Люблю беларускую мову. Люблю, калі яна прыгожа, мякка,
граматна льецца з вуснаў чалавека. Або калі радкамі літараў прыцягвае чытача да друкаваных твораў — публіцыстыкі ці мастацкай
літаратуры. Вабіць яркімі вобразамі, удала выкарыстанымі эпітэтамі,
метафарамі, параўнаннямі.
Ужыванне пэўных слоў і выразаў павінна быць да месца, дарэчы. У адваротным выпадку будзе лічыцца памылкай. Чалавеку, далёкаму ад гэтай тэмы, можа быць усё роўна: ну, сказаў — і сказаў, напісаў — і напісаў. А мовазнаўцы, філолагі, журналісты ведаюць (павінны ведаць!), калі і дзе можна прымяніць тое ці іншае слова. І не толькі дыплом аб адпаведнай адукацыі падстава таму. Ёсць яшчэ тонкае адчуванне ўсіх моўных нюансаў. А таксама — грамадзянская адказнасць. Раней старэйшыя людзі расказвалі нам: дзеці па газеце дома вучыліся чытаць, таму яна павінна быць напісана граматна.
У залежнасці ад задач і сітуацый лексіка беларускай мовы падзяляецца на размоўны і кніжны стылі. У першым выкарыстоўваем простамоўныя словы (задрыпаны), словы з адценнем зневажальнасці, іроніі або жарту (лаўкач, прашмыгнуць), словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі (аловачак, дзіцятка), няпоўныя словы (Зі-і-н, чо?), няпоўныя сказы (Ты ў горад?). Усё гэта — прыкметы неафіцыйных стасункаў, фамільярнасці.
Кніжны стыль падзяляецца на мастацкі, навуковы, афіцыйна-дзелавы і публіцыс- тычны.
У першым, каб стварыць пэўныя вобразы, яскрава паказаць месца дзеяння і эпоху, аўтар ужывае розныя стылі, дыялекты, каб ярчэй вымаляваць характары і партрэты герояў.
Навуковы стыль прымяняюць у навуковых артыкулах, рэцэнзіях, лекцыях. Ён строгі, сухі, з лагічным выкладаннем тэксту. Афіцыйна-дзелавы стыль характэрны для загадаў, пастаноў, даведак і г.д. У ім — спецыяльныя тэрміны, канцылярызмы, клішэ.
Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі і камунікацыі. Яму характэрны грамадска-палітычныя тэрміны, ужыванне агульнапрынятых слоў і моўных выразаў беларус- кай лексікі. Менавіта пра яго зараз і пагутарым шырэй на старонках нашага грамадска-палітычнага выдання.
Вельмі важна ўмець правільна карыстацца стылямі. Не змешваць іх там, дзе гэта непатрэбна, недапушчальна. На жаль, некаторыя любяць гэта рабіць. Ці то з-за вельмі вольных адносін да слова, ці то ад жадання “бліснуць” шырокім дыяпазонам ведання розных слоў, каб прадэманстраваць сваю прасунутасць. Чым яны самі тлумачаць свой моўны “вінегрэт”? Даводзяць: маўляў, няхай чытачы пашыраюць свой кругагляд, множаць моўнае багацце. Ага, і шукаюць тлумачальныя слоўнікі, каб зразумець значэнне таго ці іншага слова і наогул пра што ідзе размова. Здаецца, што гэта непавага да чытача газеты, да акадэмічных фаліянтаў-слоўнікаў з агульнапрынятымі словамі, якімі і варта карыстацца. Напрыклад, трохтомны руска-беларускі слоўнік 1995 года перавыдання, падрыхтаваны пад эгідай Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі, утрымлівае ў рэестры каля 110 тысяч слоў, а ў перакладной частцы — звыш 300 тысяч, а яшчэ налічвае 5700 фразеалагізмаў. Няўжо, маючы такое вялікае лексічнае багацце, мы не можам данесці да чытача свае думкі і меркаванні, ужываючы словы правільна?!
Неяк у газетным артыкуле з’явілася слова выбітны. Мне патэлефанавала чытачка, медык па прафесіі, са здзіўленнем: а што яно азначае? Ну і праўда, можна ж было пры напісанні ўжыць любое з сінанімічнага раду, а ён вунь які вялікі: вядомы, выдатны, знакаміты, славуты. Здаецца, быў недарэчна ўжыты дыялект або індывідуальны неалагізм, штучнае лексічнае ўтварэнне ад нейкай часткі людзей. Як і каментар, кіроўца, таксоўца, майстроўца, міліцыянты, насамрэч. Яны такія… чужыя ў агульнапрынятым маўленні.
Не мае ніякай падставы жаданне ўжы- ваць у газетнай заметцы пра дзіцячае мерапрыемства слова рабяты. Яно ў акадэмічным слоўніку стаіць апошнім у сінанімічным радзе размоўнага стылю. Размоўнага… У публіцыстычным ёсць добрае слова дзеці, а прымяняльна да канкрэтных умоў можна ўжыць вучні, школьнікі, выхаванцы, хлопчыкі і дзяўчынкі.
Зусім дрэнна, калі сустракаюцца ў беларускіх тэкстах калькі з рускай мовы: стаяць у руля, сугуба, салфетка. Няма іх у напісанні граматнага беларуса. Адна справа, калі мы хочам паразмаўляць на трасянцы. А вось у газетным публіцыстычным стылі такое недапушчальна. Як і паланізмы з польскай і англійскай моваў.
Я люблю беларускую мову. Але не прымаю таго факта, што яе зрабілі сваёй зброяй людзі,
якія стаяць у апазіцыі да ўлады ці проста хочуць хоць якім чынам заявіць пра сябе. Трэба разумець, што гэта тыя 16,9 працэнта дарослых грамадзян рэспублікі, якія на рэферэндуме 14 мая 1995 года не згадзіліся з тым, каб зрабіць рускую мову дзяржаўнай нараўне з беларускай або ўстрымаліся ад выказвання свайго меркавання.
У перадвыбарнай праграме падчас выбараў прэзідэнта ў апазіцыі захаваўся гэты пункт: у краіне — толькі беларуская мова, ад дзіцячага садка да ВНУ і арміі. Гэтае патрабаванне нежыццяздольнае, таму што супярэчыць вынікам рэферэндуму 1995 года, калі 83,1 працэнта беларусаў, а гэта болей чатырох мільёнаў выбаршчыкаў, сказалі “так” рускай мове як другой дзяржаўнай. І чаму частцы незадаволеных яна так перашкаджае? Размаўляйце і пішыце на той, якая каму даспадобы. Толькі смешна і прыкра слухаць, як тыя, што с пенай на вуснах патрабуюць ад іншых карыстацца толькі беларускай мовай, самі размаўляюць на мешаніне. Прыслухайцеся: у многіх русізмы — ці не ў кожнай фразе. Як кажуць: а суддзі хто? Чалавек сціплы, тактоўны і разумны не апусціцца да ментарства, да безапеляцыйных заяваў і патрабаванняў.
Палітыка Савецкага Саюза будавалася на інтэрнацыяналізме, дружбе народаў. І ўвесь час недружалюбныя яму дзяржавы праз агентаў спецслужбаў ЗША, Брытаніі і іншых вялі падрыўную дзейнасць супраць усяго рускага, бо менавіта вакол Масквы гуртавалася, цэментавалася яднанне саюзных рэспублік. І з часам нашым ворагам удалося месцамі дабіцца сваёй мэты. Кропля і камень ру- шыць… Статак бараноў паслухмяна пайшоў за чабаном… У выніку ў краінах Прыбалтыкі наступілі чорныя часы дыскрымінацыі рускамоўнага насельніцтва, зневажання і выгнання тых, хто пражыў там жыццё, аднаўляючы пасля вайны, развіваючы рэгіён. Ды яшчэ як развівалі! Нянавісцю да ўсяго рускага, а заадно і беларусаў прасякнуты тыя ўкраінцы, чые мазгі заходнім палітыкам удалося перафарматаваць.
А гэта здараецца тады, калі адсутнічаюць крытычнае мысленне, уменне аналізаваць
і супастаўляць. У выніку — зацяжны ваенны канфлікт Расіі і Украіны, які выгадны Захаду і які той толькі падаграе. Нацыяналізм, калі ён пераходзіць чырвоныя лініі, спачатку робіцца радыкальным, пасля перарастае ў нацызм. А што атрымліваецца потым, мы добра ведаем.
У нашай краіне пражываюць людзі больш 150-і нацыянальнасцей. Гэта вялікі здабытак Беларусі: захаванне мірных стасункаў, узаемапавагі і ўзаемаразумення. У нас вучыцца шмат студэнтаў з замежжа, прыязджае шмат людзей атрымаць медыцынскую дапамогу. На экспарце падобных паслуг краіна зарабляе грошы. І мовай камунікацый выступае руская, як адна з моваў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Беларускі філосаф і асветнік эпохі Адраджэння Сымон Будны сказаў: “Глупствам з’яўляецца пагарджаць мовай адной краіны і ўзносіць пад нябёсы мову другой”. Тады, у XVI стагоддзі, можна было назваць глупствам, а сёння гэта стала адным з відаў зброі, прытым вельмі небяспечнай.
Сучасны пісьменнік Чынгіз Абдулаеў, ураджэнец Азербайджана, так і пытаецца ў чытачоў: а вам не здаецца, што трэба радавацца, калі людзі звяртаюцца да розных моваў? І развівае сваю думку: “Вялікі індыйскі паэт Рабіндранат Тагор пісаў на англійскай. Вялікі азербайджанскі паэт Нізамі Гянджаві пісаў на фарсі. Рускія пісьменнікі Набокаў і Бродскі пісалі па-англійску.
Няўжо гэта дрэнна?
Хіба важна, на якой мове хто піша? Важней, што піша… Колькі было вядомых пісьменнікаў у рэспубліках Савецкага Саюза, якія пісалі па-руску. Казах Олжас Сулейманаў, кіргіз Чынгіз Айтматаў, абхазец Фазіль Іскандэр, азербайджанцы браты Ібрагімбекавы. Многіх з іх ведалі не толькі ў нашай былой краіне”.
Напрыканцы прывяду выказванне савецкай актрысы, незабыўнай Фаіны Ранеўскай: “Нават калі ведаеш пятнаццаць моваў, руская ўсё роўна патрэбна. Ці мала што на нагу ўпадзе або радасць трэба выказаць…”.
А наогул: чаму той з нас, хто адмаўляе рускую мову для стасункаў у Беларусі,
не адмаўляецца ад расійскага прыроднага газу па цане 128,5 долара за тысячу кубоў? Плаціце па 350 — 400. А то хочацца жыць у цяпле і камфорце і разам з тым не паважаць рускую мову, крытыкаваць людзей, якія ў нас на ёй пішуць і размаўляюць. Хочуць беларусы жыць ціха, спакойна, без чужога заходняга акупанцкага бота на сваёй зямлі? Расія ўзяла нас пад свой ядзерны парасон. Дык, можа, павінна быць нейкая ўдзячнасць за гэта?! Самае малое — не бударажыць моўнае пытанне. Слова бударажыць адносіцца да размоўнага стылю, але я наўмысна выкарыстала, бо тут яно — дарэчы.
Хрысціна БОРК.



