Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Страчаная каштоўнасць і подзвіг продкаў: расказваем гісторыю касцёла Святога Крыжа ў Нясвіжы

Пост опубликован: 27.05.2026

Касцёл Святога Крыжа — адзін з самых таямнічых і загадкавых нясвіжскіх храмаў. Мы не памылімся, калі скажам, што большасць з тых турыстаў, якія штогод наведваюць Нясвіж, не ведаюць пра яго існаванне і месцазнаходжанне. Аднак нічога ганебнага ў гэтым няма — ужо ў 19 стагоддзі гэты храм з кляштаром уяўлялі сабой класічны прыклад містычнай паўзакінутай абіцелі на старых могілках.

Давайце ўчытаемся ў радкі, напісаныя пра яго ў сярэдзіне 19 стагоддзя Уладзіславам Сыракомлем, каб цалкам акунуцца ў тую рамантычную аўру, якой быў акружаны гэты храм:

“З другога боку горада відаць пануры хвойнік, над якім маляўніча высоўвае галаву невялічкая вежа ксяндзоў-бенедыктынцаў і бялеюць муры іх кляштара. Гэта — Святы Крыж, прывілеяваны могільнік усяго горада. На высокай гары стаіць мураваны касцёл, побач з ім кляштар. Чароўны, эфектны від. Навокал святыняў — лес, а ў лесе — горад мёртвых, прах некалькіх пакаленняў, магіла на магіле, помнік пры помніку”.

Вось такое прыгожае і атмасфернае апісанне!

Але яшчэ больш дзіўна, што гісторыя з’яўлення ў Нясвіжы касцёла і кляштара ордэна бенедыктынцаў неразрыўна звязана з аднымі з самых выдатных старонак гісторыі Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай, з вялікімі подзвігамі яе палкаводцаў. Магчыма, вы не ведалі, але касцёл Святога Крыжа быў сведкам перамогі хрысціянскай веры калі не ва ўсёй Еўропе, то ў яе ўсходняй частцы дакладна. У сярэдзіне 17 стагоддзя на паўднёвым усходзе Еўропы раскінула свае ўладанні бліскучая Порта — велізарная і магутная Асманская імперыя. У бліжэйшыя планы імперыі ўваходзіла заваяванне новай правінцыі, якая знаходзілася б на землях Аўстрыі, Прусіі і Польшчы. Асманскія султаны жадалі прымерыць на сябе славу Чынгісхана, стаць “уладарамі свету”, паводле паняццяў таго часу.

Бліжэй да нашых краёў у другой палове 17 стагоддзя ў сферу бліжэйшых інтарэсаў Порты ўваходзіла Правабярэжная Украіна, якая была ў складзе Рэчы Паспалітай.

Спачатку Асманскі султан Мехмед IV абыходзіўся сіламі залежных ад яго крымскіх татарскіх войскаў. Але ў іх справа ішла павольна і з пераменным поспехам. І тады ў 1672 годзе велізарная армія асманскіх войскаў, падмацаваная тымі ж крымскімі татарамі, рушыла на ўкраінскае Падолле і далей у Галіччыну. У жніўні 1672 года была захоплена сталіца Падолля — горад Камянец. Асманская армія развівала наступленне, імкнучыся захапіць Львоў. Была ўзята крэпасць горада Хоцін, якая яшчэ не так даўно з’яўлялася сімвалам ваеннай славы Рэчы Паспалітай — бо менавіта тут 50 гадоў таму (у 1621 годзе) разбіла тую ж асманскую армію войска пад кіраўніцтвам Яна Караля Хадкевіча.

Цяпер Порта брала рэванш. У Еўропе нарастала паніка.

Гаварылі, што нікому не пад сілу спыніць велізарную турэцкую армію. Што павінен з’явіцца геній, які выратуе Еўропу ад мусульманскага іга… І такі геній знайшоўся! Знайшоўся ў Рэчы Паспалітай. І самым бліжэйшым яго паплечнікам і сябрам быў нясвіжскі князь з роду Радзівілаў. Міхал Казімір Радзівіл стаў польным гетманам Вялікага княства Літоўскага, а Ян Сабескі — вялікім гетманам Польскай Кароны. Менавіта на іх дваіх была ўскладзена місія выратавання Рэчы Паспалітай ад Асманскага заваявання.

Задача стаяла надзвычай складаная. У 1671 годзе Ян Сабескі з атрадам усяго ў 4 тысячы чалавек неспасціжным чынам здолеў разбіць на Украіне “працуючыя” на Асманскую імперыю татарска-казацкія атрады. Аднак галоўная бітва так і не адбылася. У Рэчы Паспалітай не было моцных рэсурсаў для вядзення доўгай буйнамаштабнай вайны. І вось тут велізарную мабілізуючую ролю адыграў фактар абароны хрысціянскай веры. Заваёўнікі Гроба Гасподняга былі цяпер нават не далёка ў Палесціне, а ў самой Рэчы Паспалітай. Трэба было змагацца або памерці!

Свяшчэнная вайна апіралася не толькі на сілу зброі — яна не мыслілася без духоўнай, малітоўнай падтрымкі воінаў. І вось у 1673 годзе, у цяжкі ваенны час, правадыр войска ВКЛ у антыасманскім паходзе Міхал Казімір Радзівіл не шкадуе грошай на заснаванне ў Нясвіжы новай каталіцкай манаскай місіі ордэна бенедыктынцаў. У адрозненне ад ужо існуючых у той час “гарадскіх” нясвіжскіх кляштароў (езуіцкага, жаночага бенедыктынскага), якія вялі ў межах горада бурную выхаваўча-асветніцкую дзейнасць, новы кляштар быў больш традыцыйнай абіцеллю — месцам адасобленай малітвы. Само яго месцазнаходжанне — у некалькіх кіламетрах ад горада на вяршыні ўзгорка ля самага лесу — каб свецкая мітусня не адцягвала манахаў ад галоўнай духоўнай справы — іх малітвы пра здароўе воінаў.

Пабудовы новага храма і кляштарнага корпуса зрабілі з дрэва. Абіцель была асвечана ў гонар Святога Крыжа Гасподняга — сімвала веры, дзеля якой ішла на бітву шляхта Вялікага княства.

Дату 11 лістапада 1673 года войска Рэчы Паспалітай упісала ў сваю гісторыю залатымі літарамі. Бліскуча праведзеная пад кіраўніцтвам Яна Сабескага аперацыя ў Хоцінскай крэпасці цалкам аднавіла страчаную славу. Дваццаць тысяч туркаў назаўсёды засталіся тады на полі бітвы. Экспансія Асманскай імперыі на землі Кароны і ВКЛ была спынена назаўсёды. Верны памочнік Яна Сабескага Міхал Казімір Радзівіл мог вярнуцца дадому ў Нясвіж. Магчыма, па вяртанні ён наведаў закладзены перад бітвай касцёл Святога Крыжа і падзякаваў Богу, што яго ахвяра не засталася без увагі.

Пасля смерці Міхала Казіміра Радзівіла ў 1680 годзе пра місію клапацілася яго ўдава — Катажына Сабеская. А затым і іх сын Караль Станіслаў Радзівіл, калі ўступіў у валоданне Нясвіжскай ардынацыяй, неаднаразова ахвяраваў кляштару значныя сумы на ўтрыманне.

Праз сто гадоў пасля заснавання, перад храмам паўстала натуральная праблема: драўляныя канструкцыі патрабавалі, як мінімум, рамонту. У Нясвіжы ў той час княжыў праўнук Міхала Казіміра Радзівіла знакаміты Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”. Касцёл і кляштар Святога Крыжа было вырашана не проста адрамантаваць, а пабудаваць для іх новыя каменныя будынкі — на стагоддзі. Гэта было зроблена ў 1766 годзе. Тады новы будынак касцёла і кляштарнага корпуса быў асвечаны віленскім біскупам Т. Зянковічам. Так пад Нясвіжам з’явіўся выдатны храм у стылі “сармацкага барока” — наўмысна строгі і сціплы, сіметрычны і гарманічны звонку, і значна багацейшы ў сярэдзіне. Аб’ём касцёла строга паўтараў форму крыжа, у гонар якога ён і быў асвечаны, а над скрыжаваннем яго “перакладзін” узвышалася драўляная вежачка, увенчаная купалам з тым жа крыжам. Галоўны алтар храма быў разны драўляны. Акрамя яго, у храме было яшчэ пяць бакавых алтароў, створаных насценнай фрэскавай размалёўкай. Ну і, вядома, тут жа быў арган. Злева ад касцёла быў пабудаваны з цэглы двухпавярховы корпус кляштара даволі простай архітэктуры.

У касцёле Святога Крыжа пад алтаром знаходзіліся падзямеллі-пахавальні, дзе ўдастойваліся гонару быць пахаванымі выдатныя прадстаўнікі шляхты з наваколляў Нясвіжа. У прыватнасці, менавіта там быў пахаваны ў канцы 18 стагоддзя Францішак Вайніловіч — прапрадзед добра вядомага Эдварда Вайніловіча, заснавальніка мінскага касцёла св. Сымона і Алены.

У цёмныя часы падзелаў Рэчы Паспалітай у 1793 годзе з касцёлам здарылася няшчасце — пажар. Аднак гэта падзея не стала для храма фатальнай. Агонь не нанёс значных пашкоджанняў, і, нягледзячы на цяжкія часы, касцёл здолеў аднавіцца. Верагодна, зноў не без удзелу радзівілаўскіх фондаў.

Вайна 1812 года, на шчасце, мала паўплывала на статус храма, хоць яго пастаянныя апекуны, Радзівілы, пасля яе надоўга пакінулі Нясвіж.

Страчаная каштоўнасць і подзвіг продкаў. Расказваем гісторыю касцёла Святога Крыжа ў Нясвіжы

Кляштарны корпус, фота 1917 года

Дарэчы, у тыя часы ў нясвіжскім прадмесці Новае Месца ўжо была вуліца Святога Крыжа, названая ў гонар кляштара, у кірунку якога яна была пракладзена. Яна праіснавала да прыходу ў горад бальшавікоў у 1939 годзе.

І ўсё ж ні багацце, ні статус, ні руплівыя малітвы не ўбераг- лі нясвіжскіх бенедыктынцаў ад сапраўднай бяды.

Ішоў 1864 год. Царскія атрады разграмілі апошнія атрады паўстанцаў у Польшчы і Літве. І неадкладна ўлады Расійскай імперыі прыняліся ліквідаваць усякую аснову для будучых выступленняў супраць сябе. Нягле- дзячы на тое, што роля горада ў па- дзеях 1863-64 гадоў была мінімальнай, занадта шмат у ім нагадвала пра часы свабоды ад Расійскай імперыі. У прыватнасці, кляштар Святога

Крыжа, пабудаваны ў імя ваенных перамог Рэчы Паспалітай, са шляхецкім могільнікам навокал відавочна не ўпісваўся ў агульную карціну. 6 снежня 1864 года кляштар Святога Крыжа быў зачынены ў адміністрацыйным парадку. Манахі з яго былі пераведзены ў іншыя ўжо нешматлікія каталіцкія кляштары. Не пакінулі каталіцкай царкве і будынка храма ў якасці прыхадскога ці прыпіснога касцёла.

Рэзонна было чакаць, што расійскія ўлады перададуць кляштар праваслаўнай царкве, як гэта часта бывала ў падобных выпадках. І сапраўды: на паперы меркавалася, што ў былым бенедыктынскім комплексе размесціцца праваслаўнае жаночае духоўнае вучылішча і кляштар, але так не адбылося…

Пабудова пуставала, трухлела і ў рэшце-рэшт была страчана назаўсёды.

Страчаная каштоўнасць і подзвіг продкаў. Расказваем гісторыю касцёла Святога Крыжа ў Нясвіжы

Пагорак, на якім размяшчаўся касцёл і кляштар

Ганна МІХАЙЛАВА.

На галоўнай выяве: Касцёл Святога Крыжа і кляштар бенедыктынцаў. Напалеон Орда, 7 ліпеня 1876 г.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика