18 студзеня на пляцоўцы каля Нясвіжскага РЦК прайшоў раённы фестываль «Калядныя сустрэчы», які стаў часткай раённага агляду-конкурсу «калядных гуртоў» «Калядная зорка — 2026». Свята сабрала шматлікіх удзельнікаў і гасцей, якія з нецярпеннем чакалі яркага відовішча.

Атмасфера свята пачала стварацца з першых хвілін. Ігар Гарбачоў сваім выкананнем песні «Каляда» задаў тон мерапрыемству, і ўсе прысутныя, узяўшыся за рукі, закружыліся ў карагодзе.
На сцэну адзін за адным выходзілі таленавітыя артысты, дорачы гледачам незабыўныя музычныя нумары. Народны ансамбль песні «Млечны шлях» парадаваў святочнай песняй «У новым годзе», а прывабная Таццяна Мароз зачаравала сваім выкананнем «Белай зімы». Калядны гурт РЦНТ таксама не застаўся ўбаку, падараваўшы ўсім прысутным сваю кампазіцыю.
Тым часам на пляцоўцы не сціхалі танцы, жарты і карагоды. Асаблівага настрою дадавалі навагоднія і калядныя героі, якія ў прыгожых і цікавых касцюмах стваралі атмасферу чараўніцтва. Вера Андрыюк у вобразе каляднай казы з хустачкай запрашала ўсіх да танца, а пасля для добрага настрою адорвала цукеркамі.
Сваім талентам падзяліліся гурты з Аношак, Высокай Ліпы і Карцэвіч. Вельмі прыгожа прагучалі на каляднай пляцоўцы песні «Прыгожая і маладая» ад народнага ансамбля песні «Млечны шлях» і «Каляда» ад Яніны Кавалькоўскай. Гурт з Гарадзейскай зоны таксама прыехаў, каб падарыць усім прысутным добрую музыку.
Вядучая Юлія Івашка не давала сумаваць гледачам, праводзіла вясёлую гульню «Гусачок», дзе ўсе жадаючыя маглі патанцаваць, узяўшыся адзін за аднаго, утварыўшы сапраўдны паравозік.
На працягу ўсяго свята гасцей частавалі блінцамі, мачанкай, юшкай і гарачай гарбатай. Усе гэтыя калядныя прысмакі прыгатавалі аматарскае аб’яднанне «Дбайныя гаспадынькі» Ланскага сельскага дома культуры, Юрый Гапановіч і іншыя працаўнікі культуры Нясвіжскага раёна.

Свае таленты на святочнай пляцоўцы таксама прадэманстравалі артысты гуртоў з Лані, Лявонавіч і Затур’і. Мужчынскі гурт ансамбля «Суседзі» Грыцкевіцкага СДК выдатна выканаў «Калядную» песню, а ансамбль песні «Вяночак» Сноўскага СДК прадставіў сваю «Навагоднюю» песню.
У фінале свята, пасля пажаданняў шчасця ад вядучай, загучала песня «Беларускі Новы год», пад якую ўсе дружна ўзяліся за рукі і закружыліся ў вялікім карагодзе.
Апошнімі на пляцоўку выйшлі галоўныя героі свята — Дзед Мароз і Снягурка. Яны прывіталі ўсіх прысутных, завялі карагод пад песню і правялі розныя забавы з гледачамі.

Па заканчэнні гэтага цудоўнага свята ўсе яго ўдзельнікі развіталіся, павіншавалі прысутных з надышоўшымі святамі і пажадалі ўсяго найлепшага ў новым годзе.
У канцы мерапрыемства пацікавіліся ў гледачоў іх уражаннямі. Несвіжанка Анастасія Карачун з сынам Маркам адзначылі, што ім вельмі спадабалася.

Добра, што ў нашым раёне праходзяць такія цудоўныя, вясёлыя мерапрыемствы, куды можна прыйсці ўсёй сям’ёй і цудоўна адпачыць.
Таццяна ГНЕДЗЬКА.















