Духоўны скарб — не грошы і не мода.
Ён, быццам сонца, ззяе для людзей.
Выхоўваць на традыцыях народа
Павінны змалку мы сваіх дзяцей.
Часам здаецца — усё навокал знаёмае і звычнае, і няма нічога, што можа так ці інакш здзівіць ці ўразіць… Аднак зноў і зноў адкрывае свае скарбніцы шчодрая на цуды і таленты беларуская зямля, і аказваецца, што ўжо знаёмае і вядомае — толькі маленькая частка яе незлічоных дзівосаў.
Сёння вельмі важна захаваць народныя традыцыі і звычаі свайго народа.
Мерапрыемствы “Беларуская хата на гульні і прысмакі багата”, “Беларускія гулі з куфара бабулі”, “Скарбы традыцый: гульні і святы беларускай хаты” — гэта цыкл мерапрыемстваў сумеснай работы Аношкаўскай, Грыцкевіцкай і Высокаліпскай інтэграваных сельскіх бібліятэк, якія праходзілі кожную пятніцу на працягу чэрвеня ў рамках праекта “Кожная пятніца — роднае, сваё”. Яны мелі на мэце пагрузіць прысутных у атмасферу беларускай культуры і традыцый, пазнаёміць з прадметамі народнага быту нашых продкаў, з культурнай спадчынай.
Так, на базе Аношкаўскай інтэграванай сельскай бібліятэкі для дзяцей выхаваўча-аздараўленчага лагера “Сонейка” Аношкаўскай сярэдняй школы прайшоў краязнаўчы бібліякомпас “Беларуская хата на гульні і прысмакі багата”. Удзельнікі мерапрыемства здзейснілі падарожжа ў мінулае, пабывалі на пяці пунктах: сялянскі быт, гульня-пазлы “Беларускія стравы”, гульня “Палена”, бібліядарц і інтэрактыўная гульня “Край мой, я табой ганаруся”. Дзеці пазнаёміліся з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі і іх выкарыстаннем у сялянскай хаце, а таксама паспрабавалі сабраць пазлы са стравамі нацыянальных страў беларускай кухні і назваць іх.

Наступным прыпынкам падарожжа была гульня “Палена”, якая вызвала захапленне ў яе ўдзельнікаў, яны гатовы былі гуляць у яе паўдня, але ў нас было яшчэ шмат чаго наперадзе. Гульня бібліядарц вызвала не менш зацікаўленных гледачоў і ўдзельнікаў, шкаляры хутка адказвалі на пытанні, якія траплялі ім падчас гульні.
Апошнім прыпынкам нашага падарожжа была інтэрактыўная гульня “Край мой, я табой ганаруся”, на якой дзеці круцілі лататрон і выбіралі сабе пытанні для адказаў.

Грыцкевіцкая інтэграваная сельская бібліятэка падрыхтавала для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Сонейка” ДУА Грыцкевіцкай сярэдняй школы бібліякомпас “Беларускія гулі — з куфара бабулі”. Гэта своеасаблівае падарожжа па гульнях нашых продкаў. Дзеці пазнаёміліся з культурай продкаў праз беларускія народныя гульні “Палена” і “Збанок”. Яны даведаліся, якія гульні радавалі дзяцей у беларускіх вёсках шмат гадоў таму, развілі спрыт, увагу і пачуццё локця, пранікліся павагай да народных традыцый і гісторыі. Сустрэча даказала: гульні нашых продкаў — гэта не проста забава, а жывая нітка, якая злучае пакаленні.


У госці ў Высокаліпскую інтэграваную сельскую бібліятэку завіталі дзеці з выхаваўча-аздараўленчага лагера “Сонейка” Ліпскай сярэдняй школы. Для іх быў праведзены бібліякомпас “Скарбы традыцый: гульні і святы беларускай хаты”. Мы стараліся падтрымаць цікавасць да духоўнага здабытку народа, пашырыць веды пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, а таксама пачуццё гонару і глыбокай павагі да нацыянальных традыцый і звычаяў.


Фальклор — гэта не толькі вусная народная творчасць, але і рамёствы, якімі здаўна займаліся беларусы. Удзельнікі разглядалі прадметы побыту беларускіх сялян, праз гульнявыя заданні ўспомнілі, для чаго выкарыстоўваліся такія рэчы, як збан, прас, куфар і іншыя. Прысутныя пазнаёміліся з беларускімі нацыянальнымі вырабамі: ручнікамі, вышыўкай, разгледзелі гліняны посуд, вырабы з дрэва, а таксама з беларускімі стравамі: дранікамі, бабкай, мачанкай і іншымі.
Падчас гульняў-эстафет школьнікі прадэманстравалі спрыт, хуткасць і камандны дух, а таксама на практыцы пазнаёмілі з гульнямі, якія раней радавалі дзяцей у беларускіх вёсках. Удзельнікі не толькі ўмацавалі здароўе, але пранікліся павагай да народных традыцый і гісторыі беларускага народа, даведаліся пра новыя беларускія словы і традыцыі ў займальнай форме.
Клопат пра культурную і духоўную спадчыну народа — справа нацыянальная і вельмі важная для грамадства. Гэта мерапрыемства дапамагло дзецям зразумець, што калі беларус хоча ўсвядоміць сябе беларусам, то ён заўсёды звяртаецца да гісторыі, да культуры свайго народа. Кожны чалавек павінен ведаць свае карані, як жылі дзяды і прадзеды, як сустракалі гасцей, якія мелі звычаі і традыцыі. Нездарма гавораць, што без мінулага не будзе і будучыні.
Шчыра кажучы, падчас нашых мерапрыемстваў усе мы адчулі задавальненне. Для кожнага чалавека пачэсны абавязак — веданне народнай культуры, каранёў, уменне зберагчы спадчыну і нацыянальную прыналежнасць, бо нашыя продкі былі людзі таленавітыя, творчыя, умелыя.
Яркімі і насычанымі атрымаліся мерапрыемствы, дзякуй юным падарожнікам за шчырую цікавасць і смех.
Людміла БАРЫСАВА,
бібліятэкар Высокаліпскай інтэграванай сельскай бібліятэкі.



