У мастацкай галерэі “МАРА” адкрылася выстава карцін мастака Васіля Зянько “Архіварыус 2.0”.
Аўтар выставы, як адзначае дырэктар “МАРЫ” мастацтвазнаўца
Ларыса Бортнік, — адзін з найбольш таленавітых і паспяховых мастакоў сучаснай Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1977 годзе ў суседніх Стоўбцах, а зараз жыве і працуе ў Мінску,
уваходзіць у Саюз мастакоў і Саюз дызайнераў Беларусі.

Мастак Васіль Зянько (другі злева) з сям’ёй

Падчас адкрыцця выставы
З адкрыццём выставы мастака Васіля Зянько павіншалі дырэктар “МАРЫ” Ларыса Бортнік, старшыня Беларускага саюза мастакоў Андрэй Васілеўскі, былы старшыня гэтай арганізацыі Глеб Отчык, мастак-жывапісец Леанід Хобатаў і бацькі аўтара выставы Ганна і Васіль Зянько.
Як узгадвае сам Васіль Васільевіч, маляванне было яго ўлюбёным заняткам з самага ранняга дзяцінства. І хаця, вядома, не абыхо- дзілася без розных гульняў на вуліцы з сябрамі, цікавасць да паперы і фарбаў, якія прыцягвалі яго магнітам, стала вырашальнай. Яна прывяла хлопчыка ў гурток выяўленчага мастацтва пры мясцовым доме піянераў, дзе ён і пачуў пра рэспубліканскую школу-інтэрнат па выяўленчым мастацтве (цяпер — гімназія-каледж мастацтваў імя І.А. Ахрэмчыка). І пасля заканчэння чатырох пачатковых класаў Васіль аб’явіў бацькам, што хоча паступіць туды. У той год якраз мянялася 10-гадовая сістэма навучання на 11-гадовую, таму будучы мастак апынуўся адразу ў 6-м класе гэтай навучальнай установы. Вядома, бацькі не без трывогі прынялі рашэнне аддаць свайго яшчэ невялікага сына на вучобу ў Мінск, але, як паказаў час, не памыліліся, падтрымаўшы яго.
У школе-інтэрнаце дзейнічала эксперыментальная група па манументальным мастацтве, і юны творца вырашыў паспрабаваць сябе ў ім.
— З таго часу і пачаўся мой шлях манументаліста, — узгадвае Васіль Зянько.
На гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.А. Ахрэмчыка ён не спыніўся і ў 2006 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе яго настаўнікамі на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва былі народныя мастакі Беларусі Г.Х. Вашчанка, А.В. Бараноўскі і заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі У.Л. Зінкевіч.
Усе гэтыя гады Васіль Зянько нястомна працуе, захапляючыся рознамаштабнымі праектамі, якія патрабуюць ад мастака не толькі дасканалых ведаў, але і бездакорнага валодання выканальніцкім майстэрствам у самых розных відах і тэхніках манументальна-дэкаратыўнага мастацтва — мазаіцы, вітражы, рэльефнай ляпніне, роспісе сцен і столі.
На радасць звычайнаму гледачу, мастак стварае работы і ў станковым жывапісе, якія, у адрозненне ад манументальных, можна перамяшчаць з залы ў залу, з галерэі ў галерэю. Яго карціны часта аб’яднаны агульнай тэмай і, нягледзячы на тое, што кожная з іх цалкам можа існаваць паасобку ад іншых, яны ўсе экспазіцыйна і тэматычна завязаны ў адзіны змястоўна-апавядальны цыкл.
Так, у экспазіцыю ў Нясвіжы ўвайшлі фрагменты пяці розных серый, частка якіх ужо знаёмая аматарам мастацтва — “Драпежнік і ахвяра”, “Няпростыя адносіны”, “Час як рэнтген”, “Іншая скура”, а вось карціны з цыкла “Госці нефрытавага імператара” прадстаўлены на выставе ўпершыню.

Чырвоная байцоўская рыбка

Купанне Ірыды ў вясёлцы

Лавец сноў

Каралавыя рыбы
Як патлумачыў сам мастак, у праекце “Драпежнік і ахвяра” праводзіцца паралель паміж жывёльным светам і чалавечым соцыумам, дзе таксама ёсць свае ахвяры і свае драпежнікі. І на кожнага аднаго драпежніка знойдзецца другі. У праекце “Няпростыя адносіны” праз вобразы жывёл мастак раскрывае псіхалагічныя сітуацыі, уласцівыя і чалавечаму грамадству. Сэнс серыі “Час як рэнтген” у тым, што час з’яўляецца своеасаблівым рэнтгенам, які прыбірае ўсё лішняе, пакідаючы толькі сутнасць прадмета. “Іншая скура” — гэта збор чароўных жаночых вобразаў з сусветнай міфалогіі — японскай, кітайскай, славянскай і нават старадаўняй цывілізацыі ацтэкаў. Самы новы цыкл — “Госці нефрытавага імператара” — прысвечаны кітайскай культуры, кітайскаму гараскопу. Работа над ім яшчэ ідзе, і ён бу- дзе складацца з 12 карцін — сімвалаў кожнага года.
Мастак мэтанакіравана спалучае ў сваіх карцінах класічны жывапіс і дызайнерскі падыход, які дазваляе яго работам станавіцца сапраўдным упрыгажэннем дома. На думку некаторых мастацт- вазнаўцаў, стыль Васіля Зянько можна аднесці да так званага “дэкаратыўна-абстрактнага сімвалізму”. І, мяркуючы па ўсім, яны маюць рацыю — аўтарская тэхніка засноўваецца на пісьме акрылам па палатне з ужываннем разнастайных фактур, адмывак, найтанчэйшых лесіровак і аб’ёмных контураў. Яго карцінам уласціва арнаментальная хвалістасць ліній у спалучэнні з лёгкай асіметрыяй. Вобразы на яго карцінах нібыта танцуюць і нагадваюць хвалістыя арабескі, напоўненыя энергіяй і жыццёвай сілай.
— Алейнымі фарбамі такога не зробіш, — так тлумачыць мастак сваю прыхільнасць да акрыла.
Акрамя гэтага ўсяго, на працягу многіх гадоў Васіль Зянько паспяхова рэалізуе сваю ідэю стварэння жывапісных карцін для людзей з абмежаванымі зрокавымі магчымасцямі. Ён стварыў на аснове шрыфта Брайля такую тэкстурную паверхню палатна, якая ўвайшла ў сістэму тактыльнага ўспрымання людзей са слабым зрокам і невідушчых. Яго інклюзіўныя праекты атрымалі міжнароднае прызнанне і экспануюцца цяпер у розных выставачных залах краіны.
— Мае праекты вельмі рознапланавыя, — адзначыў у нашай гутарцы Васіль Зянько. — І мне многае хочацца сказаць імі, але, напэўна, галоўнае, што аб’ядноўвае іх, — гэта заклік “Беражыце прыроду”. Усе мы — яе частка, і людзям трэба памятаць пра гэта.
Без творчасці мастак не ўяўляе свайго існавання і на пытанне “Што для Вас мастацтва?” адказвае проста: “Мастацтва — гэта маё жыццё”. І яго карціны пацвярджаюць гэтыя словы.
Творы Васіля Зянько знахо- дзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея і іншых музеяў Беларусі, Кітая і ЗША, а таксама ў прыватных зборах аматараў мастацтва ў Аўстрыі, Беларусі, Германіі, Кітаі, Нідэрландах, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Турцыі, Францыі. І вось зараз іх могуць убачыць несвіжане і госці горада. Арт-праект “Архіварыус 2.0” будзе дзейнічаць у галерэі “МАРА” па 5 ліпеня.
Не прапусціце!
Лілія ІВАНЕНКА.



