Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Антаніна Радзіановіч: “Будзьце ўдзячнымі за тое, што маеце”

Пост опубликован: 07.04.2026

У гарадскім пасёлку Гарадзея жыве чалавек, чыя памяць захоўвае цэлую эпоху. Антаніна Сямёнаўна Радзіановіч нядаўна сустрэла свой дзевяноста другі дзень нараджэння. За яе плячыма — вайна, работа ў глухіх вёсках на Браслаўшчыне, гады ў медыцыне… І яе аповед — не проста біяграфія, а жывая гісторыя, у якой спляліся лёсы, праца, адказнасць за жыццё другіх і вера ў лепшае.

Антаніна Сямёнаўна нарадзілася ў вёсцы Круты Бераг Нясвіжскага раёна.

— Я з блізнят, — расказвае жанчына. — Сястра мая памерла яшчэ маленькай. Чаму, я не ведаю. Мама казала, што з нас дваіх яна куды крапчэйшай была, чым я, але бачыце, як Бог управіў. А мяне выхадзілі, на печы адагрэлі. І гэта ў прамым сэнсе. Тады, у тую пару, так і рабілі: калі народзіцца кволае дзіцятка, неданошанае, яго не ў калыску, а на печ клалі, каб не мерзла. Сёння сказалі б, што дзікасць нейкая. А так не адно пакаленне людзей выхадзілі.

Аб дзяцінстве ў Антаніны Сямёнаўны засталося нямала ўспамінаў. Асабліва аб умовах, у якіх жылі многія сем’і. Яна прыгадвае, што амаль усе жылі вельмі сціпла, некаторыя аднавяскоўцы — амаль у прогаладзь.

— Пра прысмакі якія-небудь мы і думаць не маглі, — кажа яна. — Зразумела, мы зусім іншымі былі. Помню, як чакалі гадавых свят — Вялікадня, Каляд. Гэта сапраўды нейкі цуд быў: усе рыхтаваліся, прыбіралі хату, стравы святочныя гатавалі. А якія смачныя былі тыя велікодныя булкі! Мне падаецца, што за ўсё жыццё нічога смачнейшага я не ела. Увогуле, выхоўвалі дзяцей у строгасці. Людзі вельмі цяжка жылі і цяжка рабілі: не да пяшчоты было. Я не памятаю, каб асабліва хтосьці з бацькоў мяне проста так, без прычыны, абнімаў ці цалаваў. Не было так заведзена. Але абаязкі свае я мела ўжо ў маленстве. Работай не душылі, але пасільную дапамогу бацькам рабіла. Падмесці падлогу, памыць посуд, перабраць бульбу, курэй пакарміць — кожнае пяцігадовае дзіця ў вёсцы гэта рабіла. Станавіліся старэйшымі — абавязкі дабаўляліся: пакарміць свіней, авечак, напрыклад. Да каровы, праўда, не дапускалі. Ніхто не жаліўся, што цяжка, бо ведалі: бацькам яшчэ цяжэй. Да вайны тата працаваў на чыгунцы, мама — у калгасе.

Жахлівых карцін вайны Антаніна Радзіановіч не памятае, але агульная атмасфера, якая панавала ў той час, усплывае ў галаве па сённяшні дзень. Яе тата загінуў на вайне, пад Кёнігсбергам (цяпер — Калінінград).

— Я помню той дзень, калі прыйшла пахаронка, — цяжка ўздыхае жанчына. — Я помню, як плакала маці. І, мабыць, ніколі больш я не чула, каб так плакалі людзі. Гэта быў нейкі натуральна звярыны крык, які сыходзіў быццам з самай душы. Я тату вельмі любіла, і колькі дзесяцігоддзяў ужо мінула, а ён мне сніцца і зараз, такім, якім я яго запомніла. Многія аднавяскоўкі засталіся ўдовамі, а дзеці — сіратамі. Мой бацька сам пайшоў на фронт, па ўласным жаданні. Усіх мужчын, годных да вайсковай службы, з якімі ён рабіў, прызвалі ў Чырвоную Армію. А ён дабравольна пайшоў разам з імі. Маці ўпрошвала не ісці, але ён быў цвёрдым у сваім намеры. “Раз хлопцы мае ідуць, то і мне там трэба быць”, — так ён тлумачыў гэта.

Аднаўляць гаспадарку пасля вайны таксама было нялёгка — маці Антаніны Сямёнаўны працавала ў мясцовым калгасе ад цямна да цямна. Дачка памагала дома, але насамрэч дзяўчына марыла атрымаць адукацыю, хацела быць доктарам.

— У школе я вучылася добра, — кажа яна. — Не магу сказаць, што якіясьці прадметы былі любімымі, мне проста падабалася вучыцца. Скончыла школу і паехала ў Мінск. Там спрабавала паступіць у медыцынскае вучылішча. З першага разу не атрымалася. Вельмі перажывала, што не ўдалося прайсці па конкурсе, але што ж зробіш… Мама параіла не вяртацца ў вёску, а заставацца ў сталіцы. Там усё ж магчымасцей больш, ды і калі на сяле да экзаменаў рыхтавацца? Не паступіла — ідзі ў калгас і рабі. Уладкавалася сакратаром на завод халадзільнікаў, па вечарах рыхтавалася да экзаменаў. Так прайшоў год.

У Мінскае медыцынскае вучылішча падаваць дакументы Антаніна Сямёнаўна не стала: хтосьці падказаў, што ў Баранавіцкім медвучылішчы крыху больш студэнтаў набіраюць. Яна паехала туды, паступіла без праблем.

— Па размеркаванні мяне направілі на Віцебшчыну, у Браслаўскі раён, — успамінае Антаніна Сямёнаўна. — І скажу шчыра, гэтыя тры гады для мяне былі сапраўдным выпрабаваннем. Не ведаю чаму, але ў той мясцовасці “чужакам” рады не былі. Ды і ўвогуле, людзі там горш жылі, чым на Нясвіжчыне. Я думала, на той час, што ў нас цяжка, пакуль не ўбачыла, як людзі жывуць. Сяляне не хацелі аддаваць дзяцей у школу, а настаўнікі нават на вуліцу ўвечары баяліся выходзіць. Я гэта добра ведаю таму, што ў той час сябравала з маладой настаўніцай з мясцовай школы. Чаму так? Таму што ў бліжэйшых вёсках пераважна жылі прыбалты, і савецкая ўлада, як і савецкія школы, ім зусім не падабаліся. Зразумела, сітуацыя змянілася, але было і такое.

Пасля трохгадовага тэрміну адпрацоўкі Антаніна Радзіановіч вярнулася на малую радзіму, працавала акушэркай на Сейлавіцкім ФАПе, потым на Квачоўскім, а пасля — у акушэрскім аддзяленні Гарадзейскай бальніцы.

Антаніна Радзіановіч: “Будзьце ўдзячнымі за тое, што маеце”

— Сваю работу я вельмі любіла, — расказвае А.С. Радзіановіч. — І колькі дзяцей я прыняла, нават падлічыць складана. Безумоўна, гэта адказная работа. Але яна такая “ўдзячная”! Гэта сапраўды незвычайнае пачуццё: бачыць, як растуць тыя людзі, якім ты дапамог з’явіцца на гэты свет. Медыцына тады, калі працавала я, і сённяшняя — ні ў якае параўнанне. Многія цяжкія выпадкі таго часу сёння вырашаюцца вельмі лёгка. Каб нам расказалі, што ёсць нейкі апарат, я маю на ўвазе апарат ультрагукавой дыягностыкі, пры дапамозе якога можна ўбачыць, як дзіця размяшчаецца, ці правільна развіваецца, мы б, напэўна, не паверылі. На той час ад вопытнасці акушэркі залежала вельмі многае. Безумоўна, былі і ў маёй практыцы розныя непрыемныя выпадкі, былі і трагічныя, на жаль. Без гэтага ў медыцыне не абыходзіцца, мне так падаецца. Многае залежыць ад медыкаў, але не ўсё. Калі чую меркаванні, што медыкі ў такіх сітуацыях не перажываюць, бо для іх гэта проста работа, то абураюся. Гэта не праўда! Я пражыла на свеце ўжо 92 гады, палічыце, колькі я ўжо на пенсіі. А некаторыя сітуацыі абдумваю і па сённяшні дзень, і перажываю зноў і зноў, хоць і прайшлі ўжо дзясяткі гадоў.

Асабліва перажывае Антаніна Сямёнаўна за тых жанчын, якія ідуць на аборт. І самой ёй прыходзілася рабіць такія аперацыі.

— Я не кажу пра тое, калі для правядзення такой аперацыі ёсць медыцынскія падставы, — дзеліцца яна сваімі думкамі. — Але, калі іх няма… Дзяўчата, жанчыны, калі Бог вам дае здаровае дзіцятка, калі ў вас ёсць магчымасці яго нарадзіць, не рабіце аборт. Так я казала заўсёды сваім пацыенткам. І сёння скажу чытачкам. Ёсць тысячы людзей, якія моляцца аб тым, каб у іх былі дзеці… Вы не ўяўляеце, як гэта балюча для жанчыны глядзець на чужых дзяцей і ведаць: сваіх у яе ніколі не будзе. Я разумею, што нікому не пакамандуеш, і гэта асабісты выбар кожнага чалавека… Але, калі ў душы ёсць хоць зярнятка сумненняў, — не рабіце грэх, дайце дзіцятку нарадзіцца.

Пасля выхаду на пенсію Антаніна Сямёнаўна змагла займацца тым, на што не хапала часу ў працоўныя будні — сваімі шматлікімі хобі.

— Я вельмі любіла вышываць і вязаць, яшчэ змалку ўсяму навучылася, — усміхаецца жанчына. — І спраўна гэдак выходзіла ў мяне. Многа вышывак па сённяшні дзень захоўваю — і карціны, і ручнікі, і сурвэткі. На жаль, гады бяруць сваё: і зрок ужо падводзіць, і рукі. Здаецца, так хочацца чымсьці такім заняцца, прыгажосць якую зрабіць, а ўжо не магу. І кветкі я ўсё жыццё вельмі любіла! Яны заўсёды буялі ў палісадніку — розныя, яркія. Мне падабалася іх вырошчваць, даглядаць… У апошнія гады я і гэтым займацца не магу. Бывае, гляджу на агарод, на палісаднік — вачыма, здаецца, усё б перарабіла. А сіл няма… Таму скажу ўсім: цаніце тое, што маеце на сённяшні дзень. Радуйцеся сваёй маладосці і ніколі не скардзіцеся на жыццё. У кожным узросце ёсць свая прыгажосць, і ніводнае імгненне больш ніколі не паўторыцца, таму жывіце сённяшнім днём і будзьце ўдзячнымі за тое, што маеце.

Ірына ЕФІШОВА.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика