюць і зацікаўліваюць. Напрыклад, серыя “Дарожныя нататкі” перадае ўражанні вандроўніка, які сядзіць ля акна цягніка і назірае, як праносяцца міма пейзажы, што выцягваюцца ў доўгія рознакаляровыя радкі.
Уменне ўлавіць мастацкую выяву ў штодзённасці і ўвасобіць яе ў матэрыяле, прычым не ў тым, што традыцыйна выкарыстоўваецца, а ў любым падручным — гэта яскравая адметнасць таленту мастака Вольгі Рэднікінай.
Што да ўлюбёных матэрыялаў самой Вольгі, то яна называе сябе фанатам габелену і вельмі любіць валянне воўны, таксама падабаецца ёй і роспіс тканіны.
На пытанне, як яна ставіцца да той тэорыі, што ткач заплятае ў свой выраб свае пачуцці, думкі і нібыта часцінку самога сябе, мая суразмоўца адказала, што гэта, безумоўна, так.
— Калі я гляджу на карціну ці на іншы твор мастацтва, я адчуваю, з якім настроем аўтар яго ствараў, — сказала яна. — Таму творца павінен мець кантроль над сабой, каб “заплятаць” у свой твор пазітыўныя эмоцыі, таму што менавіта яны ўпрыгожваюць наша жыццё, робяць яго больш светлым.
Аб тым, што “заплецена” ў творы Вольгі Рэднікінай, можна расказваць вельмі доўга, але лепш за ўсё ўбачыць гэта на свае вочы.
Выстава “Святло і Цені” будзе дзейнічаць у галерэі “МАРА” па 21 студзеня наступнага года. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.









