Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Успаміны Алены Жукоўскай аб тым, як дрэнна жылося простаму беларусу “за Польшчай”

Пост опубликован: 30.03.2026

“Сабе чацвёртую частку, астатняе — пану”

Былая настаўніца з вёскі Дзераўная Слонімскага раёна Алена Жукоўская ўспамінае, як дрэнна жылося простаму беларусу “за Польшчай” і як сустракалі сваіх вызваліцеляў.

У 1921 годзе палова нашай рэспублікі з насельніцтвам амаль у чатыры мільёны апынулася ў юрысдыкцыі польскай дзяржавы. Новая ўлада не спяшалася развіваць тут эканоміку, прамысловасць, культуру. “Польшчу Б” (так называлі палякі далучаныя землі) лічылі хутчэй сыравінным прыдаткам “Польшчы А”. Цяжэй за ўсіх у тыя гады жылося сялянам: сем’і вялікія, зямельныя надзелы малыя, лес панскі, рака — таксама. Каб пракарміцца — або ў батракі, або на заробкі ў далёкія краіны. У арэнду ўзяць зямлю можна, але на рабаўніцкіх умовах. “Бацька арэ, сее жыта, авёс. Вырошчвае, а калі ўбярэ ўраджай, — сабе чацвёртую частку, астатняе пану”, — успамінае Алена Жукоўская, былы настаўнік беларускай і рускай моў з вёскі Дзераўная Слонімскага раёна, якая жыла “за польскім часам”. Хоць амаль усё жыццё яе звязана з Гродзеншчынай, некалькі гадоў Алена Жукоўская працавала у сельскай школе Нясвіжскага раёна.

Алена Іванаўна, якой ужо 93 гады, жыве ў вёсцы на вуліцы Цэнтральнай. Прама да яе двара вядзе “брукаванка”, якая з’явілася пры паляках. Мясцовыя дагэтуль называюць яе “шараварка”. Кожны жыхар вёскі старэйшы за 18 гадоў павінен быў адпрацаваць на “шараварцы” адзін-два тыдні. За працу гміна плаціла толькі запрошаным укладчыкам пліткі, для сялян гэта была павіннасць.

— Мае бацька, маці, цётка на працу ішлі з коньмі, вазілі пясок, камяні. Астатнія, хто без цяглавай сілы, грузілі, капалі, насілі, — паказвае дарогу Алена Іванаўна. — Жыццё за “польскім часам” успамінаю як страшэнную галечу. Па вясне не тое што бульбіны ў засеках не знойдзеш, крапіву навакол усю з’ядуць. Працавалі цяжка, і ўсё ўручную. Я яшчэ пры Польшчы (у сем гадоў) жала жыта. Жну, кладу, звязаць снапок сілы не хапае, і за мной ідзе мама. Бульбу капалі, кароў са стрыечным братам пасвілі.

Паводле апавяданняў сведкі, у Дзераўной былі два памешчыкі — родныя браты Адахоўскія. Іх дамы стаялі ўдалечыні ад вёскі, абодва драўляныя, дабротныя: адзін — на ўзгорку, другі — крыху ніжэй. У кожным жылі “парабкі” — вяскоўцы, якія абслугоўвалі маёнткі. У маёнтку вялікі сад, абнесены двума радамі ліп, пасека. Прыходзіць жніво, па вёсцы ідзе панскі кіраўнік — склікае батракоў. У дзень плацілі да чатырох злотых. Для параўнання: выклікаць урача для хворага каштавала 20 злотых. А хварэлі ад цяжкай працы і жыцця ўпрогаладзь часта цэлымі сем’ямі. Алена Іванаўна ўспамінае жудасны эпізод. Неяк зімой усю сям’ю зваліла эпідэмія грыпу. Печ выпаліць няма каму, і яе трохгадовы брат Толя бегаў па халоднай падлозе. Захварэў. Грошай выклікаць доктара не было — малы памёр ад запалення лёгкіх.

Сям’я Алены Жукоўскай сярод беднякоў лічылася сярэднезаможнай. На восем душ прыходзілася 4,5 гектара зямлі. Гэта паўучастка. Былі і тыя, хто валодаў участкам, — дзевяццю гектарамі. Але большасць вяскоўцаў — беднякі-беднякамі — мелі не больш за паўтара гектара. Выжывалі толькі за кошт таго, што батрачылі сям’ёй на памешчыка, — аралі, касілі, што ні загадаюць, рабілі.

— Пан дзяліў свой луг на “дзялкі” і даваў участкі ў арэнду. Мой бацька ўсё лета косіць, сушыць сена. Прыходзіць пара звозіць яго дадому, нам — дзясятая частка, астатняе — пану, — расказвае вяскоўка пра тое, якая “справядлівасць” панавала пры Польшчы. — Лес таксама панскі. Хадзіць туды не забаранялі, але як толькі збярэшся па ягады, ляснік стаіць — адсыплеш у яго вядро і далей збірай. З грыбамі — тое ж самае. Нядзіўна, што людзі незадаволеныя былі парадкамі. Маленькая была, але памятаю, як вечарамі збіраліся ў нас у хаце, рэзка выказваліся супраць новай улады. Бацька быў адукаваны, у сям’і чыталі газеты, абмяркоўвалі.

Так атрымалася, што Алена Жукоўская двойчы вучылася ў першым класе. Спачатку ў польскай школе, потым у савецкай. Пры паляках дзяцей вучылі па кнігах Марыі Канапніцкай, Генрыка Сянкевіча, Зыгмунта Красінскі. Гаварыць на роднай беларускай (хоць гэта была хутчэй сумесь беларускай з рускай) можна было толькі дома. За любую правіннасць настаўнік з нямецкім прозвішчам Наглер ставіў у кут на калені. А мог даць пакрыўджанаму вучню ножык — той зразаў палку, а настаўнік пару разоў перацягне па мяккім месцы крыўдзіцеля. Калі прыйшлі Саветы, дзяўчынку зноў запісалі ў першакласнікі, і там яна даведалася пра Якуба Коласа, Янку Купалу, Змітрака Бядулю. Пасля скончыла дзесяць класаў і вывучылася на педагога-філолага.

— Калі была маленькай, з намі жыла родная сястра бацькі Фаіна. У 1930-я гады цётка выйшла замуж. Яе муж Іван Стэфанавіч быў рукасты, яна ж была адукаваная (яшчэ пры цары скончыла чатыры класы царкоўна-прыходскай школы). Вядома, у Дзераўной ім рабіць не было чаго, і, як толькі Заходняя Беларусь адышла палякам, яны з’ехалі ў Вільню. Прыйдзе ліст адтуль, увечары збяромся ў хаце і бацька ўголас чытае. Цікава было паслухаць, бо мы з вёскі ніколі не выязджалі. Дагэтуль захоўваю сямейную фотакартку (1925 года) цёткі і яе мужа. Ужо пасля 1939-га яны вярнуліся ва ўз’яднаную Беларусь. І цётка расказвала, што ўдзельнічала ў антыпольскіх дэманстрацыях у Вільні і нават была знаёмая з адным з арганізатараў камсамольскага руху Заходняй Беларусі Сяргеем Прытыцкім. Яна вельмі ганарылася гэтым фактам.

Алена Жукоўская запомніла на ўсё жыццё той вераснёўскі дзень 1939 года, калі міма вёскі ішлі савецкія танкі:

— У Дзераўной на градках не засталося ніводнай кветкі. Людзі кідалі кветкі на танкі, а яны ішлі і ішлі бесперапынна, пачынаючы з абеду і да позняй ночы. Аднавяскоўцы збудавалі дзве ўрачыстыя аркі: на пачатку вёскі і ў канцы. Укапалі драўляныя слупы, упрыгожылі галінкамі. Каля кожнай брамкі стол з пачастункамі — і выпіць, і закусіць. Пасля танкаў ішлі машыны, потым конніца, пяхота. Пачаставаць салдаціка было вялікім гонарам, на сталы неслі ўсё, што было прыхавана ў засеках.

Пасля вызвалення Беларусі панскую зямлю раздавалі сялянам. У Слонімскім краязнаўчым музеі ёсць здымак, на якім землямер “казой” наразае ўчасткі. Сям’і Алены Жукоўскай дадалі 70 сотак. Панскіх коней, свіней і іншую жыўнасць дзяржава забрала і раздала сялянам.

— Калі паны пачулі, што набліжаюцца савецкія войскі, уцяклі. Як склаўся іх лёс, ніхто і не ведае. У адной памешчыцкай сядзібе “парабкі” перабраліся са сваіх халуп у панскія пакоі, там жа выдзелілі кватэру дырэктару мясцовай савецкай школы Андрэю Міхальчыку. У другім доме размясцілася сама школа, я туды хадзіла з другога па чацвёрты класы, — дзеліцца ўспамінамі жанчына. — У 1941-м памешчыца (жонка аднаго з паноў) з дачкой вярнулася разам з немцамі. Частку зямлі, кароў забрала ў свае ўладанні. Памятаю, як праз свайго кіраўніка Бжазоўскага перадала ў вёску запіску, наказвала: “Хто разабраў нашых коней, кароў і іншую жыўнасць, — збіць масла і яек перадаць у нямецкі гарнізон”.


У 1939 годзе Чырвоную армію ў Заходняй Беларусі сустракалі як вызваліцеляў. Бо амаль 20 гадоў краіна была не па сваёй волі падзелена на часткі. Шмат сем’яў было падзелена дзяржаўнай мяжой. Актыўна ішла паланізацыя насельніцтва. Справаводства вялося на польскай мове, адукацыі на беларускай нельга было атрымаць. Касцёлы адчувалі сябе нашмат вальготней, чым праваслаўныя цэрквы. Палякі ў “крэсах усходніх” былі ў прывілеяваным становішчы, а вось правы беларусаў, яўрэяў ушчамляліся, што спрыяла развіццю нацыянальна-вызваленчага руху.


Важныя пасады займалі палякі. Ва ўсіх павятовых цэнтрах і цэнтрах ваяводстваў будавалі чыноўніцкія пасёлкі — для спецыялістаў з Цэнтральнай Польшчы, якіх прысылалі на заваяваную тэрыторыю, каб ствараць установы і наладжваць пасляваеннае жыццё. Гэта цэлыя мікрараёны з добрымі, у адзін-два паверхі сядзібнага тыпу дамамі, добраўпарадкаванымі вадаправодам. Іх яшчэ можна ўбачыць у Нясвіжы, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Паставах, Глыбокім. Натуральна, беларусы і не марылі пра такое жыллё.

Ірына ЕФІШОВА.

На галоўнай выяве: Алена Жукоўская,1950-я гады.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика