У мастацкай галерэі “МАРА” ў мінулую суботу адкрылася выстава “Формы і колеры” сямейнага дуэта — скульптара Андрэя Вараб’ёва і мастачкі Аксаны Еўдакіменка.
Аксана Міхайлаўна — удзельніца рэспубліканскіх і міжнародных выставаў, шматлікіх міжнародных жывапісных пленэраў у Беларусі, Расіі, Егіпце, Турцыі, Ліване, Украіне, Сербіі, Арменіі, Іарданіі, Азербайджане, Македоніі. У яе актыве ўжо некалькі персанальных выставачных праектаў. А пачыналася ўсё з дзяцінства, якое прайшло ў яе родным Магілёве. І хаця з’явілася на свет будучая творца ў Маскве, усё яе свядомае жыццё, пачынаючы з ранніх гадоў, было звязана, па яе ўласным прызнанні, з Магілёвам. Тут яна хадзіла ў мастацкую школу, тут дзесьці ў 16 гадоў адчула непераадольнае жаданне стаць мастаком. Яно прывяло дзяўчыну на мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава, які яна паспяхова скончыла і здзейсніла сваю мару звязаць жыццё з творчасцю.
Пра карціны Аксаны Еўдакіменка хочацца сказаць проста: яны чароўныя. Нават адразу не верыцца, што мастачка стварае іх класічнымі алейнымі фарбамі з невялікім выкарыстанне акрыла для задніх планаў — настолькі яны празрыстыя, лёгкія, напоўненыя святлом і трапяткім дыханнем нібыта жывых вобразаў…
Свой стыль мастачка трапна характарызуе як сімбіёз рэальнага і нерэальнага, і любы глядач пагодзіцца з гэтым.
— Для мяне вельмі важны колер, — гаворыць Аксана, — і мае работы — гэта камбінацыя абстракцыі і рэалізму, дзе рэальным можа быць адзін фрагмент — цела або твар, астатняе — фантазія, але ўсе часткі карціны звязваюцца менавіта колеравай кампазіцыяй.

“Сон”
Дарэчы, любімыя колеры мастачкі — “каралеўскі блакітны” і “турэцкі блакітны”. А як яна іх выкарыстоўвае, можна ўбачыць, наведаўшы выставу, на якой сабраны работы за апошнія тры гады.
— Любая выстава — гэта погляд на сябе збоку, — лічыць Аксана Еўдакіменка. — Я гляджу на гэтыя работы і думаю, што зраблю яшчэ нешта такое, чаго я не рабіла раней. Да таго ж, бачанне людзей, якія прыйшлі на выставу і сузіраюць карціны ўпершыню, вельмі адрозніваецца ад погляду аўтара, які бачыць іх увесь час.Таму кожная выстава дае магчымасць нешта перасэнсаваць, змяніць у сабе і хацець ад сябе нечага большага, чым ты рабіў раней.
Дарэчы, абсалютна абстрактных работ на выставе толькі дзве, і пра адну з іх — “У пошуках вобраза” — хочацца сказаць, што яна надзвычай прыцягальная. Колеры зачароўваюць, і кожны глядач бачыць у іх нешта сваё: ці то незвычайнае адлюстраванне чагосьці ў чымсьці, ці то міраж, ці то яшчэ нешта, што цяжка назваць словамі. Назваць цяжка, а вось глядзець — лёгка, таму што ад карціны проста плыве душэўнае заспакаенне і ўпэўненасць у тым, што ўсё і ва ўсіх калі-небудзь будзе добра…

“У пошуках вобраза”
Сама ж мастачка прызнаецца, што абстрактныя работы даюцца ёй цяжка.
— Я часам пішу абстракцыі, каб выйсці з зоны камфорту, каб трошкі паламаць сябе знутры, таму што ў такой карціне няма прывязкі да чагосьці канкрэтнага, — гаворыць яна.
Большасць жа работ, прадстаўленых на выставе, утрымліваюць у сабе дзіцячыя і час ад часу — жаночыя вобразы. Калі апошнія былі характэрнымі для мастачкі ўжо даўно, то дзіцячыя выявы ўзніклі ў яе творчасці некалькі гадоў таму — з нараджэннем дачкі Адэлаіды, якой цяпер шэсць.
— Я пішу работы з дачкой ад самага яе з’яўлення на свет, — гаворыць мастачка. — Яна расце, змяняецца, пазнае наваколле, і ўсе этапы яе росту — у маіх карцінах. Я ёю любуюся, замілоўваюся ёю, і час ад часу пэўны дзіцячы вобраз ператвараецца ў карціну. Напрыклад, у дачкі быў перыяд любові да адзінарогаў. Гэта казачны сімвал, які я шмат дзе выкарыстоўваю.

“Ружовая сукенка”
І сапраўды, ад карцін з выявамі дачкі мастачкі вее той душэўнай цеплынёй, якой ахутана кожнае шчаслівае дзіця. Дзіцячыя вобразы, цацкі, тонкія, далікатныя каляровыя спалучэнні перадаюць непаўторную атмасферу дзяцінства і лёгка знаходзяць водгук у душах гледачоў.
Андрэй Вараб’ёў — майстар станковай і манументальнай скульптуры, які дасканала валодае тэхнічнымі прыёмамі працы ў сваім улюбёным матэрыяле — бронзе. Сярод яго манументальных твораў найбольш вядомыя знакамітыя Львы на мосце ў Магілёве і “Кароль і каралева, або Пясочны гадзіннік” у кітайскім Нанкіне — пабраціме Магілёва. Усе вобразы, створаныя скульптарам, выкананы з элементамі іншасказання. Яны змяшчаюць філасофскі сэнс і адрозніваюцца шматгранным чытаннем.

“Не сонца, дык хаця б лямпачка”
У жыцці Андрэя Алегавіча, мяркуючы па ўсім, быў пэўны “Божы промысел”. Чаму? Ды таму, што сыну двух медыкаў нібыта сам лёс (не кажучы ўжо пра вялікае жаданне бацькоў) наканоўваў стаць урачом. Але ж як на тое непадалёк ад месца жыхарства сям’і размяшчалася школа з архітэктурна-мастацкім ухілам. У гэту школу хлопчык і пайшоў, захапіўшыся там маляваннем і лепкай.
— Я вельмі любіў жывапіс, — узгадвае мой суразмоўца. — У любое надвор’е пісаў эцюды. А потым вырашыў, што мне трэба зляпіць свой аўтапартрэт. Прынёс са школы гліну і дзесьці месяц працаваў над гэтым. І так мне стала цікава вывучаць сябе і кожнага чалавека, што я зразумеў, што толькі гэтым хачу займацца ў жыцці.
Год спатрэбіўся, каб пераканаць бацькоў, што іх сын хоча быць не ўрачом, а скульптарам, і ў выніку яны адпусцілі яго пасля восьмага класа (тады базавая школа была 8 класаў) паступаць на аддзяленне скульптуры Мінскага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава, якое ён скончыў у 1988 г. Пасля службы ў арміі адвучыўся яшчэ і на аддзяленні манументальнай скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Да 2005 г. выкладаў выяўленчае мастацтва ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова, а ў 2017 г. адкрыў у Магілёве сваю прыватную мастацкую галерэю.

“Кніга майго жыцця”
Удзельнік мастацкіх выставаў, сябра Беларускага саюза мастакоў, Андрэй Вараб’ёў з 2013-га па 2022 год узначальваў Магілёўскую абласную арганізацыю Беларускага саюза мастакоў.
— Скульптура — гэта вельмі складаны і дарагі від творчасці, — гаворыць Андрэй Алегавіч, — але гэта мая ўлюбёная справа, тое, дзеля чаго я жыву.
У многіх работах гэтага аўтара, асабліва станковых, угадваюцца рысы яго твару, як быццам ён пастаянна працягвае работу над тым сваім яшчэ напаўдзіцячым аўтапартрэтам. Аднак было б памылковым бачыць тут зацыкленасць аўтара на сваёй асобе. Праз свой вобраз ён паказвае вобраз кожнага з 8 мільярдаў чалавек, што насяляюць нашу планету.
— Кожны чалавек непаўторны і яго жыццё мае свой канчатак. І гэта трэба помніць, — гаворыць скульптар. — Увогуле чалавек (праз мой аўтапартрэт) і каханне — асноўныя тэмы маёй творчасці.
На пытанне, які жанр скульптуры яму больш дарагі — паркавая ці станковая — Андрэй Вараб’ёў адказаў, што паркавая скульптура — гэта выхад у грамадскую прастору, дзе твая праца “вядзе дыялог” з людзьмі незалежна ад часу сутак і пары года, а станковая — гэта тое, што робіш у цішыні сам для сябе. Гэта матэрыялізаваны кавалачак душы, што надзвычай каштоўна для мастака.

“Аўтапартрэт трохгаловы”
Два розных творцы, аб’яднаных у адной сям’і і злучаных любоўю да мастацтва, без якога яны не ўяўляюць свайго жыцця, будуць дэманстраваць свае творы ў галерэі “МАРА” да 29 сакавіка. Не прапусціце магчымасць убачыць работы Аксаны Еўдакіменкі і Андрэя Вараб’ёва ў Нясвіжы!
Лілія ІВАНЕНКА.
На голоўным фота: Старшыня саюза дызайнераў Беларусі Сяргей Варкін, экс-старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, скульптар Андрэй Вараб’ёў, мастачка Аксана Еўдакіменка і дырэктар галерэі «МАРА» Ларыса Бортнік



