Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Надзеі і расчараванні, або Як перастаць засмучацца

Пост опубликован: 05.01.2026

Неяк у перадапошнюю нядзелю вясны, вяртаючыся з каман-дзіроўкі, сустракаю ў аўтобусе былую калегу. Яна скардзіцца на надвор’е, а я ўспамінаю сёлятняе 8 сакавіка, якое мы з мужам правялі на дачы. І цяпло, нібы ў маі.

— Як цудоўна ўсё пачыналася! — заўважаю сваёй суразмоўцы.

На што яна адказвае:

— Як і ў жыцці.

Сапраўды, вясна жыцця дорыць надзею на ўсё самае лепшае, а ці стане надзея рэальнасцю? Як навучыцца быць шчаслівым і не засмучацца з-за дробязей, а калі і вялікіх расчаранняў, якія невядома для чаго кожнаму без выключэння пасылае жыццё. Не адразу прыходзіць разуменне глыбокага сэнсу жыццёвай мудрасці: “Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло”. Менавіта над гэтымі пытаннямі падчас чарговай сустрэчы ў рамках сумеснага праекта “Узыходжанне” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы, разважалі клірык храма Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы іерэй Павел Фокін, загадчык Нясвіжскай жаночай кансультацыі Юлія Марчук, выкладчык Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Алена Козіч і яе навучэнцы-першакурснікі.

Айцец Павел прывёў да прыкладу Гарвардскае даследаванне развіцця дарослых людзей, якое пачалося яшчэ ў 1938 годзе і працягвалася да 2014. Асноўная мэта даследчыкаў заключалася ў тым, як знайсці сакрэты шчасця. Аказалася, што “лепшыя ў свеце рэчы не залежаць напрамую ад фінансавага становішча: гэта любоў, душэўная цеплыня і добрыя адносіны паміж людзьмі”.

Святар адзначыў, што чалавек найлепш сябе адчувае ў сям’і:

— Людзі, якія на працягу свайго жыцця з кімсьці склалі свае моцныя адносіны, — шчаслівыя, у іх усё добра. І шчаслівыя яны таму, што сталі мамай, татам, бабуляй, дзядулем, а каму асабліва пашчасціла, то прабабуляй і прадзядулем. Калі ты адзін, то стан твайго арганізма знаходзіцца ў такім стрэсе, шкода ад якога прыроўніваецца да выкуранай паловы пачкі цыгарэт. Людзі, каму пашанцавала сустрэць старасць у пары, даўжэй жывуць, бо яны ацаляюць адзін аднаго. У адзінокіх стрэс не знікае. Стрэс з’яўляецца прычынай усіх хваробаў.

Святар звярнуў увагу і на тое, што шчасце чалавека напрамую залежыць і ад стану здароўя, а таму трэба весці здаровы і актыўны лад жыцця, пазбягаць шкодных звычак, не ігнараваць прафілактычныя агляды.

— Калі вам сумна, не забывайце, што ўнутры вас цэлы космас, асабліва гэта датычыцца дзяўчат, хлопцаў таксама. Шчасце — яно побач. Яно залежыць ад нас. Ад таго, як мы пабудуем адносіны. І самыя лепшыя адносіны — гэта сямейныя. Таму што адзінота забівае. І калі ў вашы семдзесят побач з вамі будзе хоць адзін чалавек, значыць, вы зрабілі ўсё правільна. Гэта вялікая праца. Сямейнае жыццё — гэта яшчэ і пакутніцтва. Калі трэба не толькі любіць, але і цярпець. Адкладваць жадаемае на калі-небудзь, а займацца неабходным. Але ў канцы жыцця ў цябе ёсць “плюшкі”, якія ніколі не зведае адзінокі чалавек. Толькі адносіны ў сям’і павінны быць якаснымі.

Юлія Віктараўна нагадала яшчэ і пра адну нагоду для радасці:

— Гэта шчасце мацярынства. Толькі ў свой час, не тады, калі нам пятнаццаць. Трэба быць шчаслівым ў патрэбны момант. Гэта самае галоўнае. У маладосці свае забавы. Хочацца ўсё паспрабаваць, нават самае забароненае. Напрыклад, да шаснаццаці гадоў нельга жыць палавым жыццём. І гэта кантралюецца законам. Таму што ёсць моманты, калі над падлеткамі здзяйсняецца сексуальнае насілле. За мінулы год адзначана трынаццаць такіх выпадкаў па ўсёй Беларусі.

І яшчэ адно папярэджванне: не трэба гнацца за раскошай. Памятайце, што тыя сем’і, якія створаны на аснове матэрыяльных даброт, жывуць не ў каханні, а ў карыслівасці. Бацькі не даюць дзецям любові, пяшчоты, адчування падтрымкі. Пасля гэтыя дзеці не змогуць нешта перадаць сваім малечам, таму што яны тое не атрымалі самі. Гэта недалюбленыя людзі.
Айцец Павел дадаў:

— Ведаеце, аб чым шкадуе большасць? Аб тым, што шмат працавалі і не ўдзялялі час сваім дзецям. А дзеці так хутка растуць…

Святар адзначыў, што жыццё чалавека пачынаецца тады, калі злучаюцца дзве клеткі. Юлія Віктараўна паказала відэасюжэт, як развіваецца дзіця ва ўлонні маці і патлумачыла:

— З першай хвіліны гэта ўжо не згустак матэрыі, а чалавек. І гэты чалавек павінен пабачыць свет. Ёсць такая з’ява, як аборт, якая, перакрэслівае новае жыццё, нічога, акрамя засмучэння, не прыносячы ні самой жанчыне, ні ўсёй сям’і. Людзі павінны разумець, да чаго яны ідуць і чаго трэба баяцца.

У працілегласць — радасць ад з’яўлення ў свет дзіцяці.

— У свяшчэнным пісанні ёсць такія словы: “Грэх юнацтва майго не спамяні”. Таму што ў юнацтве мы здзяйсняем самыя страшныя памылкі, — зноў уступіў у размову айцец Павел, — а пасля людзі плачуць на споведзі. Але нічога ўжо не вернеш.

Мы чакаем ад жыцця ўсяго самага найлепшага: у асабістых справах, прафесійным росце, пара- зуменні з блізкімі. Але не заўсёды адбываецца так, як нам хочацца. Не ва ўсіх атрымліваецца стварыць сям’ю. І колькі створаных сем’яў разбураецца з-за недарэчнасці.

Неяк госць бібліятэкі — паэт, музыкант, філосаф манах Іаан (у свеце Алег Бембель) прывёў да прыкладу словы Рыгора Нісскага: “Гасподзь пасылае кожнаму і меру горычы, і меру асалоды не больш не менш, а роўна столькі, колькі патрэбна чалавеку для ўратавання яго душы”. І калі Гасподзь папускае ў нашым жыцці нейкія выпрабаванні, то гэта для чаго-небудзь трэба.

Мне здаецца, што калі юныя ўдзельнікі сумеснага праекта прымуць пад увагу прамоўленае айцом Паўлам, Юліяй Віктараўнай, іх педагогам, адчуюць неабходнасць малітвы, знойдуць дарогу да храма, нагод для засмучэння ў іх жыцці стане меней.

А “плюшкі”, якія святар абяцаў самым цярплівым, былі і на сустрэчы. Самай актыўнай у абмеркаванні сярод навучэнцаў аказалася Кацярына Галушко. Яна і атрымала сертыфікат кафэ “Піца-Паста” ў Нясвіжы. Чым не нагода для радасці? Пакуль што маленькай. Але ёсць шансы дачакаца і вялікай. Усім. Без выключэнняў.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Узыходжанне”.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика