Успомніце свае школьныя гады. Мабыць, сярод настаўнікаў ёсць адзін, а можа, некалькі, якіх да гэтага часу вы ўспамінаеце з цеплынёй і ўдзячнасцю.
Для многіх выпускнікоў устаноў адукацыі Нясвіжчыны такім чалавекам стала Валянціна Кірэева.
Валянціна Яўгеньеўна, скончыўшы ў 1972 годзе філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пайшла працаваць у школу.
— Свой лёс з педагогікай я звязала дзякуючы класнаму кіраўніку Зоі Уладзіміраўне Жалнаркевіч, якая выкладала матэматыку ў сярэдняй школе №1 горада Нясвіжа. Я заўжды захаплялася яе ўрокамі. Ужо тады для сябе ніякай другой прафесіі не бачыла. Каб у мяне зараз запыталі, кім вы хочаце быць, я б, нават не думаючы, адказала, што настаўнікам і толькі настаўнікам, — з задавальненнем паведаміла мая суразмоўца.

Пачынала сваю працоўную дзейнасць Валянціна Яўгеньеўна піянерважатай у вёсцы Саска Ліпка, пасля выкладала рускую мову і літаратуру.
З цягам часу маладую, перспектыўную настаўніцу перавялі ў Затур’янскую школу і адразу яе выбралі кіраўніком прафсаюзнай арганізацыі. Калі ў 1989 годзе там была пабудавана новая школа-дзіцячы сад, Валянціна Кірэева стала намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце, пазней была прызначана на пасаду дырэктара гэтай установы адукацыі.
— Адразу цяжкавата было працаваць кіраўніком. Я не ведала, з чаго пачаць, як арганізаваць навучальны працэс. Мне на той час вельмі дапамагалі загадчыкі дзіцячых садкоў нашага раёна. Я наведвала ўсе курсы павышэння кваліфікацыі для намеснікаў дырэктара і дырэктараў. З цягам часу ўсе намаганні далі добры вынік. Я ўдзельнічала ў конкурсе “Лепшы кіраўнік года” і заняла другое месца сярод шасці намінантаў.
Увесь час аддавала сваёй рабоце, школа ў мяне заўжды стаяла на першым месцы. Кантралявала ўсё: і рамонт, і ўчастак каля школы, і ўсё, што было звязана з дзейнасцю ўстановы. Я вельмі актыўны чалавек, таму такі напружаны тэмп работы вытрымлівала з лёгкасцю. На той момант мне пашчасціла, што побач са мною працавалі прафесійныя, адказныя настаўнікі, якія мне ва ўсім дапамагалі і падтрымлівалі. Зараз я з цеплынёю і ўдзячнасцю ўспамінаю падтрымку Анжалікі Русак, Ганны Жывень, Алены Івашкевіч і Святланы Казлоўскай, з якой мы на дадзены момант разам працуем у гімназіі, — падзялілася Валянціна Кірэева.
Мая суразмоўца выйшла на заслужаны адпачынак ў 2004 годзе, але яе працоўная дзейнасць на гэтым не скончылася. Кіраўнікі школ запрашалі на падмену настаўнікаў, два гады займалася з вучнем, які знаходзіўся на надомным навучанні.
Зараз Валянціна Яўгеньеўна працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Нясвіжскай гімназіі.
— Валянціна Яўгеньеўна, а калі параўнаць сённяшніх дзяцей і тых, якія былі, напрыклад, пятнаццаць-дваццаць гадоў таму, што змянілася?
— Дзеці вельмі адрозніваюцца. Раней, мабыць, яны былі больш актыўнымі, з задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах. Вучні былі заўжды дысцыплінаванымі на ўроках, вельмі ўважліва слухалі настаўніка. Сённяшнія дзеці — іншага складу.
— Як цяпер у Вас праходзіць падрыхтоўка да ўрокаў, маючы на ўвазе, што вы — педагог з вялікім стажам? На паліцах у вашай кватэры шмат кніг і вучэбных дапаможнікаў па філалогіі. Вы імі карыстаецеся пры падрыхтоўцы?
— Нават цяпер, калі ў мяне за плячыма вельмі вялікі педагагічны вопыт, я рыхтуюся да ўрокаў гэтак жа старанна, як на пачатку сваёй дзейнасці. Рыхтуюся са ўсёй адказнасцю. Для мяне ўрок — гэта Урок. Я не толькі карыстаюся метадычкамі, але і прадумваю ўсё да драбнейшай дэталі, каб мой прадмет быў для вучняў не толькі карысным, але і цікавым. Стараюся знайсці індывідуальны падыход
да кожнага, бо заўжды прыемна, калі вучні пакідаюць урок задаволенымі. Гэта дае настаўніку сілы і жаданне працаваць.
— Валянціна Яўгеньеўна, што Вы можаце параіць маладым настаўнікам, якія толькі пачынаюць свой педагагічны шлях?
— Першыя некалькі гадоў вы працуеце на свой аўтарытэт, а калі ўжо атрымалася нечага дабіцца, праявіць сябе, тады аўтарытэт пачынае працаваць на вас. Заўжды трэба бачыць у вучні яго асобу, індывідуальнасць. Для мяне школа — гэта маё жыццё, і мае вучні для мяне — як мае ўласныя дзеці. Многія з маіх выпускнікоў дабіліся значных вынікаў. Напрыклад, сёння паспяхова ўзначальваюць сельгаспрадпрыемствы ў нашым раёне Васіль Халопіца і Юрый Сікірыцкі.
Яе шлях у прафесіі — гэта не проста старонка з біяграфіі. Яна заклала ў кожнага вучня часцінку сваёй душы, і гэтыя часцінкі, разляцеўшыся па свеце, з вялікай удзячнасцю гавораць аб сваёй настаўніцы.
Таццяна ГНЕДЗЬКА.



