Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Кніга “Працоўная слава і гонар Міншчыны”: пра тых, хто верыць у сілу агульнай справы

Пост опубликован: 01.06.2026

“Сіла нашай Міншчыны — у яе людзях, а іх вопыт — у руках кожнага з нас”.
Аляксей КУШНАРЭНКА, старшыня Мінскага аблвыканкама.

У Мінскай абласной арганізыцыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў адбылася прэзентацыя кнігі “Працоўная слава і гонар Міншчыны”. Яна выпушчана па заказе і пры фінансавай падтрымцы Мінскага аблвыканкама. Складаннем і афармленнем займалася УП “Інфармацыйнае агенцтва “Мінская праўда”. Агульную рэдакцыю ажыццяўляла Мінская абласная арганізацыя ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Кніга “Працоўная слава і гонар Міншчыны”: пра тых, хто верыць у сілу агульнай справы

Гэтае выданне, адзначыў у сваім звароце да чытачоў кнігі кіраўнік сталічнага рэгіёна Аляксей Кушнарэнка, — “каштоўная кніга памяці, жывая праўда аб працоўных подзвігах ураджэнцаў Міншчыны ў пасляваенныя гады і да цяперашняга часу”. У нашай вобласці шмат людзей, якія сваімі намаганнямі, розумам, уменнем, энергічнасцю множылі яе дасягненні і дабрабыт народа. У кнізе сабраны аповеды пра 159 чалавек, чые “імёны сталі сімвалам працавітасці, майстэрства і найвышэйшага прафесіяналізму”, як падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Людскія лёсы, працоўныя шляхі, дасягненні, жыццёвае крэда… Аб усім даведваемся, чытаючы кнігу. Тэксты яе праілюстраваны фотаздымкамі, што надае насычанасці і прыгажосці.
З усіх раёнаў і горада Жодзіна сцякаліся ў сталіцу аповеды пра будучых герояў кнігі — ветэранаў працы, якія знаходзяцца зараз ці знаходзіліся на той час на заслужаным адпачынку. Пра іх збіралі матэрыялы і пісалі на месцах нераўнадушныя людзі, якія сябруюць са словам, якім гэтая справа была цікавай і ганаровай. Пасля прапановы, што прагучала ад раённага савета ветэранаў, энтузіясты ўзяліся за пяро.

Нясвіжчыну ў кнізе прадставілі сем яе былых працаўнікоў. Пра кіраўнікоў раёна Марыю Мікалаеўну Худую (у 1983 — 1988 гг.) і Уладзіміра Несцеравіча Дражына (у 1988 — 1998 гг.) расказалі адпаведна першы сакратар раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Марына Шаўчук і былы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Міхаіл Мацэль. Іх героі пазней працавалі ў абласных і рэспубліканскіх структурах. Марыя Худая — старшынёй абласнога камітэта па экалогіі, кіраўніком абласной арганізацыі камуністаў, дэпутатам самага высокага рангу. Уладзімір Дражын — намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Літве і Фінляндыі (па сумяшчальніцтве). Пра Аляксандра Георгіевіча Максімовіча, які ўзначальваў Гарадзейскі цукровы камбінат у 1971 — 1997 гадах, носіць званне заслужанага работніка прамысловасці Беларусі, напісала Жанна Ладуцька, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і ідэалагічнай рабоце гэтага прадпрыемства. Пра былую даярку, а пасля — галоўнага заатэхніка саўгаса “Буракаводчы” Тамару Уладзіміраўну Распатнюк распавяла Кацярына Мархель, якая працавала намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце гэтай гаспадаркі, а зараз часова выконвае абавязкі старшыні Гарадзейскага пасялковага выканкама. З лідарам пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Іосіфам Міхайлавічам Шыдлоўскім, які працаваў раней намеснікам дырэктара па транспарце, сустрэўся і занатаваў яго аповед старшыня раённага савета ветэранаў Генадзь Пашкоўскі.

Кніга “Працоўная слава і гонар Міншчыны”: пра тых, хто верыць у сілу агульнай справы

Кніга “Працоўная слава і гонар Міншчыны”: пра тых, хто верыць у сілу агульнай справы

Як адна з аўтараў, я з вялікім задавальненнем напісала пра заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь былога галоўнага агранома, намесніка старшыні па вытворчасці СВК “Агракамбінат Сноў” Уладзіміра Серафімавіча Бабра і старшыню Нясвіжскага райвыканкама ў 1998 — 2002 гадах, старшыню Мінскага аблвыканкама ў 2007 — 2010 гадах, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Бразіліі ў 2011 — 2016 гадах Леаніда Фёдаравіча Крупца.

Кніга “Працоўная слава і гонар Міншчыны” пазіцыяніруецца як даведнік. Але ў ім утрымліваюцца і цёплыя, добрыя ноткі: адкрытыя прызнанні герояў. Уладзімір Бабёр шчыра кажа: “З дзяцінства люблю зямлю, як ні банальна гэта гучыць. Гарадская мітусня мне не па душы”. У Тамары Распатнюк проста ўзнёсласць: “Я радуюся, што жыву ў такой цудоўнай краіне, як Беларусь, атрымліваю задавальненне ад таго, што бачу і адчуваю. Я ні аб чым не шкадую. Перад сумленнем і перад блізкімі мне не сорамна за тое, як я працавала і працую ў сучасны момант, з цікавасцю да нашай будучыні…”.

З асаблівым піетэтам гаворыць пра малую радзіму Леанід Крупец: “Якое шчасце, што ёсць такі куточак, дзе ты нарадзіўся, бегаў басанож, дзе вырас. Там — такое магутнае энергетычнае сілкаванне…”. Ён наведваецца ў сваю родную вёсачку Макашы, у бацькоўскую хату. Працуе на зямлі. Адчувае яе цеплыню, яе сілу. Родная зямля дае нам самае лепшае, гэта трэба цаніць і шанаваць.

Сярод герояў кнігі — тры Героі Сацыялістычнай Працы і адзін Герой Беларусі Міншчыны. Гэта — былыя аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Ганна Шчэцька і даярка Зінаіда Ярашэвіч са Стаўбцоўскага раёна, брыгадзір малакомплекснай брыгады Чэрвеньскага лясгаса Пётр Варабей і генеральны дырэктар РУПП “БЕЛАЗ” Павел Марыеў. Іх адданасць працы, любімай справе дзяржава адзначыла самай высокай узнагародай — Залатой Зоркай.

Падчас прэзентацыі кнігі ўсе, хто выступаў, акцэнтавалі ўвагу на павазе да людзей працы, да тых, хто дасягнуў вялікіх вышынь у сваёй дзейнасці, перамагаючы цяжкасці, не пасуючы перад нязведаным, хто ствараў надзейны падмурак сённяшняга дня двойчы ардэнаноснай Міншчыны, яе эканомікі і сацыяльнай сферы. Такія людзі — прыклад для моладзі. На іх раўняюцца юнакі і дзяўчаты, натхняюцца іх сілай духу, беззапаветнай адданасцю роднай зямлі.

Напрыканцы дазволю сабе яшчэ прывесці словы кіраўніка нашай вобласці Аляксея Кушнарэнкі пра кнігу:

— Гэта не толькі гісторыя мінулага, але і мост паміж пакаленнямі. Праз успаміны, дакументы, фотакартачкі і асабістыя гісторыі мы хочам нагадаць: кожная цагліна, кожны радок у дзённіку і памяці людзей працы, кожны крок у пошуку новых рашэнняў — гэта часціна вялікай мазаікі, якую стварылі тыя, хто верыў у сілу агульнай справы.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика