У 1953 годзе, пасля заканчэння Магілёўскай рэспубліканскай школы механізацыі сельскай гаспадаркі, у наш раён прыехаў Рыгор Лазар. Працаваў ён участковым механікам Нясвіжскай МТС. Падчас водпуску садзіўся на збожжаўборачны камбайн.
Пазней спецыяліста прызначылі загадчыкам майстэрняў, выконваючым абавязкі галоўнага інжынера, упраўляючым раённай машынна-трактарнай станцыі. Быў снежань 1958 года.
Рыгор Міхайлавіч успамінаў падчас нашай размовы, якая адбылася чвэрць стагоддзя таму:
— Станцыя складалася з прымітыўных драўляных будынкаў, дахі былі саламяныя. Тэхніка ў асноўным стаяла на двары. Я выхад бачыў адзін: тэрмінова трэба будаваць сучасныя вытворчыя памяшканні. А каб атрымаць на гэта фінансавую дзяржаўную дапамогу, неабходна было праявіць сябе з найлепшага боку, паказаць, на што здольныя. Якраз тады нам выдзелілі 29 экскаватараў для асушэння балот у гаспадарках раёна. Мы разгарнулі работы. Цяжкасці пераадольвалі неймаверныя. На ўчастку “Караліна” тэхніка для запраўкі экскаватара палівам не магла пад’ехаць да яго, і людзі насілі гаручае ў каністрах. Але яны, працавітыя, не пасавалі. Значны аб’ём работы мы выканалі ў калгасах імя Калініна, “Радзіма”, імя Кірава, “Новае жыццё”, “1 Мая”, “Ленінскі шлях”. Праграму асушэння зямель, складзеную на той час, рэалізавала наша арганізацыя.
І вось, маючы ўжо такія салідныя напрацоўкі, звярнуўся Рыгор Лазар у рэспубліканскае аб’яднанне “Белсельгастэхніка”. Па дапамогу, па дазвол будаваць. Дзякуючы настойлівасці, дабіўся, чаго хацеў. І разгарнуў у Рудаўцы вытворчае будаўніцтва. Узвялі кацельню, затым — майстэрню для рамонту трактароў, а там размясціліся і такарны цэх, кузня, мыйка. Пазней такарны цэх перавялі ў новае памяшканне, дзе абсталявалі і цэх парашковай металургіі. Услед зрабілі прыбудоўку для рамонту бульбаўборачных капалак. Рыгор Міхайлавіч меў шырокі кругагляд, думаў пра розныя галіны вытворчасці. Вось на месцы старога будынку ўзвялі цэх па рамонце і тэхабслугоўванні абсталявання жывёлагадоўчых фермаў. Расшырыліся — і пачалі рамантаваць збожжаўборачныя камбайны, стварылі аўтамабільную гаспадарку. Іх жа сіламі былі ўзведзены вытворчыя памяшканні райсельгасхіміі і райагразабеспячэння ў Гарадзеі.
У 1961 годзе на базе станцыі арганізавалі райсельгастэхніку, Рыгор Міхайлавіч стаў яе ўпраўляючым. Пазней яго пасада называлася: дырэктар раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” (цяпер гэта — ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”). Мацнела і ўдасканальвалася матэрыяльная база, рыхтавалі ўмелыя, высокапрафесійныя кадры. З году ў год павялічвалі аб’ёмы паслуг па рамонце і тэхабслугоўванні, па механізацыі працаёмістых працэсаў у жывёлагадоўлі, нарыхтоўцы і вывозцы тарфакрошкі, вапнаванні кіслай глебы, рэалізацыі тавара-матэрыяльных каштоўнасцей для сельскай гаспадаркі. Усё гэта садзейнічала павелічэнню вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Вялікую ўвагу Рыгор Міхайлавіч надаваў развіццю сацыяльнай сферы. Пабудавалі клуб, магазін, сталовую, спартыўную залу. За час яго кіраўніцтва 400 сем’яў атрымалі ключы ад новых кватэр. На пенсію Рыгор Міхайлавіч пайшоў у 1989 годзе, пакінуўшы вельмі адметны след. За высокія дасягненні калектыву райсельгастэхніка ў 1971 годзе была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Найвышэйшых вынікаў дабівалася яна ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, была ўзнагароджана дыпломамі і пераходнымі Чырвонымі Сцягамі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ з занясеннем на Усесаюзную дошку Гонару на ВДНГ СССР — у 1979, 1981, 1984 і 1985 гадах.
Рыгору Міхайлавічу ў 1968 годзе прысвоілі званне “Заслужаны механізатар сельскай гаспадаркі БССР”. У 1986-м ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, а дагэтуль — ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”.
Ён заўсёды цёпла гаварыў пра сваіх паплечнікаў, аднадумцаў, рабочых і спецыялістаў, з якімі стварыў славутую на ўсю краіну райсельгастэхніку і арганізаваў яе работу на “выдатна”. І людзі яго ўспамінаюць з удзячнасцю.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



