Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа
протаіерэй Дзмітрый Хмель аддаў служэнню Богу і людзям 60 гадоў,
і 42 з іх быў настаяцелем храма
Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў нашым райцэнтры.
Дзмітрый Пятровіч нарадзіўся ва Украіне.
Калі іх тэрыторыю вызвалілі ад акупантаў, Дзмітрый Хмель пайшоў у Чырвоную Армію. Быў наводчыкам 100-міліметровай пушкі ў 5-й арміі на III Беларускім фронце, адначасова выконваў абавязкі арттапавылічальніка. Вызваляў Оршу, Мінск, Ліду, Вільнюс, Каўнас. Ва Усходняй Прусіі падчас аднаго з баёў трэба было знішчыць варожы дзот. А ў нашых гармата разбітая, разлік загінуў. Дзмітрый Хмель з супрацьтанкавай гранатай папоўз па траншэі, каб зайсці з тылу. Нямецкі каравульны заўважыў смельчака, абстраляў, раніўшы ў нагу. Але салдат усё-такі дапоўз, кінуў гранату ў акно. Пасля ўзрыву яго заваліла велізарнымі абломкамі, выбрацца з-пад якіх не змог. Суткі праляжаў пад заваламі, пакуль не наткнулася на яго пахавальная каманда і не пачула стогн… Пасля шпіталю Дзмітрый Хмель вярнуўся ў сваю часць. Яго ратныя подзвігі былі адзначаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі “за адвагу”, “за баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”.
Пасля вайны Дзмітрый Пятровіч скончыў Мінскую духоўную семінарыю, нёс службу ў Лагойскім раёне, а з 1957 года — у Нясвіжы. Сам давёў з рабочымі да ладу невялікую царкву на Новым месцы. Выконваў абавязкі благачыннага, а гэта была служба яшчэ ў чатырох суседніх раёнах. Ён быў добрым, высокамаральным пастырам, светлым, спагадлівым чалавекам. Яго служэнне адзначана ордэнамі Еўфрасінні Полацкай і Сергія Раданежскага, князя Кіеўскага Уладзіміра, князя Маскоўскага Данііла, Мітрай і Патрыяршай граматай.
Падрыхтавалі
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ і Таццяна ГНЕДЗЬКА.



