Навагодняя дабрачынная акцыя “Ад усёй душы” праходзіла па ўсёй Беларусі і была прысвечана старэйшаму пакаленню, заслугі якога ў розных сферах жыцця высока ацэнены дзяржавай. Вечары адпачынку, канцэрты, вясёлыя гульні і мерапрыемствы сталі неадменнай формай павагі да ветэранаў працы. Ініцыятыву аб іх правядзенні выказаў Прэзідэнт нашай краіны А.Р. Лукашэнка.
Да навагодняй акцыі далучыўся і Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета ў Мінску, які запрасіў да сябе прадстаўнікоў элегантнага ўзросту з усёй рэспублікі. У заснежаную, расквечаную рознакаляровымі агеньчыкамі сталіцу з’язджаліся аўтобусы з розных рэгіёнаў, людзі падыходзілі да будынку Вялікага тэатра з пачуццём урачыстай павагі. У фае мы ўбачылі прыгожае афармленне: залацістыя люстры і ляпніну на сценах, у яркім убранні навагоднія ёлкі. А таксама — скрыпачоў і невялікія музычныя групы, вясёлых клоўнаў і ветлівых работнікаў тэатра. Усё стварала ўражанне цудоўнага свята, добрага настрою гасцям.
Калі адкрылася заслона, на сцэну выйшла вядучая Вольга Кажгаліева і цёпла вітала прысутных, затым прадаставіла слова міністру працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Наталлі Паўлючэнка. Яна адзначыла, што вопыт людзей старэйшага пакалення з’яўляецца прыкладам для маладых, падзякавала за ўклад у развіццё Беларусі і пажадала добрага здароўя, дабрыні і шчасця.
Да ўсіх звярнуўся і міністр культуры рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі:
— Акцыя “Ад усёй душы” — гэта цудоўная магчымасць падзякаваць людзям за іх працу, паказаць дасягненні нашых артыстаў, стварыць добры настрой. Нізкі паклон вам, паважаныя, здароўя, міру і аптымізму!
Потым адкрылася заслона і над сцэнай паплылі ў светлай дымцы паветраныя карэты, запрэжаныя лёгкімі, прыгожымі коньмі. Пачалася феерыя пад назвай “Казка казак”, сапраўдная чароўная музыка ахутала залу, дзе ў партэры, на бельэтажах і балконах прыціхлі гледачы. Вальс П. Чайкоўскага з балета “Шчаўкунок”, хор гасцей з оперы Г. Даніцэці “Лючыя дэ Ламермур” адразу захапіў нас усіх.
Песеннае майстэрства прафесіяналаў, спевакоў і балерын нікога не пакінула раўнадушным, сярод выканаўцаў былі лаўрэаты міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Дзмітрый Шабета, лаўрэаты Аляксандр Міхнюк і Аляксандр Гелах. Лёгкі і светлы вальс Джульеты з оперы “Рамэа і Джульета” ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Анастасіі Храпіцкай таксама пакарыў гледачоў, аб чым сведчылі бурныя апладысменты. Названая спявачка была непараўнальнай і ў ролі міс Дулітл у мюзікле “Мая цудоўная лэдзі”. Пералічыць усіх артыстаў проста немагчыма, але адзначу некалькіх: лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Юрыя Гарадзецкага, Кірыла Залескага, Марыю Булда, народных артыстак Беларусі Ніну Шарубіну і Анастасію Масквіну, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі Беларусь. Гучала цудоўная музыка І. Штрауса, Ж. Афенбаха, І. Дунаеўскага, Р. Шчадрына, Я. Глебава і іншых славутых кампазітараў у выкананні сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі. Рэжысёр-пастаноўшчык канцэрта, уладальніца медаля Францыска Скарыны Галіна Галкоўская, галоўны балетмайстар заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб.
Усе гэтыя людзі стварылі для нас навагодняе свята і незабыўныя, добрыя ўражанні. А яшчэ мы ўдзячны кіраўніцтву раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за арганізацыю паездкі, і , у прыватнасці, Галіне Яўланавай, спецыялісту аддзялення дзённага забеспячэння пажылых і інвалідаў.
Раіса ХВІР, г. Нясвіж.



