Доўгіх 18 гадоў пасля зневажальнага Рыжскага мірнага дагавору беларускі народ быў расколаты — падзелены сілком, супраць сваёй волі, і рана гэтая бесперапынна крывавіла. Тысячы людзей у адзін дзень аказаліся на сваёй зямлі чужымі — прыжываламі польскіх паноў, работнікамі, вымушанымі рваць жылы за грошы, бо большага прышлая ўлада не прапаноўвала. Служы ці памры, палюбі новае рабства, адмоўся ад веры прадзедаў, ад мовы маці, ад яе цягучых, сумных песень, ад душы і памяці сваёй — або згінь у астрогах і лагерах, знікні, захлыніся ўласнай крывёй, калі няма ў табе належнай пакоры. Што ж, пакоры на захопленых палякамі землях і не было. Як ні куражылася пшапаньства, зламаць дух беларускага народа не ўдалося. Сённяшнія ўспаміны — ад ураджэнкі вёскі Круты Бераг Соф’і Іванаўны Гурынай. Пасля замужжа яна пераехала на хутар да свёкра і свекрыві. А ўжо пасля вайны — у вёску Квачы. Пайшла з жыцця яна ў 2014-м, на 84-м годзе жыцця. Але яе ўспаміны аб тых часах, запісаныя яе сям’ёй, перадаём вам зараз ад першай асобы.
— Я нарадзілася ў вёсцы Круты Бераг. Вёска была даволі вялікая, больш за сто двароў, мабыць. Усе займаліся зямлёй: сеялі, аралі, трымалі жывёлу. Мае бацькі таксама… Жылі мы на краі вёскі. Каля школы, праз дарогу школа была.
Мы сябравалі з суседзямі, наколькі я памятаю. Ні тата, ні мама ніколі не сварыліся ні з кім. Ну, сябравалі, былі і сваякі. Сябравалі са сваякамі. Мама хрысціла ў кагосьці, нас хрысцілі. Гэта ўсе кумамі лічыліся, па тым часе — блізкімі сваякамі.
Заможным чалавекам, як у поўным сэнсе гэтага слова, цяжка было кагосьці назваць. Але заможным лічыўся той, у каго было больш зямлі. Таму што ўвесь прыбытак ішоў менавіта ад яе.
Да беднякоў адносілі тых, у каго зямлі было мала. Сем’і вялікія былі. Вось, тры-чатыры сыны ў бацькі, і што ён можа даць ім? Па палосцы кожнаму — і ўжо бядняк. А ў каго дзяцей меней было, а зямлі больш, той і жыў, і лічыўся багатым. Паважалі прыстойных людзей.
Жыла наша сям’я на зямлі. Расцілі лён, каноплі, усё апрацоўвалі, былі станкі, называліся кроснамі, і ткалі палатно. Абутак быў розны, як у каго, хадзілі ў лапцях, плялі іх самі. Ну, а паліто, скажам, штаны, то ткалі палатно і самі шылі. Абутак толькі набывалі. Вось так і жылі.
Вялікай пакупкай лічылася набыць карову ці каня. Мэблі як такой не было. Што трэба было, ложак там ці стол, усё самі рабілі. Жыццё на зямлі ўсюды было аднолькавае, сеялі, аралі, жалі…
Муж маёй роднай цёткі з сям’ёй паехаў у Аргенціну і там жыў. І там у той час нарадзіўся ў яго сын, гэта быў ужо мой стрыечны брат. Потым ужо дзесьці ў 60-70-х гадах ён прыязджаў на радзіму ў адпачынак. Калі ён перапісваўся з маім родным старэйшым братам — прыслаў нават фатаграфію сваёй сям’і.
У нашай мясцовасці магазіны, цырульні былі толькі ў Нясвіжы. І лазня была, і хлеб пяклі. Але ўсім гэтым займаліся ў асноўным яўрэі.
У выпадку хваробы звярталіся толькі ў Нясвіж. Там быў па тых часах знакаміты доктар. Як цяпер я яго памятаю, часта яго ўспаміналі ў размовах бабулькі. Ён быў паляк. Добрасумленны, прыстойны. І гэты доктар лячыў усе хваробы. Плацілі за лячэнне ў асноўным прадуктамі: курыцу, гуся неслі ці яйкі.
У нашай вёсцы была адна школа, на польскай мове. Стаўленне настаўнікаў да вучняў было нармальным. Настаўніца, пані Зося, як яе называлі, была жанчына добрай душы, паважала дзяцей, і яе паважалі. І дзеці паважалі, і бацькі паважалі. Таму што гэта была настаўніца.
Цяпер пісаць па-польску я, напэўна, не змагу. А разумець — разумею. Мой старэйшы брат і мой муж хадзілі ў польскую школу. Многія служылі ў польскім войску. Польская мова была ў вёсцы не чужой. Многія размаўлялі па-польску, а польскія словы нават і цяпер засталіся ў мясцовым ужытку.
Калі фронт прайшоў у 43-м годзе, у ліпені вызвалілі нашу вёску, у верасні дзеці адразу пайшлі ў школу. Школа была адна на вёску, выкладаліся беларуская і руская мовы. Але ўсе прадметы на беларускай мове былі.
Палякі ў вёсцы жылі. Іх было мала. Толькі ў панскім двары ў Завушшы. Працавалі на зямлі. Пяць ці шэсць сем’яў, дакладна не памятаю. А ў вёсцы яны не будавалі дамоў. Мелі нармальныя зносіны з вясковымі. Канфліктаў не было.
Напэўна, можна было перайсці ў каталіцтва, але не было выпадкаў, наколькі я памятаю, каб нехта ў вёсцы змяніў сваю веру на каталіцкую.
Да праваслаўных і каталіцкіх святаў ставіліся з павагай. Каталікі свае святкавалі, маліліся ў свае святы, праваслаўныя — у свае. Ну, а гарэлку пілі аднолькава і на тыя, і на тыя святы, усе разам…
Яўрэяў у нашай вёсцы не было. Наогул, такога не было, наколькі я памятаю, каб у вёсцы на зямлі жыў яўрэй.
Жылі па сезонах цыганы — у цёплую пару года. Прыязджалі, ставілі свае шатры на пустой зямлі, якая не апрацоўвалася. У асноўным, яны былі кавалі. Сярпы рабілі вясковым або косы.
Мае хросныя маці і бацька былі палякі. Я памятаю, што калі заходзілі, частавалі, смачнае печыва хросная пякла.
Лепей, вядома, жылося палякам. Ну, натуральна, была ж польская ўлада, а любая ўлада добра ставіцца да сваёй нацыі, да свайго народу. Хаця розніцы вялікай не было. Усе працавалі, тады гультаёў не было.
Поспех для беларусаў — гэта рэдкі выпадак. Бывала, што выязджалі сыны ў Лацінскую Амерыку. Гаспадар зямлю, сям’ю не кідаў — выязджалі сыны. Там былі добрыя заробкі. Калі яны прысылалі адтуль грошы, бацькі куплялі зямлю, і гэта ўжо было і павага, і гонар. А наогул усё жыццё селяніна зводзілася да таго, як купіць зямлі. Сем’і былі вялікія. Дачку аддае замуж: бацька павінен даць нейкую меру зямлі. Дзесяціну ці дзве дзесяціны ў той час лічыліся як пасаг, абавязкова. І ў каго шмат сыноў было, усім не хапала.
Аб голадзе ў СССР казалі шмат: пры Польшчы былі газеты. Нават падчас акупацыі, пры немцах выходзілі газеты, і нямецкія таксама. Людзі чыталі, ведалі пра калектывізацыю, ведалі пра рэпрэсіі, што асуджалі нявінных людзей. Стаўленне было адмоўнае. На гэта меркаванне вельмі ўплывалі газеты. пасля ўз’яднання яно змянілася.
*Стыль маўлення гераіні часткова захаваны.
Ірына ЕФІШОВА.
На фота: Соф’я Іванаўна з мужам Фёдарам Сільвестравічам. 1950 г.



