Як застацца шчаслівым, калі лёс адняў бацьку на вайне,
калі з маленства трэба было цягнуць дарослую работу,
а сённяшні дзень абмежаваны ўзростам і хваробамі?
Адказ на гэта пытанне ведае жыхарка Пукелеўшчыны
Ірына Дашко, якая адзначыла свой 85-гадовы юбілей.
Яе ўспаміны — гэта не скарга на цяжкае жыццё, а павучальны
аповед пра сілу духу, пра тое, як любоў да жывёл
і павага да людзей дапамагалі выжываць, а ганаровы медаль “Працоўная слава” стаў сімвалам сумленнасці.

Ірына Іванаўна нарадзілася ў суседняй вёсцы Асмолава, і пра сваё дзяцінства яна ўспамінае з горкай усмешкай: не проста і не соладка было дзецям у пасляваенны час.
— Бацька наш пайшоў на вайну і прапаў без вестак, — расказвае яна. — Мы чулі, што ён загінуў дзесьці непадалёку ад мяжы з Польшчай, але дакладна так нічога не вядома і сёння. Мама засталася адна, сямёра дзяцей на руках. Пражыўшы жыццё, я дагэтуль не магу ўсвядоміць: як у яе хапала сіл на ўсё. Сем дзяцей сёння — вялікая рэдкасць. Тады, у час майго дзяцінства, сем’і вялікія былі, такой колькасцю дзетвары ў хаце нікога не здзівіш. Але як адной справіцца, як вытрымаць усе выпрабаванні? Яна справілася. Мы падрасталі і разумелі, што маме трэба дапамагаць, аберагаць яе, бо і так напакутавалася. І мы дапамагалі, як маглі. І на работу ў калгас прыходзілі ёй на падмогу, і па гаспадарцы дома рабілі многа чаго. Старэйшыя дзеці малодшых даглядалі — так тады заведзена было. І да работы рана прывучваліся, не скардзіліся, што цяжка. Навокал глядзелі — усе так жывуць. Ужо ў малым узросце я і карову ўмела падаіць, і свіней пакарміць, а што датычыцца агарода, то і палола, і са- дзіць дапамагала, і бульбу капалі разам. Зразумела, сучасныя дзеці іншыя, ды і выхоўваюць іх інакш: рэаліі жыцця змяніліся. Але ўпэўнена ў адным: чалавек з маленства павінен быць прывучаны да працы. Так я і дзяцей выхоўвала сваіх, і ўнукам гаварыла.
Ірына Іванаўна скончыла сем класаў школы, і адразу пайшла працаваць на будаўніцтва. Разумела, што падтрымка сям’і вельмі патрэбна. Праз некалькі гадоў перайшла з будаўніцтва на ферму ў Пукелеўшчыну, у калгас імя Леніна (зараз — ААТ “Лань-Нясвіж”), даяркай. На гэтай ферме і прайшло ўсё яе працоўнае жыццё.
— У першыя гады было няпроста, усе працэсы на ферме выконваліся ўручную. Кароў трэба было не толькі падаіць, але і дагледзець, пачысціць стойла, падаслаць, раздаць кармы. А з дапаможных прылад — толькі тачкі, ды і тых некалькі на ўсю ферму. Бывала, што і муж прыходзіў дапамагаць, бо насамрэч не вельмі лёгка для жанчыны насіць бідоны з малаком, бакі з кормам…
Увогуле, на работу я вышла, калі старэйшаму дзіцяці было 8 месяцаў, прыходзілася пакідаць такую малечу аднаго дома. Але нічога, дапамагалі людзі. Гэта сёння суседзі могуць гадамі жыць побач і толькі здаровацца. У часы маёй маладосці па-іншаму было: суседзі — сапраўдная супольнасць і вялікая падмога. Па сённяшні дзень удзячна ім, хоць іх ужо даўно на свеце няма, за тое, што дапамагалі, што магла дзяцей пакінуць дома і быць упэўненай — пакуль я на рабоце, малыя ў доглядзе, нічога не наробіцца. Потым, як падраслі, да мяне на ферму прыбягалі. Ірына Іванаўна працавала якраз у той час, калі ручная дойка замянялася на апаратную. Па словах суразмоўцы, жыццё даярак значна аблегчылася, але пераходны перыяд быў няпростым.

— Каровы, прывыкшыя да таго, што іх дояць уручную, не надта “ўзрадаваліся” такім пераменам, нават самыя рахманыя пачалі біцца, брыкацца, скідаць даільныя апараты, — дзеліцца жанчына. — Камусьці гэта можа падацца жыццёвымі дробезямі, але, паверце, гэта не так. З адной каровай цяжка ўправіцца, а калі іх многа?! Бывала, хоць плач: падаіць усіх трэба своечасова, а не ладзіцца. Але, нічога, пакрысе прывыклі. Я ўвогуле люблю жывёл, і да кароў у мяне асаблівыя пачуцці, мусіць, як і ва ўсіх вясковых дзяцей. Яны любяць ласку, любяць добрае слова, хочуць, каб іх пагладзілі. І я аддана даглядала сваіх “выхаванак”: калі каторай недабрыцца, то магла і лішні раз з дома прыбегчы, паглядзець, ці ўсё добра. Ды і не толькі я, усе даяркі з нашай фермы калгасных кароў як сваіх даглядалі. А яшчэ ж кожная даярка пэўную колькасць цялят павінна была дагледзець. Калі якое цялятка кволенькае было, то і пойла яму дома варыла, яйкі прыносіла — каб толькі ачуняла, выправілася. І ведаеце, з гонарам магу сказаць: за ўсе гады маёй работы ні адно цяля, якое было ў маім доглядзе, не загінула. Ды і па ферме ўвогуле былі самыя малыя паказчыкі па падзяжах жывёлы.
Сакрэт такіх вынікаў Ірына Іванаўна бачыць у адказнасці да сваёй справы і ў трапяткіх адносінах да жывёлы.
— У нас быў вельмі добры, удала падабраны калектыў, — кажа яна. — Як сёння гавораць, адна каманда. Мы ніколі не дзялілі: гэта тваё, гэта — маё. Зразумела, за кожнай даяркай была замацавана пэўная колькасць кароў, цялят, але калі хтосьці заканчваў сваю работу раней, не дадому сыходзіў, а дапамагаў калегам. І прасіць нікога асобна не трэба было: так заведзена. Добрыя адносіны паміж людзьмі — істотная частка поспеху ў любой справе. А ў нас ніхто не сварыўся, не зайздросціў адзін другому. Калі трэба было, напрыклад, падмяніць каго, то не прыпомню, каб чула калі незадаволе- насць, ці нараканні. Усе мы людзі: сёння абставіны так склаліся ў аднаго, а заўтра дапамога і табе можа спатрэбіцца.
У скарбонцы Ірыны Іванаўны — шматлікія ганаровыя граматы і падзякі розных узроўняў: не раз яна станавілася пераможцай у сацыялістычным спаборніцтве. Ёсць сярод іх і медаль “Працоўная слава”. Наконт сваіх узнагарод жанчына сціпла кажа:
— Так у той час усе працавалі добрасумленна. А па-іншаму і не ўмелі. У гады маёй маладосці брыдка было працаваць абы як: і калегі засмяюць, і адносіны да цябе будуць адпаведныя. А я сваю працу любіла, таму і ладзілася ўсё ў мяне. Увогуле, не разумею людзей, якія кажуль, што не любяць сваю работу. Якія ж яны нешчаслівыя! Я тады пытаюся, а чаму не мяняеце яе? Гэта ж пакута — кожны дзень працаваць, перасільваючы сябе…
Дарэчы, і гаспадыня Ірына Іванаўна выдатная: сёння, нягледзечы на ўзрост, ва ўласнай хаце стараецца ўпраўляцца сама.
— І дзеці дапамагаюць, і ўнукі, не без гэтага, але ж і самой хочацца штосьці рабіць, хоць тое, што здароўе дазваляе, — уздыхае яна. — З кожным годам сіл менш, і гэта нармальна, ужо 85-годдзе адзначыла. Мяне зразумее толькі той, хто ўсё жыццё ў рабоце: мы працягваем варушыцца і нешта рабіць не таму, што няма дапамогі, а таму што па-іншаму жыць не ўмеем. Здаецца, паціху што памыеш, прыбярэш — і ўжо дзень не пусты, не дарма прайшоў.
Калісьці Ірына Іванаўна вельмі любіла вышываць: сурвэткі, ручнікі, покрыўкі. І ўсё гэта выдатна ў яе атрымлівалася. Да гэтага часу на абразах вісяць ручнікі, вышытыя яе рукамі, і карункі на іх — таксама яе.
— Шкада, што магчымасці вышываць ужо няма, — не скардзіцца, а канстатуе факт жанчына. — Зрок падводзіць, і рукі ўжо не тыя, асабліва пасля інсульту. А колькі цяпер нітак прыгожых, схем для вышыўкі! Але нічога не паробіш — узрост. Усё трэба паспець своечасова.
Сумуе Ірына Іванаўна Дашко аб тым, што ў вёсцы ўсё менш і менш людзей. А калісьці было інакш.
— Раней выйдзеш на вуліцу — і людзей поўна. Дзеці кагалам у школу хадзілі, а летам на вуліцы ўпынку ім не было: і смяюцца, і пішчаць. Ад гэтага сэрца радавалася. А цяпер лічаныя людзі засталіся, шкада, што не хоча моладзь у вёсцы жыць. У кожнага свой шлях і свая доля: я пражыла ўсё жыццё на малой радзіме і шчасліва пражыла! І працавала спраўна, і дваіх дзяцей з мужам выгадавалі. Мне іншага шчасця не патрэбна. А моладзі хачу нагадаць, што шчасце заўсёды побач: у вашай хаце, у добрых людзях вакол, ва ўсмешцы уласнага дзіцяці — проста трэба яго ўбачыць.
Ірына ЕФІШОВА.



