Уявіце сабе акуратны двухпавярховы будынак, вакол якога летам зелянее трава, растуць прыгожыя яркія кветкі, у глыбіні двара размясцілася ўтульная альтанка. Сюды ў цёплыя дні выходзяць пажылыя людзі, каб падыхаць свежым паветрам, палюбавацца на прыродную прыгажосць, нешта падумаць, успомніць сваю маладосць…
Жыхары гэтага дома прыехалі з розных населеных пунктаў, у асноўным, з нашага раёна. Аб’яднала іх пражыванне пад адным дахам, які носіць афіцыйную назву “Аддзяленне забеспячэння кругласутачнага знаходжання пажылых і інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Лёс звёў сюды 30 чалавек, у асноўным, адзінокіх або тых, у каго дзеці далёка ці яшчэ працуюць і проста не маюць магчымасці наглядаць за сваімі блізкімі.

А як жывецца тут людзям розных узростаў і характараў? Расказвае загадчыца аддзялення Святлана Верамейчык:
— Наш калектыў у складзе 18 чалавек стараецца забяспечыць ім добрыя ўмовы жыцця, адпачынку і харчавання. Людзі плацяць за сваё пражыванне і мы не павінны іх падвесці ці абысці ўвагай. Пакоі абсталяваны камфортна: у кожным па 2-3 чалавекі, ёсць ракавіны для мыцця рук, сталы і крэслы. На калідоры — вялікі тэлевізар, маем невялікую бібліятэку, працуюць душ і пральня. У штаце ёсць медсястра, пры неабходнасці прыязджае ўрач з Лявонавіцкай амбулаторыі. Каму трэба пастрыгчыся, гэты абавязак выконвае малодшая медсястра Святлана Шавель. Жадаючым паласавацца марожаным ці яшчэ якімі прысмакамі нашы супрацоўнікі купяць іх у магазіне. Словам, праяўляем клопат пра пажылых людзей, бо гэта наш абавязак. Да таго ж, многія ўдзячны нам, значыць, іх радуе жыццё ў нас.
Дарэчы, сапраўды, людзі, што знаходзяцца ў гэтым асяродку цеплыні і ўвагі, задаволеныя. У прыватнасці, мая былая суседка Ганна Міхайлаўна Сланімская:
— Я вельмі рада, што трапіла сюды. Такія добрыя людзі тут працуюць, яны ўважлівыя, заўсёды тактоўныя, дапамогуць і ў некаторых незвычайных сітуацыях падбадзёраць. Мы проста любім іх усіх.
Падобнай думкі прытрымліваюцца Л.Ф. Усовіч, А.А. Шавель, Т.І. Ігнатовіч ды іншыя. А яшчэ пажылым спадабаліся наведванні валанцёра Т.М. Жураўскай, якая праводзіць з імі заняткі па развіцці маторыкі рук, лячэбнай фізкультуры, практыкаванні для прафілактыкі дэменцыі. Рэгулярна прыязджае псіхолаг Т.В. Чарнабай, якая аказвае неабходную дапамогу людзям розных узростаў, садзейнічае ў адаптацыі навічкам. А каб людзям было весялей, да іх прыязджаюць калектывы мастацкай самадзейнасці з канцэртамі. Там выступалі хор ветэранаў працы “Аптымісты”, вучні Салтанаўшчынскай СШ, вакальны ансамбль “Рабіначка” РТЦСАН, іншыя артысты. На святы сюды наведваюцца прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій: парафіяне касцёла Божага цела, прыхаджане Свята-Георгіеўскага храма і царквы Узнясення Гасподня горада Нясвіжа. Яны прывозяць пірагі і велікодныя яйкі, розныя падарункі. У аддзяленні ёсць свая сталовая, для тых, каму цяжка спусціцца з другога паверха ці потым падняцца на яго, дзейнічае спецыяльны пад’ёмнік. Справіцца з ім дапамагаюць медсёстры.

Як адзначыла Святлана Віктараўна, работа аддзялення ідзе пазменна, у асноўным з 8 да 20 гадзін. Ноччу дзяжураць два чалавекі, ёсць вартаўнік. Добрасумленна выконваюць свае абавязкі А.В. Мірончык, Г.П. Салодкая і яе дачка В.С. Шыла, С.І. Шавель, іншыя людзі. А яшчэ загадчыца аддзялення выказала падзяку спонсарам — дырэкцыі ЗАТ “1 Мая”, ААТ “Сейлавічы” за набыццё ралетаў і крэслаў, школьнікам Салтанаўшчынскай СШ — за прыгожыя сувеніры.
Жыць у доме, дзе цёпла і ўтульна, для тых, каго лёс звёў пад адным дахам, — значыць, атрымліваць часцінкі дабрыні і аптымізму, веру ў лепшае.
Раіса ХВІР, г. Нясвіж.



