У мастацкай галерэі “МАРА” адкрылася выстава памяці мастака Міхася Карпука “Пейзажы роднай зямлі”. На ёй прысутнічалі сын і дачка аўтара экспазіцыі — Андрэй і Алена.
Міхась Карпук нарадзіўся ў 1930 годзе на Брэстчыне ў вёсцы Мыкшыцы, непадалёку ад мястэчка Высокае (Літоўскае), у якім да нашых дзён захаваліся руіны старажытнага замка і цудоўны парк. Будучы мастак з дзяцінства ўвесь час маляваў. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1948 — 1956 гг.), а пазней — у Маскоўскім паліграфічным інстытуце на аддзяленні графікі (1956 — 1962 гг.). Пачатак творчай дзейнасці аўтара выставы звязаны са станаўленнем Беларускага тэлебачання. Канцэртныя праграмы, дзіцячыя перадачы, літаратурныя пастаноўкі, тэлевізійныя спектаклі і стужкі — ва ўсё гэта ўкладвалася праца мастака-пастаноўшчыка.

Дырэктар мастацкай галерэі “МАРА” Ларыса Бортнік і сын Міхася Карпука Андрэй Карпук
За 15 гадоў адданай працы Міхась Карпук афармляў такія пастаноўкі, як “Песня музыкі” паводле Я. Коласа, “Якаў Багамолаў” М. Горкага, “Крах” па п’есе Л. Талстога, “Ткачы”, “Уся каралеўская раць” Р.П. Уорэна і шэраг іншых. 3 1963 г. Міхась Карпук — пастаянны ўдзельнік мастацкіх выстаў, а з 1969 г. — член Саюза мастакоў. У 1971 годзе Міхась Карпук стварыў мастацкі вобраз да мемарыяльнага дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку. У 1972 годзе ў якасці мастака-пастаноўшчыка пачаў творчую працу на кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе аформіў такія мастацкія фільмы, як “Парашуты на дрэвах”, “Аннушка”, “Канец бабінага лета”, “Апошняе лета дзяцінства” і інш. 3 1978 г. — член Саюза кінематаграфістаў СССР.
У 1983 годзе Міхась Карпук пакінуў кінастудыю і заняўся творчай працай у майстэрні. Шматгадовая работа на тэлебачанні і кінастудыі не прайшлі дарма: кожны яго пейзаж — нібы асобны кадр са сваёй ідэальнай кампазіцыяй, глыбінёй і мастацкімі дэталямі. А ўвогуле першае слова, якое прыходзіць на розум, калі разглядаеш карціны, прадстаўленыя ў “МАРЫ”, — гэта “пяшчота”. Менавіта гэта пачуццё ахоплівае душу, калі амаль фізічна адчуваеш заспакаенне і цяпло, якія зыходзяць ад іх незалежна ад таго, што адлюстравана на палатне — зеляніна ці снег.

“Дняпро”
Прадстаўлена на выставе і графіка мастака, выкананая алоўкамі і пастэллю на паперы — таксама дасканалая і па-свойму чароўная.
“У мастацтве я адналюб, — казаў Міхась Карпук. — Пішу толькі непаўторныя пейзажы роднай Беларусі”. Сапраўды, прыхільнасць мастака да краявідаў Бацькаўшчыны гаворыць сама за сябе. Ён шмат разоў ствараў пейзажы Брэстчыны, Гродзеншчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны. І хаця аб’ездіў шмат мясцін — Расію, Узбекістан, Каўказ, Крым, Украіну, Малдову, Літву, Латвію, Эстонію, Германію, Швецыю, Польшчу, але застаўся верным знаёмай з маленства беларускай прыродзе. Яна па-сапраўднаму вабіла творцу і па-майстэрску адлюстравана на палотнах і ў графічных малюнках.

“Родныя прасторы”
Сын мастака Андрэй Міхайлавіч узгадвае пра бацьку як пра вельмі таленавітага, і ў той жа час вельмі сціплага чалавека, які не імкнуўся да званняў і славы, не дабіваўся шырокага прызнання. Ён хацеў аднаго: займацца творчасцю. І гэтаму прысвяціў жыццё.
— Бацька падчас работы на кінастудыі часта бываў у раз’ездах, — узгадвае Андрэй Карпук. — Але мы, дзеці, заўсёды адчувалі яго любоў: з камандзіровак ён прывозіў нам цацкі, якіх не было ў іншых дзяцей, тамы сучаснай фантастыкі, якая была вялікім дэфіцытам, пастаянна стараўся нас нечым парадаваць. А калі стаў займацца менавіта мастацтвам, я, можна сказаць, “жыў” у яго студыі. Пастаянна адчуваў яго падтрымку.

“Летам”
Андрэй Карпук таксама зазначыў, што бацьку належыць і шмат цудоўных партрэтаў звычайных людзей — яго землякоў, але на выставе ў Нясвіжы прадстаўлены ў асноўным пейзажы. Дарэчы, гэта ўжо сёмая выстава мастака, якая праходзіць пасля 2018 года, калі ён адышоў у вечнасць. Дзеці вырашылі, што лепшай пашанай памяці іх бацькі будзе арганізацыя выстаў, падчас якіх на яго творчасць могуць любавацца людзі. А карціну, якая асабліва спадабалася, можна і набыць для сябе.

“Бярэзнік зімой”
Усяго ж, па словах Андрэя Міхайлавіча, мастацкая спадчына яго бацькі складае звыш 700 работ, і працаваў ён у сваёй майстэрні да апошніх дзён жыцця. Шмат эскізаў для тэлебачання і спектакляў таленавіты творца проста раздарыў, не ўсведамляючы іх каштоўнасці. Зразумела, што ў Нясвіжы прадстаўлена невялікая частка яго работ, але і тое, што ўдалося размясціць на першым паверсе галерэі, стала выдатным падарункам для мясцовых аматараў выяўленчага мастацтва і гасцей горада.
Дарэчы, наш горад для сына аўтара экспазіцыі не проста чарговая кропка ў геаграфіі выстаў бацькі. Андрэй Міхайлавіч з 2002 па 2011 год працаваў на рэстаўрацыі Нясвіжскага замка ў камандзе славутага Сяргея Друшчыца, а з 2015-га да канца 2024-га быў навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных работ на замку і касцёле Божага Цела. Таму выстава бацькі, арганізаваная ім у Нясвіжы, з’яўляецца своеасаблівай данінай павагі да нашага горада. Трэба зазначыць, што работы Міхася Карпука зараз прыбылі ў Нясвіж у другі раз — некалькі гадоў таму яны выстаўляліся ў інфармацыйна-касавым цэнтры музея-запаведніка “Нясвіж”.

“Звон восені”
Творы мастака экспанаваліся ў шматлікіх гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы, Швецыі. Яны знаходзяцца ў музеях Рэспублікі Беларусь і ў прыватных калекцыях аматараў мастацтва з Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, Бельгіі, Даніі, Швецыі, Люксембурга, Італіі, Турцыі, Ізраіля, Сірыі, ЗША і Канады. Вось цяпер на іх можам палюбавацца і мы.
Выстава памяці мастака Міхася Карпука “Пейзажы роднай зямлі” будзе доўжыцца ў мастацкай галерэі “МАРА” да 20 мая. Не прапусціце!
Лілія ІВАНЕНКА.



