Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

“Сямейны дуэт” Івана і Ганны Семілетавых

Пост опубликован: 06.01.2026

У мастацкай галерэі “МАРА” адкрылася выстава “Сямейны дуэт”, якая аб’яднала ў сабе творы двух мастакоў — Івана і Ганны Семілетавых. Яны уяўляюць сабой трэцяе пакаленне вядомай у выяўленчым мастацтве Беларусі дынастыі, родапачынальнікам якой быў адзін з выдатных жывапісцаў савецкай эпохі Аляксандр Семілетаў, сын якога, Барыс стаў мастаком найшырэйшага творчага дыяпазону.

Івану, унуку Аляксандра Семілетава, пашчасціла стаць прамым спадчыннікам двух знакамітых прозвішчаў: ён нарадзіўся ў сям’і Барыса Семілетава і Ларысы Мележ, дачкі класіка беларускай літаратуры, пісьменніка Івана Мележа, таленавітай мастачкі, якая паспяхова працуе ў жывапісе, графіцы і кніжнай ілюстрацыі.

— Я рос у творчым асяроддзі, — гаворыць пра сябе Іван Барысавіч. — Маё дзяцінства прайшло ў кватэры, дзе жыў Іван Мележ. Я сядзеў у яго крэсле, карыстаўся яго настольнай лямпай і маляваў за яго сталом свае дзіцячыя малюнкі. У бацькоў было шмат сяброў-мастакоў, і мне назаўсёды запала ў душу тая стваральная атмасфера, якая панавала ў студыі Уладзіміра Зінкевіча, добра помніцца Іван Кліменка і іншыя выдатныя мастакі. Адзначу, што бацькі не імкнуліся зрабіць з мяне прафесійнага мастака, яны проста заахвочвалі мяне да творчасці.

“Сямейны дуэт” Івана і Ганны Семілетавых

Іван Семілетаў. “Ва ўсе крылы”.

Іван Семілетаў таксама ўзгадаў, што ў дзяцінстве яго аддавалі на плаванне, каб ён умацаваў сваё здароўе, займаўся ён і іншымі відамі спорта, але з усяго, што прапаноўвалі яму бацькі, самым цікавым для яго засталося маляванне.

— Было ў мяне і захапленне радыёэлектронікай, — адзначыў ён у нашай гутарцы, — я нават адзін час збіраўся паступаць у РТІ, аднак усё ж такі зразумеў, што работа з дакладнымі навукамі не дазволіць мне шмат часу ўздзяляць творчасці і перадумаў.

“Сямейны дуэт” Івана і Ганны Семілетавых

Іван Семілетаў. “Фаер-шоу”.

У выніку мой суразмоўца атрымаў прафесійную адукацыю ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка, а затым стаў студэнтам Беларускай акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 2004 г. па спецыяльнасці “мастацкае мадэліраванне вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці”, першапачаткова займаўся габеленам.

— Многія мае карціны зроблены ў стылістыцы габелена, — дзеліцца творчымі сакрэтамі Іван Семілетаў. — Напрыклад, спакойна можна зрабіць габеленам “Жыхароў зялёнага горада”.
Аб’яднаўшы ў сваёй дзейнасці ўсё тое, чым займаюцца бацькі, ён не стаў падобным ні на аднаго са сваіх папярэднікаў, сфарміраваў уласны індывідуальны почырк, стварыў арыгінальны свет фантастычных вобразаў і сітуацый.

— Маё мастацтва фігуратыўнае, — кажа сам мастак пра свой стыль. — У кожнай карціне ёсць нейкая канкрэтыка або персанаж. Гэта можа быць і дрэва, і чалавек. Яны стылізаваныя, пэўным чынам дызайнерскі перапрацаваныя, але гэта ўсё роўна не з’яўляецца абстракцыянізмам у чыстым выглядзе. Рэалізмам гэта таксама не назавеш. Хтосьці называе гэта фантастычным рэалізмам, хтосьці яшчэ неяк, а для мяне гэта сінтэз, які я проста называю сучасным мастацтвам.

“Уключаючы ў гледача асацыятыўнае мысленне і культурную памяць, работы Івана Семілетава мякка уцягваюць яго ў творчы сусвет мастака, у якім рэальнасць і фантазія дазваляюць вызваліцца ад прыгнёту стэрэатыпных уяўленняў аб свеце і вярнуцца да жывога і непасрэднага погляду на рэчы і з’явы”, — так трапна ахарактарызавала творчасць гэтага аўтара мастацтвазнаўца Ларыса Бортнік.

Сам жа мастак на пытанне, што для яго творчасць, адказвае так:

— Творчасць — гэта лад жыцця. Гэта спосаб камунікацыі з людзьмі, гэта поле рашэння задач, якія ставіць перад сабой творца. Калі мастак стварае карціну, ён гэтай карцінай задае пэўнае пытанне, на якое сам адказвае. Адным словам, я адлюстроўваю навакольны свет, але па-свойму — праз свае ўражанні успаміны, сны, фантазіі, стаўленне да пэўных рэчаў.

А яшчэ Іван Семілетаў адзначыў, што яму вельмі падабаецца падыход да творчасці Пабла Пікасо, які не ствараў усё жыццё адно і тое ж, які пастаянна змяняўся.

— Мастак жывы, пакуль ён змяняецца, — упэўнены Іван Барысавіч.

З 2007 года ён уваходзіць у Міжнароднае аб’яднанне мастакоў “Сонечны квадрат” (г. Масква). У складзе Саюза мастакоў Беларусі з 2008 года.

Іван Семілетаў — удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаў. Яго творы знаходзяцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Музеі сучаснага мастацтва ў Джэрсі-Сіці (ЗША), у прыватных калекцыях ЗША, Партугаліі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Сірыі, Расіі і многіх іншых краін.

Жонка Івана Семілетава Ганна — таксама мінчанка, якая атрымала прафесійную адукацыю ў Мінскім каледжы мастацтваў і затым — у Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Стаўшы жонкай Івана, яна ўвайшла ў сям’ю Семілетавых са сваім арыгінальным бачаннем свету і тонкім інтуітыўным успрыманнем навакольнага асяроддзя.

Як расказвае Ганна Семілетава, яна вырасла ў сям’і архітэктара і інжынера, але бацькі, якія самі не былі мастакамі, цалкам падтрымлівалі імкненне да творчасці і яе, і яе сястры, а ў акадэмію мастацтваў пасля каледжа мастацтваў яна паступіла на мастака па шкле. Дзяўчыну захапіла гэта спецыяльнасць, калі перад паступленнем яна пабывала на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе была прадстаўлена прадукцыя шклозавода “Нёман”. Набор на мастака па шкле адбываўся толькі раз у пяць гадоў, і Ганна скарысталася гэтай магчымасцю, асвоіўшы падчас вучобы ўсю работу са шклом — ад стварэння вітражоў да яго пескаструйнай апрацоўкі. З вялікай удзячнасцю яна зараз узгадвае свайго педагога Вольгу Сазыкіну, якая па-новаму адкрыла для яе паняцце мастацтва.

“Сямейны дуэт” Івана і Ганны Семілетавых

Ганна Семілетава. “Чароўнае месца”.

Скончыўшы акадэмію з чырвоным дыпломам, Ганна патрапіла па размеркаванні на люстраную фабрыку, якая, на жаль, закрылася, пакуль маладая мастачка была ў водпуску па доглядзе за дзіцем. Пасля гэтага яна прыйшла ў майстэрню да мужа і занялася стварэннем мастацкіх вобразаў ужо не на шкле, а на палатне.

Яна акунулася ў атмасферу філасофскіх поглядаў і творчых дасягненняў мастакоў старэйшага пакалення, якія існавалі ў сям’і, і паступова знайшла свой стыль і аўтарскі почырк. І, нягледзячы на тое, што яе карціны ўдала суседнічаюць у экспазіцыі з карцінамі мужа, пераклікаючыся каларыстычным гучаннем і дэкаратыўнымі прыёмамі ў стылі наіва, яны маюць свае адметныя асаблівасці.

— Філасофія маіх карцін у тым, што ў жыцці адбываюцца самыя розныя рэчы — і прыемныя, і наадварот, — гаворыць Ганна Семілетава. — І мне хочацца занатоўваць моманты шчасця, якія можна будзе затым назіраць і ўзгадваць, якія будуць цябе натхняць. Калі ты паглядзіш на такую карціну ў нейкі сумны момант, ты патрапіш у свет, адлюстраваны на ёй, і будзеш жыць далей са станоўчымі эмоцыямі.

“Сямейны дуэт” Івана і Ганны Семілетавых

Ганна Семілетава. “Начны водар”.

І сапраўды, на карцінах мастачкі ўсё не тое, чым здаецца на першы погляд: хатні кот падобны на старажытнаегіпецкую скульптуру Сфінкса, самотная фігура пад начным ліхтаром як быццам узнімаецца ў неба, падхопленая “промнем” іншапланетнага корабля, а сярод звыклых панэльных высотак хаваецца “пернікавая хатка” з казак братоў Грым.

З 1997 года Ганна ўдзельнічае ў штогадовых рэспубліканскіх мастацкіх выставах, фотаконкурсах, міжнародных майстар-класах па выяўленчым мастацтве і жывапісных пленэрах. Яе творчы актыў складае больш за 40 мастацкіх мерапрыемстваў на радзіме і за яе межамі.

І вось зараз з творчасцю двух таленавітых мастакоў можна пазнаёміцца і ў Нясвіжы. Іх выстава “Сямейны дуэт” будзе доўжыцца ў мастацкай галерэі “МАРА” да 8 лютага 2026 года. Не прапусціце!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

На галоўным фота: Івана і Ганну Семілетавых прадстаўляе дырэктар галерэі “МАРА” Ларыса Бортнік.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика