Меню

Душой за вёску: гісторыя аб неабыякавасці, вясковай супольнасці і імкненні да прыгажосці

Пост опубликован: 15.06.2026

У вёсцы Кіркаўшчына Ланскага сельсавета сем зімуюць пастаянна, на лета жыхароў крыху больш — прыязджаюць з горада і са сталіцы. Невялікі населены пункт на карце Нясвіжчыны, але ўтульны, дагледжаны. І ў першую чаргу, намаганнямі і сіламі тых, хто тут жыве. Жыхары Кіркаўшчыны цвёрда ўпэўненыя: іх камфорт залежыць, у першую чаргу, ад іх саміх. Таму і выходзяць на суботнікі па першым запрашэнні старасты, збіраюцца і абмяркоўваюць, як палепшыць свой населены пункт. Зразумела, што многае залежыць і ад старасты вёскі, ад яе ўласнага прыкладу і аўтарытэту сярод суседзяў. Энергічная, з цвёрдым характарам і велізарным сэрцам, Эля Іванаўна Вініцкая ўжо шмат гадоў не проста жыве ў глыбінцы. Яна добра ведае, як аб’яднаць людзей, якія словы падаб- раць, каб быў эфект.

Карэспандэнт сустрэўся з ёй і даведаўся, як ураджэнка Іркуцкай вобласці стала захавальніцай традыцый беларускай вёскі.

«Здалёку, але свая»

Гісторыя Элі Іванаўны — гэта сапраўдны маршрут праз паўкраіны. Нарадзілася і вырасла ў Іркуцкай вобласці, але карані — беларускія. Мама — з Вілейкі, тата — з Жодзіна. У Мінску нарадзіліся старэйшыя сястра і брат, а потым сям’я паехала ў Сібір — паклікала цётка, якая выйшла там замуж.

У 1975 годзе Эля Іванаўна прыехала ў Мінск. Уладкавалася нянечкай у дзіцячы садок №248, але ўжо праз паўгода загадчыца Рыма Самсонаўна разгледзела ў маладой жанчыне педагагічны талент і перавяла яе выхавацельніцай у ясельную групу. Потым былі курсы, педагагічны інстытут, і ў выніку — 24 гады ў дзіцячым садку. А пасля яго закрыцця — 14 гадоў загадчыкам адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела ў падатковай інспекцыі.

— Пад маім кіраўніцтвам было 18 чалавек, — заўважае яна. — Не многа, здаецца, але калектыў у нас быў сапраўды выдатным.

Душой за вёску: гісторыя аб неабыякавасці, вясковай супольнасці і імкненні да прыгажосці

У Кіркаўшчыну — па поклічы сэрца

У вёску Эля Іванаўна пераехала ў 2013 годзе, калі выйшла на заслужаны адпачынак.

— Муж ужо быў на пенсіі, і я бачыла, што яму сумнавата дома. Зразумела, калі чалавек прывык хадзіць на работу, быць там карысным, не адразу можна перастроіцца на новы лад. Я кажу: «Едзем у вёску?». Ён: «Едзем». Сабраліся і паехалі ў дом яго бабулі.

Так яна стала жыць у Кіркаўшчыне. Сама родам здалёку, а муж — тутэйшы, з Карцэвіч. Бацькі мужа тут нарадзіліся, бабуля ўсё жыццё пражыла ў гэтым доме.

Душой за вёску: гісторыя аб неабыякавасці, вясковай супольнасці і імкненні да прыгажосці

Чысціня як лад жыцця

У Кіркаўшчыне цяпер пастаянна жывуць зімой сем сем’яў. Але гэтай вясной на суботнік выйшлі 20 чалавек.

— Кінула кліч у свой чат «Кіркаўшчына», — расказвае Эля Іванаўна. — Зрабілі галасаванне — і ўсе згадзіліся. Пераносілі дату з 25 красавіка на 4 красавіка, але сабраліся. І не проста сабраліся — працавалі. І насамрэч, папрацаваць было над чым.

Прыбіралі смецце пасля зносу трох старых дамоў. Уручную чысцілі бераг сажалкі, каб дзецям было дзе рыбачыць. Спілоўвалі зараснікі каля крыжа на скрыжаванні, палілі вогнішчы, вывозілі рэшткі пліт, бляшанак, смецця — усё, што дзесяцігоддзямі назапашвалася на месцы знесеных хлявоў.

— Потым кажу: трэба на могілкі выйсці. Дрэвы там вельмі нахіліліся да агароджы, ненадзейныя зусім былі, ды і знешні выгляд псавалі. І 25 красавіка, у працоўную суботу, выйшлі ўжо дзесяць чалавек. Усё распілавалі, прыбралі. І цяпер на могілках прасвет з’явіўся.

Душой за вёску: гісторыя аб неабыякавасці, вясковай супольнасці і імкненні да прыгажосці

Дзе ўзяць сілы?

— Не цяжка вам займацца грамадскай работай? — пытаюся.

— Напэўна, я ўжо чалавек, які ўцягнуўся. Складанасць у іншым — не ўсё мы можам зрабіць уручную, самастойна, бывае, патрэбна тэхніка. Хачу падзякаваць дырэктару ААТ “Лань-Нясвіж”, які адклікаецца на нашы просьбы. Але ж і мы, сяльчане, разумеем, што не можа гаспадарка дапамагчы ў той самы момант, як мы сабраліся, — то збожжа сеюць, то сянаж нарыхтоўваюць… І так вялікі дзякуй ім за дапамогу!

Жыхары Кіркаўшчыны плануюць паставіць аўтобусны навес каля старога клуба — метал ужо купілі. Вельмі хочуць засеяць травой вялікую тэрыторыю, дзе знеслі дамы, і пасадзіць кветкі.

— Гляджу ў інтэрнэце, па тэлебачанні, еду міма дагледжаных месцаў — і думаю: чаму ў нас не так? А потым бяру і раблю. Бо хачу, каб і ў нас усё да ладу было. Разумею, што населеныя пункты на

Нясвіжчыне і так дагледжаныя, нідзе я не бачыла запусцення і бруду. Але зрабіць свой дом, у сэнсе, населены пункт, яшчэ больш прывабным і утульным — наша задача, мясцовага насельніцтва. Я рада, што аднавяскоўцы салідарныя са мной і мае ідэі падзяляюць. Гэта ўжо большая частка работы, лічы, выканана.

Душой за вёску: гісторыя аб неабыякавасці, вясковай супольнасці і імкненні да прыгажосці

Моладзь вяртаецца

Асаблівы гонар старасты — маладыя сем’і, якія пачалі купляць дамы ў Кіркаўшчыне, або вяртацца на сваю малую радзіму.

І яны выходзяць на суботнікі. З дзецьмі.

— Вельмі прыемна, што назіраецца пераемнасць пакаленняў — тата на суботнік выйшаў, старэйшы сын прыйшоў, пляменніка ўзяў. Няхай хлопчыкі-падлеткі, але яны працавалі, дапамагалі. Сваім прыкладам трэба дзецям паказваць, як трэба працаваць. І мае аднавяскоўцы паказваюць! Мне прыемна, што вёска пачынае адраджацца, што па вуліцы бегаюць дзеці… У гэтым і ёсць сапраўднае жыццё. Ведаеце, я вельмі чакаю вясну, чакаю, каб зноў суседзі з’яжджаліся. А суседзі ў мяне сапраўды выдатныя, і працавітыя, і на пад’ём, як кажуць, лёгкія. І, што галоўнае, неабыякавыя.

Падтрымліваюць мае ідэі, спраўна бяруцца за іх рэалізацыю. Радасна, што і самі прапануюць, праяўляюць ініцыятыву. Хоць яны значна маладзейшыя, але і я стараюся не адставаць, заўсёды ўласным прыкладам паказваю, як гэта — працаваць супольна, разам.

Пра сябе і пра галоўнае

У самой Элі Іванаўны — чацвёра дзяцей. Усіх падняла, усіх выхавала, ва ўсіх школах была ў бацькоўскім камітэце.

— Сумаваць ніколі не даводзілася, — кажа яна. — І не сумую да гэтага часу. Відаць, такі я ўжо чалавек, такі характар маю. Не магу на адным месцы ўседзець, заўсёды трэба варушыцца, нешта рабіць.

У планах — дарабіць навес, выкасіць пустазелле, параўнаваць участкі. І каб там, дзе калісьці стаялі руіны, раслі кветкі і бегалі дзеці.

А яшчэ Эля Іванаўна — заўзятая гаспадыня. Яна любіць садзіць агарод, вельмі радуецца, калі ён дае добры ўраджай. Жанчына прызнаецца, што менавіта такая праца на зямлі дае ёй сілы, не дазваляе сумаваць. І кветкі Эля Вініцкая вельмі любіць, іх нямала ў яе палісадніку.

— Люблю, калі вакол прыгожа і акуратна, — колькі сябе помню, я такая. — І цвёрда ўпэўнена, што прастора вакол нас напрамую ад нас і залежыць. Можна чакаць, калі хтосьці прыйдзе і дапаможа, а можна пачаць з сябе, зрабіць тое, што табе па сілах. Абавязкова ініцыятыву падхопяць другія людзі, знойдуцца тыя, хто дапаможа і падтрымае. Галоўнае — пачаць з сябе!

Душой за вёску: гісторыя аб неабыякавасці, вясковай супольнасці і імкненні да прыгажосці

Ірына ЕФІШОВА.

error: Копирование защищено!
Яндекс.Метрика