Па рабоце часта даводзіцца бываць у розных куточках нашай Нясвіжчыны. Прыводзяць туды розныя абставіны і мэты. Але быццам мімалётам вока чапляецца за пэўныя з’явы навакольнай рэчаіснасці, за людзей, чымсьці прыкметных і, зразумела, за саму мясцовасць.
Будучы ў месцах свайго дзяцінства, я нечакана для сябе адзначыла: колькі дамоў пустуе. Нельга сказаць, што гэта нейкія новыя факты, але чамусьці раней я не надавала гэтаму ўвагі. Жыццё ідзе — пакаленне змяняецца пакаленнем. Сыходзяць у вечнасць тыя людзі, каторых мы называлі “бабуля” і “дзядуля”. Нічога не зробіш, у гэтым адвечным коле і крыецца сутнасць нашага жыцця. Але думкі мае набылі крыху іншы кірунак: колькі пакінутых хат, у якіх ніхто не жыве, ніхто сюды не прыязджае. Чаму? Дзеці і ўнукі ходзяць па свеце, а дом продкаў рушыцца, на вачах ператвараецца ў руіны.
А калісьці гэты дом на фота выглядаў зусім інакш… Увечары ў вокнах гарэла святло, а ў хаце пахла выпаленай печчу, вясковымі стравамі… І я ведаю людзей, якія тут жылі. Дзіўна і балюча адачасова ўсведамляць, што такія змены адбываюцца літаральна на вачах.
А хіба не прыкра вам, уласнікі такіх будынкаў, назіраць за гэтым усім? Сачыць за ціхай і пакутлівай смерцю ўтульнага калісьці куточка вашага дзяцінства, а для каго — і маладосці?
Я маю ўласны прыклад: калі не стала бабулі, перад намі паўстала пытанне: што рабіць з даволі вялікім уладкаваным вясковым домам? Жыллё ва ўсіх ёсць, а даглядаць і будынкі, і зямлю трэба. Было прынята рашэнне прадаць: няхай добрыя людзі жывуць і карыстаюцца, няхай паліцца печ, няхай чыесьці ўнукі гушкаюцца на маіх арэлях… Шчыра кажучы, вельмі цяжка нам далося такое рашэнне.
Калісьці дом будавалі прабабуля з прадзедам, і ў кожным яго куточку быццам засталіся напаміны аб іх. Абраз, з якім яны вянчаліся, ручнікі, сатканыя і вышытыя прабабуляй, чыгункі на прыпеку… Усё гэта — неацэнныя каштоўнасці для нас. А яшчэ ўспаміны: розныя, але такія яркія, якімі яны бываюць толькі ў маленстве.
Сёння там жывуць другія людзі, клапоцяцца аб доме, садзяць прыгожыя кветкі ў палісадніку. Дом жыве. Так і павінна быць. Не адразу я асабіста прыйшла да гэтага разумення, а кожнае набліжэнне да бабулінай хаты выклікала смутак: я больш ніколі не змагу тут бываць, гэта ўжо не наша. І ў памяці адразу паўставалі карціны: на гэтай лаўцы мы з бабуляй перабіралі фасолю, тут цадзілі малако ад каровы Зоркі. І бясконцая чарга вобразаў… Але з цягам часу прыходзіць усведамленне: так трэба было, і мы зрабілі ўсё правільна. Сёння, праязджаючы там, я радуюся дыму з коміна ўзімку, пафарбаванаму плоту па вясне. Не памёр і не загінуў любы майму сэрцу куточак! А ручнікі і абраз я клапатліва захоўваю ўжо ў сваім доме…
Я не магу зразумець: няўжо не баліць нічога ў душы людзей, якія так легкадумна пакідаюць хаты сваіх бацькоў. Хіба не ўстрапянецца сэрца, калі пабачыш хату, у якой стаяла твая калыска, у такім стане?
Зразумела, не кожны будынак лёгка прадаецца. Бывае і такое, што і прадаваць няма чаго. Але ў такім выпадку ёсць іншае выйсце — звярнуцца ў мясцовыя сельвыканкамы з заявай аб тым, што сядзібай карыстацца не плануеце. Тады будынак будзе афіцыйна прызнаны нічыйным. І ў яго будзе іншы лёс. Шкада? А не шкада назіраць за тым, як ён урастае ў зямлю, як выбіваюць вокны вандалы, як зарастае пустазеллем двор? Кажуць, хата бацькоў не прадаецца. У такім выпадку трэба даглядаць, не забываць, што вы, як уласнік, маеце да гэтага прамое дачыненне, несяце адказнасць за сваю маёмасць, якой бы яна не была.
Ірына ЕФІШОВА.



