З кожным годам застаецца ўсё менш жывых успамінаў пра падзеі далёкага 1939 года. Мне пашчасціла сустрэць людзей, якія не толькі помнілі ўсё да падрабязнасцей, але былі ў тым узросце, калі падзеі могуць быць усвядомленымі. Фёдар Якубавіч і Ядзвіга Уладзіміраўна ўжо пайшлі з жыцця, але іх успаміны, запісаныя мной, засталіся. І сёння, шаноўныя чытачы, я перадаю вам іх ад першай асобы, ад апавядальнікаў.
Фёдар Якубавіч Роўба нарадзіўся ў мястэчку Шчучын Гродзенскай вобласці ў 1926 годзе.
— У 1939-м годзе, у верасні, савецкія войскі перайшлі польскую мяжу. Адбылося, як тады называлі, вызваленне ці аб’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.
Мая сям’я ўспрымала гэта вельмі пазітыўна.

У свой час, у 1914-м годзе ў час Першай сусветнай вайны, беларусы масава эмігрыравалі ў Расію. Тут, я б сказаў, што была шкодная агітацыя менавіта з боку праваслаўнага духавенства. Што яны гаварылі? Яны гаварылі, што немцы католікаў не будуць рушыць і нічога ім кепскага не зробяць, а праваслаўных будуць знішчаць. Такая прапаганда мела свой вынік. І з той жа вёскі нашай большая частка праваслаўных пазапрагалі сваіх коней, пакінуўшы ўсё. З тым, што можна было ўзяць з сабою, паехалі ў бежанцы. Набралі мяшкі зярна, колькі можна было нагрузіць. Але ехаць трэба было далёка. І фронт ужо набліжаўся. Каб не папасці пад немцаў, то рвалі і рэзалі мяшкі, высыпалі на землю гэта зерне. Каб каню было лягчэй, каб можна было паспець уцячы. Такім чынам, даехалі яны да Мінска.
Па дарозе людзі і хварэлі, і паміралі. Але маёй сям’і ўдалося даехаць паспяхова. У Мінску каня і воз прадалі. А далей ужо чакалі цягнікоў і ад’язджалі ў Расію. Спыніліся яны дзесьці каля Урала. Бацька казаў, што на горных заводах, дзе дырэктарам быў немец, які добра наладзіў працу, сяляне жылі багата. І іх прынялі як бежанцаў, якія ўцяклі з Польшчы ад немцаў.
Было нават такое, што здзіўляла: рана ўстаўшы, знаходзілі пад домам прынесенай ўсякай ежы, і што толькі патрэбна для чалавека. І хлеб, і крупа, і гэтак далей. Усё, што мясцовыя мелі. І самі сяляне жылі багата. З часам яны зусім добра ўладкаваліся, і бацька нават пайшоў працаваць на фабрыку да немца. А паколькі яго бацька (мой дзед) быў узяты ў армію, бо мабілізацыя была, то бежанцам, у якіх кармілец быў у арміі, царская ўлада давала дапамогу. І гэта былі добрыя грошы. Так што яны ўжо мелі больш, чым патрэбна было. І вось была такая апека з боку царскага ўраду, павага і дапамога з боку мясцовага насельніцтва.
З пачаткам рэвалюцыі ездзілі агітатары, камісары, якія там на бочку ўставалі і прамовы рабілі, як знішчыць гэты царызм, і як добра яны зажывуць. Немца-дырэктара выгналі.
Дзесьці каля 1924 года бацькі вярнуліся. Што яны найшлі на месцы? Тыя, хто застаўся, як жылі, так і жылі. Нічога ў іх не прапала. А што знайшлі нашы бацькі прыехаўшы? Усё прапала, усё! Праўда, хата стаяла, але ў хаце нічога не было. Прыйшлося ўсё ладзіць па-новай. І таму я вось гэту размову вяду да таго, як рэагавалі бацькі і канкрэтна мой бацька на тое, што “нашы людзі”, “нашы” прыязджаюць вызваліць нас ад ад польскага гнёта.
Трэба прызнаць, што ў Польшчы былі абмежаваныя магчымасці для беларусаў. Адказную пасаду ты не мог заняць. Ішла асіміляцыя, можна сказаць, насільная асіміліцыя, каб пераходзілі ў каталіцтва, каб пісаліся палякамі. Таму і чакалі прыходу “саветаў”, па радыё слухалі, што вось там ужо перайшлі мяжу і “ідуць нашы”. Так іх называлі. Не было мяжы паміж беларусамі і праваслаўнымі рускімі.
Бацька падрыхтаваўся сустракаць “нашых”. Трэба ж кветкі, вянок і возгласы нейкія… Ён ужо па радыё чуў, як сустракаюць у другіх месцах. І дамовіліся з суседзямі, што заўтра, калі ўжо ўвойдуць савецкія танкі і войскі (два танкі ўвайшлі на самай справе), трэба іх сустракаць.

Ядзвіга Уладзіміраўна Багданкевіч нарадзілася ў суседнім Стаўбцоўскім раёне ў вёсцы Рубяжэвічы. На момант падзей 1939 года ёй было 11 гадоў.
— У 1939-м годзе, у жніўні, пачалася мабілізацыя, і бацьку ўзялі ў палявую пошту. Я скончыла чатыры класы. Сабрала сумку ў школу ісці, кніжкі і ўсё. Легла спаць.
Уранку прачынаюся, думаю — гром грыміць. А там гляджу — мама стаіць каля акна. Потым выбегла на двор, а там ужо людзі крычаць, што вайна. Недалёка ад нас была бальніца і кашары польскія насупраць.

Кінулі бомбу… Людзі ўжо былі напалоханыя газам, бо ўсе гаварылі, што немцы шмат газу прыгатавалі. Мама выскачыла… Вайна, што рабіць?
Нямецкія самалёты бамбілі. Кінулі некалькі бомбаў, касцёл трохі пашкодзілі, шпіталь. Мама пайшла на вакзал білеты ўзяць, каб прыехаць у Рубяжэвічы. Тут дзядулін дом быў, бацькоў. Не дазваляюць… Трэба ісці ў магістрат, прасіць дазволу. Мама пайшла. Таты няма — на фронце. Дазвол далі. Мы, значыць, сабраліся, нанялі конную дарожку і прыехалі на вакзал.
А тут ужо завылі сірэны, касцёльныя званы забілі. Трывога. Ляцелі самалёты. Вазнік скінуў нашы рэчы і памчаўся. Усе бягуць у бомбасховішча пад вакзалам. Мы з мамай таксама зайшлі. Там хто плача, хто моліцца, хто крычыць. Мы пасядзелі, а тут адклікаюць трывогу. Самалёты толькі праляцелі, не бамбілі. Мы ўзялі білеты, пайшлі на перон. А цягнікі поўныя салдат. Аказваецца, з граніцы маладых збіраліся забраць, а на іх месца рэзервістаў везлі. Страшна ехаць, бо бамбяць. А куды дзенешся? Стаім мы ўжо на пероне. Цягнік павінен прыбыць. Ляцяць зноў самалёты. Зноў трывога.
Страшна. Так вылі, так вылі! Але зноў адклікалі. Мы селі ў цягнік. Гэта было 1 верасня. 2 верасня мы прыехалі ў Стоўбцы. І апошні раз яшчэ ішоў транспарт, потым яго ўзялі на фронт. Рэзервісты сышлі і забралі з граніцы моладзь. Мы прыехалі сюды.
У гэтым доме жыў старэйшы брат бацькі. Там два домікі. Адзін на вуліцы, а другі маленькі. Мы жылі ў вялікім, а ён — у маленькім. Тут, пэўна, ніхто не думаў, што “саветы” пойдуць. Людзі чакалі, што немцы прыйдуць.
Пайшла я ў школу сюды. Урок, акно адчынена… Настаўніца падышла да акна, і самалёт, чуем, ляціць. Яна кажа: “Дзеці, уцякайце! Самалёт ляціць, напэўна, нямецкі”. Я пабегла дадому, бо недалёка жыла на гэтай вуліцы. Легла спаць, зямля гудзе. На світанку здарылася страляніна. Граніцу перайшлі 17-га. Перад гэтым сказалі рыць акопы на агародах, каб маглі схавацца. Чуем страляніну. Брат кажа: “Уцякайце ў акоп, а я буду тут глядзець”. Мы з мамай залезлі ў гэты акоп. Сядзім. Ён прыходзіць і кажа: “Ужэ ходзяць па вуліцы. Вылазьце”. Тут доўга не затрымліваліся гэтыя салдаты і паехалі далей.
Былі тут у нас тры камуністы. Адзін — Трыгубовіч, другі — Рэдлінскі, а трэцяга нават не памятаю. Палякі. Адзін быў каталік, вельмі веруючы. Гаварылі, што яны сустракалі. І яўрэі таксама, быццам. Я там не была і не ведаю. Але гаварылі, што таксама радаваліся. Думалі, што немцы ідуць, а тут іх выручылі. Гэта ім была радасць.
Школа працавала, але адразу польскай мовы ніякай, ні аднаго ўрока. Школа толькі на беларускай мове. Настаўніца Сцебяшова вучылася яшчэ пры цары. Яна рускую мову вяла, а яе муж — матэматыку.
Дырэктар школы і ўсе настаўнікі збеглі. Як яны збеглі — я не ведаю.
Я зусім не ведала беларускай мовы і рускай. Толькі польскую. Настаўніца была паблажлівая да мяне. І нават дазваляла пісаць беларускія словы польскімі літарамі.
Ірына ЕФІШОВА.



