Здаецца, што ў наш час, калі інфармацыя даступна ў лічаныя хвіліны, а падарожнічаць па Бацькаўшчыне можна без асаблівых цяжкасцей, не засталося каштоўнасцей, аб якіх мала хто ведае. Але гэта далёка не так! Багатая гісторыяй беларуская зямля здольная падарыць сапраўдныя сенсацыі зацікаўленаму даследчыку! Так і Нясвіжчына ўтойвае ў сабе шмат каштоўнасцей, часткова страчаных, пакінутых, але каштоўнасцей. Вёска Галаўцы, што размясцілася сярод бяскрайніх палёў і лясоў Нясвіжчыны, — адно з найцікавейшых месцаў нашага рэгіёна. Калісьці тут быў толькі невялікі засценак у валоданнях старажытнага роду шляхцічаў Абуховічаў, галоўная сядзіба якіх знаходзілася ў Вялікай Ліпе.
Гэты засценак Абуховічы ў XIX стагоддзі здавалі ў арэнду больш дробным шляхцічам разам з невялікім цагляным заводзікам, што знаходзіўся за паўкіламетра. У 1871 годзе паміж галоўнай сядзібай у Ліпе і Галаўцамі прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, стварыўшы своеасаблівы падзел у валоданнях. У 1875 годзе паміж таварыствам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі і Абуховічамі была заключана дамова, якая замацоўвала пераход ва ўладанне першага ўчастка зямлі каля гэтай дарогі. Кіраўніком дома Абуховічаў быў у той час Вацлаў Абуховіч, які актыўна развіваў сядзібную гаспадарку ў сваім маёнтку. Пры ім у Ліпе з’явіліся збожжавыя млыны, вінакурня, сыраварня, шкіпінарны завод.
У 1889 годзе Вацлаў Абуховіч памёр. Яго спадчыннікамі сталі два сыны, паміж якімі трэба было падзяліць маёнтак. Галоўная сядзіба ў Ліпе засталася старэйшаму сыну Ксаверыю Абуховічу.
Малодшага сына Вацлава Абуховіча звалі Напалеон Тэадор Іеранім Абуховіч. У гэтым імені спалучыліся постаці славутага французскага імператара і выдатнага продка Тэадора Іераніма Абуховіча, навагрудскага кашталяна, які валодаў ліпскай сядзібай у XVII стагоддзі. Напалеон Абуховіч не хацеў жыць у адным доме з сям’ёй старэйшага брата, хацеў стаць самастойным гаспадаром у такім самым маёнтку. Таму ў канцы XIX стагоддзя 690 дзесяцін зямлі з уладанняў Абуховічаў, якія знаходзіліся за чыгункай, былі вылучаны яму для стварэння новага маёнтка, цэнтрам якога павінен быў стаць былы невялікі засценак Галаўцы. У першым дзесяцігоддзі XX стагоддзя там пабудавалі вялікі сядзібны дом у стылі мадэрн, які памерамі і прыгажосцю не саступаў гістарычнай рэзідэнцыі роду ў Ліпе!

Сядзібны дом у Галаўцах. Фота перыяду Першай сусветнай вайны
Вакол палаца быў разбіты парк з алеямі, побач з якім знаходзіўся драўляны дом для прыслугі. У якасці першага прадпрыемства маёнтка ў Галаўцах пасля 1907 года быў пабудаваны бровар, не меншы, чым сядзібны дом.
На жаль, доўга гаспадарыць у новым маёнтку Напалеон Абуховіч не змог — яго развіццё спыніла Першая сусветная вайна, у час якой Галаўцы апынуліся прыфрантавой тэрыторыяй.
Апошняй законнай уладальніцай сядзібы ў Галаўцах была дачка Напалеона Абуховіча Сафія, у замужжы — Макоўская. Вельмі мала вядома пра яе біяграфію.
У 1939 годзе гаспадары пакінулі сядзібу ў Галаўцах. Пасля вайны на панскай зямлі пасялілі людзей з хутароў, стварыўшы тут вёску. Да гэтага там быў толькі дом для сядзібнай прыслугі, некалькі дамоў для рабочых бровара і мноства сялянскіх хутароў у наваколлі. На шчасце, панскі бровар захаваўся. Яго трохі перабудавалі з боку фасада і ўнутры і прыстасавалі пад нейкае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Ужо ў 1990-я гады гэта прадпрыемства спыніла працу, і з таго часу стары бровар працягвае хутка і няўхільна разбурацца.

Цэнтральны будынак бровару
На ўскрайку сучаснай вёскі знаходзіцца гаёк, які здаецца вельмі густым. Здавалася б, рабіць там няма чаго, і нічога цікавага там быць не можа.
Аднак, калі прайсці праз кусты на ўскрайку гэтага гаю, можна паступова заўважыць, што ты знаходзішся не сярод дзікай расліннасці, а ў высакародным старым парку! Раптам пачынаеш выразна бачыць алеі са сталетніх клёнаў, каштанаў, лістоўніц, акацый і многіх іншых дрэў!
Алеі размешчаны парадкава і маляўніча, так што калі б іх расчысціць, атрымаўся б вельмі прыгожы парк. Галоўная алея паўкруглая, падковападобная, праходзіць праз парк. Калісьці па ёй можна было свабодна ездзіць на конным экіпажы, а ў міжваенны час — ужо і на аўтамабілі.
Дом прамавугольны ў плане з двума ярка выяўленымі бакавымі крыламі з велізарнымі арачнымі вокнамі. Праглядаецца відавочны архітэктурны акцэнт на гэтыя сіметрычныя крылы, дэкараваныя карнізамі з пілястрамі і лапаткамі, і крыху прыўзнятыя над астатняй цаглянай аб’ёмнасцю будынка, нібы дзве кутнія вежачкі.
Тое, што дом калісьці быў двухпавярховым, цяпер можна прасачыць толькі па высокіх комінах, на якіх захаваліся адзнакі перакрыццяў другога паверха і даху. Гэты паўнавартасны другі паверх утвараў велізарны вальмавы дах, цалкам знішчаны даўнім пажарам. Сляды пажару ў вялікай колькасці выяўляюцца на падлозе першага паверха і на ўцалелых драўляных дэталях дома.
Нягледзячы на прыгожыя бакавыя крылы, галоўны ўваход у дом знаходзіўся дакладна па цэнтры. Тут быў раскошны прасторны ганак-тэраса з каменнымі калонамі, якія, верагодна, падтрымлівалі балюстраду другога паверха.
Ганак вёў у прасторны дзвярны праём, па абодва бакі якога былі прамавугольныя вокны.
За цэнтральнымі дзвярыма параднага ўваходу знаходзіліся дзве вялікія залы-салоны. У другой вялікай зале, якая была адразу за першай, таксама былі дзверы, але ўжо меншыя, якія вялі на ганак паркавага фасада.
Ад двух цэнтральных залаў у абодва бакі разыходзіліся калідоры, па абодва бакі якіх размяшчаліся дзверы пакояў дома.
Ад аднаго з крылаў дома адыходзіць невялікая галерэя, якая злучае дом з суседняй каменнай двухпакаёвай прыбудовай, відавочна, гаспадарчага прызначэння. Магчыма, гэта быў кухонны флігель, дзе рыхтавалі ежу, а потым па галерэі прыносілі на стол гаспадарам сядзібы і іх гасцям.
Гэты флігель мае пад сабой таксама вялікі падвал, больш падобны да склепу, у якім, відаць, было добра захоўваць сядзібныя запасы. Дарэчы, у адрозненне ад іншых сядзібаў, больш у доме ў Галаўцах падвальных паверхаў няма нідзе.
Усяго ў сядзібным доме Абуховічаў налічвалася 10 пакояў толькі на адным захаваным першым паверсе (з іх — дзве вялікія салонныя залы). Дом быў пабудаваны вельмі па-майстэрску, у перадавым архітэктурным стылі сваёй эпохі, з выкарыстаннем шматлікіх дэкаратыўных элементаў, якія надавалі яму асаблівы шарм.
На жаль, большасць з іх бязлітасна знішчылі час і вандалы.
Сам жа сядзібны комплекс у Галаўцах з’яўляецца ўнікальным для нясвіжскага краю помнікам гісторыі і сядзібнай архітэктуры пачатку XX стагоддзя. У ім захаваліся ў той ці іншай ступені амаль усе яго элементы — цудоўны парк, бровар, сядзібны дом. А вось у іншых вядомых сядзібах Нясвіжчыны — Завушшы, Вялікай Ліпе — будынкі сядзібных дамоў былі страчаны.
Ганна МІХАЙЛАВА.



