Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Гісторыя жыцця і сакрэт даўгалецця Кацярыны Аляксееўны Міхальковай

Пост опубликован: 09.01.2026

Кацярына Аляксееўна Міхалькова нарадзілася на Гомельшчыне, там жа яна атрымала адукацыю адразу пасля вайны. Па размеркаванні маладая настаўніца трапіла ў вёску Новая Мыш, працавала там некалькі гадоў. А пасля пачалася зусім іншая старонка яе жыцця, назва якой — “Нясвіжчына”. Педагог прыехала працаваць у Завітанскую школу, узяла першакласнікаў.

— У Завітанскай школе я працавала даволі доўга, аж да 1966 года, пакуль не адкрылася школа ў пасёлку цукровага камбіната, зараз гэта сярэдняя школа №2 г.п. Гарадзея, — расказвае Кацярына Аляксееўна. — Там я ўжо працавала да выхада на пенсію. Што казаць, любіла я сваю працу, літаральна жыла ёю, і дзетак сваіх вельмі любіла. Сапраўды, кожнага з іх лічыла сваім. 50 — 60 гады — даволі складаны час, ішло будаўніцтва, разрасталася народная гаспадарка раёна, бацькі не заўсёды маглі даць дзеткам столькі ўвагі, сколькі хацелі б. Таму я і старалася кампенсіраваць, пашкадаваць лішні раз, папесціць. Я любіла і люблю дзяцей, а яны мяне — і гэта важна, бо з любові многае пачынаецца і ў прафесіі, і ў жыцці наогул.

Кацярына Міхалькова памятае ўсіх сваіх вучняў, і ганарыцца імі.

— Я не надаю ўвагі, кім стаў мой выпускнік — урачом, інжынерам ці рабочым, — кажа яна. — Мне прыемна, што я выхавала добрых і шчырых людзей, працаўнікоў. І я па сённяшні дзень рада вітаць іх у сваёй хаце. Прыемна, што мяне помняць. Ведаеце, такая дзіўная рэч — хуткаплыннасць нашага жыцця. Гляджу часам на былых вучняў — сёння гэта ўжо сталыя людзі, амаль ва ўсіх ужо ўнукі, — а перад вачыма на імгненне паўстаюць іншыя вобразы, з таго часу, калі яны прыйшлі на свой першы ўрок, калі разгубленыя сядзелі за партай. Гэта і радасна, і крышку сумна адначасова.
Зусім нядаўна Кацярына Аляксееўна адзначыла свой дзень нараджэння, ёй споўнілася 102 гады. На пытанне аб тым, у чым сакрэт яе даўгалецця, жанчына сціпла адказвае:

— Ніякага сакрэту няма асаблівага. Трэба як мага больш часу заставацца актыўнымі, чымсьці займацца і хацець прыносіць карысць. Многія людзі пасля выхаду на пенсію быццам замыкаюцца ў межах сваёй кватэры, думаючы, што іх сацыяльнае жыццё скончана. А гэта вельмі няправільна. Жыццё працягваецца, поста трэба ўмець знайсці сябе ў іншых накірунках. Безумоўна, сёння мне ўжо цяжка быць актыўнай, як не храбрыся, я пражыла ўжо больш за век. І яшчэ адзін вельмі важны момант: асабістае стаўленне да свайго жыцця і людзей вакол. Трэба быць добрым і шукаць дабро ў іншых. Так, зла таксама хапае, але ўсё адносна і залежыць ад асабістага стаўлення. Я стараюся бачыць у людзях лепшае, бо не бывае цалкам дрэнных людзей. І, ведаеце, за 102 гады я сустракала значна больш чулых і добрых людзей, чым злых. Любіце жыццё і ўсё, што ў ім ёсць, да цяжкасцей стаўцеся па-філасофскі. Калі часам здаецца, што нарабілася штосьці вельмі дрэннае, задайце сабе пытанне: а ці будзе гэта мець для мяне значэнне праз тыдзень, праз год? Памятайце: усё праходзіць, пройдзе і гэта. Дапамагайце адзін аднаму: калі ёсць надзейныя людзі побач, жыць значна прасцей.
Ёсць у настаўніцы парада і для тых, хто толькі пачынае свой працоўны шлях у педагогіцы, асабліва для тых, хто працуе з пачатковымі класамі:

— Калісьці, вельмі даўно, яшчэ ў пачатку працоўнага шляху, я зрабіла адну выснову: галоўнае ў выхаванні малодшых школьнікаў — шчырыя і добрыя адносіны. Таму ўсім педагогам, якія звяртаюцца за парадай, гавару: прыходзьце да дзяцей з адкрытым сэрцам, і любіце шчыра кожнага з іх. Яны яшчэ ў тым узросце, калі гэта вельмі патрэбна. Дзяцей складана падмануць, прытварыцца — яны добра ведаюць і адчуваюць, як да іх адносяцца на самой справе. Прыходзіць да вас першакласнік — маленькі хлопчык ці дзяўчынка — а вы — першы дарослы на іх жыццёвым шляху, які будзе навучаць, даваць веды. І ад таго, як складзецца школьнае жыццё ў дзіцяці ў пачатковай школе залежыць вельмі многае. Можа не ўсё атрымлівацца адразу, і гэта нармальна. Мы ўсе былі дзецьмі, пра гэта нельга забываць. Абдыміце, пашкадуйце, не палянуйцеся растлумачыць некалькі разоў. Паверце, гэтыя маленькія людзі пранясуць вашу цеплыню і пяшчоту праз усё жыццё і перададуць яе іншым. Настаўнік заўсёды працягваецца ў сваім вучні — такі закон жыцця.

Ірына ЕФІШОВА.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика