Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

За польскім часам: успаміны Надзеі Іванаўны Весялухі

Пост опубликован: 19.01.2026

У кантэксце тэмы ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі вельмі важна надаць асаблівую ўвагу расказам мясцовых жыхароў. Як жылі на Нясвіжчыне за польскім часам, як быў наладжаны быт?.. Усё гэта цікава не толькі з пункту гледжання гістарычных звестак, але з боку рэтраспектыўнага развіцця нашай мясцовасці. Мы прапануем чытачам цыкл успамінаў нашых землякоў аб тых далёкіх падзеях. Многія з іх пакінулі гэты свет, але іх словы беражліва захаваліся нашчадкамі. Няхай ажываюць успаміны і дойдуць да кожнага чытача. Менавіта дзеля гэтага падавацца аповед будзе ад першай асобы.

Надзея Іванаўна Весялуха, нарадзілася ў вёсцы Круты Бераг у 1924 годзе:

— Мае бацькі былі сялянамі. Трымалі зямлю ў арэндзе. На падработкі хадзілі да палякаў альбо ў горад. Самай распаўсюджанай падработкай была пілоўка дроў: мужчыны абвязвалі вакол сябе пілу і з ёй ішлі ў горад, шукалі працу і за тое атрымлівалі мізэрныя грошы.

Пастаянную работу знайсці было амаль немагчыма, бо самыя добрыя месцы займалі палякі, а ў галіне рамяства і гандлю — яўрэі. Заможных людзей было вельмі мала, асабліва сярод беларусаў або рускіх. Так, самым заможным лічыўся той, у каго была гаспадарка, а асабліва конь, бо ён з’яўляўся асноўнай рабочай сілай. А ў асноўным да заможных адносіліся палякі.

Жыццёвыя ўмовы былі дрэннымі. Дамы ў асноўным ва ўсіх складаліся з ганку і аднаго вялікага пакоя, дзе знаходзілася печ, лаўкі — адна вялікая, адна маленькая, на якіх сядзелі і спалі. Спалі на сене, якое было запхана ў падушачныя мяшкі; стаяў таксама куфар для адзення. мэблю ў асноўным выраблялі самі. Вокны не былі падвойнымі, летам з імі было цёпла, а зімой холадна, і таму яны былі невялікія, у марозы шчыліны вокан запіхвалі анучамі, а на ніз ставілі бутэльку, каб сцякала вада.

Карміліся тры разы на дзень. Асноўнай ежай былі бульба, боршч з капусты (бо капуста захоўвалася даўжэй за ўсе прадукты), салёныя агуркі, квас, хлеб, які ў асноўным пяклі самі. Мяса і сала стараліся трымаць пасоленымі ўсю зіму, а вясной і летам браць з сабой у поле. На свя́ты стол быў багацейшы, стараліся на яго выкласці ўсё, што было ў хаце. Увечары хату асвятляла газавая лямпа. Клаліся спаць рана, уставалі таксама рана. Усё тое, што напрацоўвалася на зямлі, насілі прадаваць у горад.За выручаныя грошы купляліся патрэбныя прадукты, адзенне (але яго ў асноўным шылі самі), абутак і іншыя неабходныя рэчы. У кожнага была як рабочая, так і святочная вопратка, лішкі ў адзенні мала ў каго назіраліся.


Асноўныя святы, якія адзначаліся, — гэта Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Сёмуха і некаторыя іншыя. Палякі ж прымушалі адзначаць 3 мая, у іх гэта быў дзень адпачынку, і калі каго-небудзь бачылі, што едзе на базар або працуе, збівалі бізунамі. Святы заўсёды адзначаліся весела, нават нягледзячы на дрэнны час, усе хадзілі адзін да аднаго ў госці, і народ быў больш адкрыты і даверлівы, і добрасардэчны.


Выпускалася адна адзіная польская газета “Работнік”. Асноўнымі ўстановамі, якія знаходзіліся ў Нясвіжы, былі крамы, у якіх працавалі яўрэі, пякарня, піўны бар, цырульня, закусачная. У канцы вуліцы стаяў млын.

Беларусы пяклі хлеб самі, а ў пякарнях яго куплялі яўрэі і палякі. Цукар на той час каштаваў 1 злоты за 10 грамаў і ўяўляў сабой камяк. Яўрэйскае насельніцтва лічылася лепшымі рамеснікамі, іх тавары на рынку былі самымі дарагімі, але і попытам карысталіся.

У выпадках хвароб у асноўным стараліся лячыцца самі травамі, толькі ўжо ў самых цяжкіх выпадках звярталіся да доктараў, якімі былі яўрэі або палякі, і аплата была дарагая.

У нашай мясцовасці была адна адзіная невялікая школа, у якой вучыліся палякі, яўрэі, беларусы, рускія. Вучыліся ў дзве змены. Палякі кармілі, давалі булачку і каву, абед каштаваў 2 грошы. Навучанне вялося на польскай мове. Прыярытэт у вучобе мелі палякі. Вучні ў школах паміж сабой размаўлялі на польскай мове, бо іншая мова забаранялася, калі хто-небудзь з настаўнікаў гэта пачуе — вучня каралі. Адрозненняў міжнацыянальных паміж дзецьмі не было, і размаўлялі даволі добра, некаторыя сталі добрымі сябрамі. Але калі пасварымся, палякі называлі нас, беларусаў і ўкраінцаў, “свіння руская”. Але было адно “але”! Яўрэяў не ўспрымалі як “клас людзей”, імі пагарджалі, і адносіны паміж намі былі напружанымі. І яўрэяў не вельмі многа хадзіла ў школу, бо даводзілася цярпець шмат зняваг, таму яны ў асноўным навучаліся ў хатніх умовах. На сваёй роднай мове вучылі таемна пісаць бацькі, калі былі адукаваныя, а так заўсёды знаходзіўся граматны чалавек, у якога збіраліся дзеці і вучыліся пісьму.


Нашай сям’і  ў дзяржаўныя ўстановы не даводзілася звяртацца. Але па назіраннях можна было ўбачыць, што вялікая ступень справядлівасці была на баку багатых. Пры паляках беларусам было вельмі цяжка чаго-небудзь дабіцца, бо ў асноўным уся праца беларуса была звязана з зямлёй, а астатнія месцы былі заняты палякамі.


Знаёмых палякаў было мала. У маёй маці сястра працавала нянькай у польскай сям’і. Дык кантроль быў жорсткі, сачылі практычна за кожным крокам, каб нідзе нічога лішняга не ўзяла. І калі што-небудзь здаралася, заўсёды была вінаватай. У палякаў, у адрозненне ад нас, былі багацейшыя дамы, адзенне, была зусім іншая манера зносін, яны былі вельмі хітрымі людзьмі, умелі заўсёды выйсці “сухімі з вады”.

Сярод жа яўрэяў не было ні ворагаў, ні сяброў. Калі ж яўрэю патрэбна была дапамога, бацькі заўсёды стараліся дапамагчы, нягледзячы на непрыяз- насць да іх, асабліва палякаў. Знаёмых рускіх і ўкраінцаў было мала, але з імі падтрымлівалі сяброўскія адносіны. Таксама рускія, украінцы, беларусы лічыліся адным славянскім народам, стараліся хоць паміж сабой падтрымліваць прыяцельскія адносіны, а калі ўжо сварыцца, то супраць палякаў.


Міжнацыянальных шлюбаў паміж палякамі і беларусамі не сустракалася, а вось паміж рускімі і беларусамі, украінцамі і беларусамі яны сустракаліся даволі часта, і людзі ставіліся да іх станоўча. Галоўнае — у іх была адзіная вера, а на той час яна адыгрывала значную ролю.


Немцаў-каланістаў у нашай мясцовасці не назіралася. Людзей цыганскай нацыянальнасці было няшмат, ды і тыя пераходзілі з месца на месца. Маці мая, напрыклад, заўсёды шкадавала маленькіх цыган і карміла, калі прыходзілі, хоць і самім было цяжка, а бацька, наадварот, іх ганяў.

Палітычных партый і арганізацый моладзі было няшмат, і я іх не памятаю, бо ў палітыку не ўнікала. Стаўленне да Савецкага Саюза і Савецкай Беларусі было станоўчым, бо лічылі ўсё гэта адзіным цэлым. Інфармацыя пра жыццё ў СССР паступала ад прыезджых і з газет, якіх было вельмі мала.

Пераказала Ірына ЕФІШОВА.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика