Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Свой залаты юбілей — 100 гадоў — 2 студзеня адзначыла жыхарка Нясвіжа Леаніда Антонаўна Безушко

Пост опубликован: 09.01.2026

Нарадзілася Леаніда Антонаўна ў вёсцы Слаўкава, там жа прайшлі і яе дзяцінства, юнацтва.

— Жылі мы небагата, — успамінае юбілярка. — Але дружна, супольна. Працавалі, дапамагалі бацькам ва ўсім. Людзі майго пакалення добра ведаюць, што такое кусок хлеба на стале і якая праца за ўсім гэтым крыецца. Але ўсё гэта зараз успамінаецца з усмешкай, акрамя аднаго — вайны.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Леанідзе Антонаўне было 15 гадоў. Яна добра помніць усё, што адбывалася: акупацыя, страх, голад, аднавяскоўцаў, якія ішлі на фронт і не вярталіся. Але самым вялікім страхам для яе ў той час было тое, што ў любы момант маглі адправіць на прымусовыя работы ў Германію:

— Я добра помню, як адбіралі хлопцаў, дзяўчат як раз майго ўзросту і цягнікамі адпраўлялі ў Еўропу. Ніхто не знаў, ці вернуцца яны, а іх родныя галасілі як па нябожчыках, сапраўды страшна было. І самае жудаснае, што гэты страх быў пастаянным: нельга было гэтыя думкі ад сябе адкінуць, не давалі яны спакою ні днём, ні ноччу. Бог мяне пашкадаваў, я засталася дома.
Пасля вайны Леаніда Антонаўна вышла замуж за маладога чалавека са Стаўбцоўшчыны, пераехала да мужа. Амаль увесь яе працоўны шлях звязаны з гэтым рэгіёнам. На Нясвіжчыну жанчына вярнулася ўжо пасля выхаду на пенсію.

— Мне падаецца, што ў многіх так з цягам часу — чым старэйшым ты становішся, ты больш цягне ў родныя мясціны, туды, дзе прайшло тваё юнацтва. Хоць Стаўбцоўскі раён і па-суседству, і часта бывала ў гасцях у сваякоў, якія засталіся тут, на маёй малой радзіме, але гэта не зусім тое. Хочацца быць бліжэй да сваіх вытокаў.

Леаніда Антонаўна прызнаецца, што асноўным сакрэтам даўгалецця для яе з’яўляецца пазітыўны настрой і любоў да жыцця.

— Я ўдзячна Усявышняму за кожны дзень, які ён мне падараваў на гэтай зямлі, за кожную хвіліну свайго жыцця, — кажа яна. — Нямала было і добрага, і не вельмі, але жыццё — гэта самае дарагое, што ў нас ёсць. Я ніколі не скардзілася на лёс, і ўсе перашкоды ўспрымала нармальна — жыццё ж з гэтага і складаецца. Таму і блізкім кажу: цаніце кожны дзень, ён больш не паўторыцца, цаніце людзей, якія праходзяць з вамі гэты шлях і не саромейцеся сказаць ім “дзякуй” лішні раз. Дабрыня заўсёды вернецца. Ніколі не апускайце рукі, нават з самых складаных сітуацый ёсць выйсце. Сёння мне ўжо 100 гадоў, здаецца, пражыла век — і гэта нямала. А мне ўсё роўна хочацца яшчэ пажыць, глядзець на хараство гэтага свету, бачыць блізкіх людзей. І мне не здоўжылася: век праляцеў вельмі хутка — у паўсядзённых клопатах, у рабоце. Жыць на зямлі, глядзець на тое, як узыходзіць сонца — вялікае шчасце.

Ірына ЕФІШОВА.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика