Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Старонкі Вялікай Айчыннай. Бязмежны працоўны подзвіг

Пост опубликован: 29.06.2026

Гераічную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, за свабоду і незалежнасць, беларусы, увесь савецкі народ паспяхова вялі на франтах і ў партызанскіх атрадах, дзякуючы ў велізарнай ступені працоўнаму гераізму людзей у тыле.

Як толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна, была арганізавана эвакуацыя эканамічнага патэнцыялу Савецкага Саюза з яго еўрапейскай часткі на ўсход. Зачастую яна ажыццяўлялася пад бамбёжкамі і артабстрэламі. Але людзі працавалі бесперапынна, рызыкуючы здароўем і жыццём.

Старонкі Вялікай Айчыннай

З-за таго, што наша Беларусь была проста на шляху ворага, а рухаўся ён хутка, прадпрыемствы Брэсцкай, Беластоцкай, Пінскай і Баранавіцкай абласцей вывезці магчымасці не было. Ужо на другі дзень вайны яны былі акупіраваны. А вось ва ўсходніх рэгіёнах БССР з 23 чэрвеня буйныя заводы і фабрыкі пераключыліся на выпуск прадукцыі для фронту, боепрыпасаў і ўзбраення. Прадпрыемствы мясцовай прамысловасці выраблялі армейскі абутак, абмундзіраванне, бялізну для франтавікоў. Прадпрыемствы харчовай прамысловасці гатавалі хлебныя сухары, сушаную гародніну, мясныя кансервы. Працавалі круглыя суткі, а спыняліся толькі тады, калі пачыналася эвакуацыя.

На ўсход з рэспублікі адправілі абсталяванне 109 прамысловых прадпрыемстваў, а таксама каля 1,5 мільёна чалавек. Ехалі ў асноўным на Урал. Цесна перапляліся лёсы прыезджых і мясцовых жыхароў. У іх была адна мэта, што яднала, — бесперабойна забяспечваць фронт усім неабходным, каб спыніць варожае пранікненне ўглыб нашай краіны, даць фашыстам адпор, пагнаць іх назад, на захад, і знішчыць у іх логаве ў Берліне. Еднасць была такой вялікай, што восенню 1944 года ў вызваленым Мінску іменна ўральцы прынялі актыўны ўдзел у стварэнні завода па рамонце і зборцы грузавых аўтамашын.

Але вернемся ў 1941-ы. У першую чаргу з прадпрыемстваў вывозілі гатовую прадукцыю, якаснае абсталяванне, кабельныя вырабы, сыравіну. Загружалі на чыгуначныя платформы і ў вагоны ў камплекце, каб на новым месцы можна было сабраць занава за лічаныя гадзіны і зноў запусціць вытворчасць. Так, калектыў Магілёўскага завода авіяцыйнага маторабудавання за сем дзён, з 2 да 8 ліпеня, пагрузіў і адправіў у Куйбышаў тры велізарныя эшалоны. А ў іх — 400 металарэжучых станкоў, вялікі запас каляровых і чорных металаў, інструментаў, кабелю, электраматораў і многае іншае. За лічаныя дні калектывы 15-і найбольш буйных прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці пагрузілі і адправілі ў тыл 935 чыгуначных вагонаў з найбольш каштоўным абсталяваннем, гатовай прадукцыяй, кадрамі. Сярод адпраўшчыкаў значыліся трубаліцейны завод, шаўковая фабрыка, гарбарны завод, швейная фабрыка, а таксама быхаўскі ацэтонавы, крычаўскі цэментны заводы, шклоўская папяровая фабрыка і іншыя.

З Віцебскага станкабудаўнічага завода першы эшалон з абсталяваннем і людзьмі адправіўся ў далёкі тыл ноччу 3 ліпеня. Праз чатыры дні пайшоў другі састаў.

З Гомеля штодзённа ў тыл ішло 250 — 300 таварных вагонаў з абсталяваннем і рабочымі. Іх адпраўлялі “Гомсельмаш”, станказавод імя Кірава, паравозавагонарамонтны завод. Апошні знаходзіўся недалёка ад чыгуначнага вузла, які фашысты бамбілі суткамі напралёт. Але людзі працавалі без перапынку. З 4 да 12 ліпеня яны адправілі 835 вагонаў і платформаў. Калектыў завода “Гомсельмаш” за пяць дзён дэманціраваў і накіраваў ва ўральскі Курган 1200 вагонаў і платформаў. Рабочыя станкабудаўнічага завода чацвёра сутак уручную сцягвалі з фундамента велізарныя станкі, вага некаторых дасягала 35-і тон. Разбіралі іх на часткі, грузілі на машыны і конныя павозкі і адпраўлялі на чыгуначную станцыю. 7 ліпеня разабралі апошні масіўны станок — плоскашліфавальны…

Тэхніка, жывёла аграрнай галіны БССР ішлі на ўсход сваім ходам. Удалося вывезці машынны парк і абсталяванне 36 МТС. У Палескай і Гомельскай абласцях самую груваздкую тэхніку разабралі і пагрузілі на чыгуначныя платформы. Усяго за некалькі дзён эвакуацыі быў разабраны і адпраўлены ў тыл 6651 трактар і 4221 камбайн. Жывёлу суправаджалі пагоншчыкі. Якая гэта была знясільваючая работа, і цяжкія ўмовы перагону для жывёлы. Іх суправаджала варожая бамбёжка. На шляху жывёлу пакідалі ў гаспадарках Курскай і Арлоўскай абласцей, здавалі мясакамбінатам. З Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і часткі Мінскай абласцей эвакуіравалі, перадавалі часцям Чырвонай Арміі і раздалі насельніцтву і калгасам на ўсходзе больш за 750 тысяч галоў жывёлы з грамадскага сектара. Адначасова вяскоўцы спяшаліся ўбраць ураджай, здаць яго Чырвонай Арміі ці вывезці ў тыл.

Абсталяванне эвакуіраваных на ўсход прадпрыемстваў збіралі ў кароткія тэрміны, у цяжкіх умовах, зачастую пад адкрытым небам. Сцены ўзводзілі пазней. Адразу — галоўнае: даць прадукцыю. Вось як успамінаў той час адзін з беларускіх рабочых: “Умовы для нас у тую першую восень былі проста неймаверныя…. Клімат непрывычны, суровы… Куды ні павярніся — гора, слёзы, пахавальныя лісты, нягоды… Настрой цяжкі — немец ля самай Масквы… Працавалі мы як апантаныя — увесь боль свой, усю злосць да праклятых фашыстаў тапілі ў рабоце… Змена закончыцца, а мы і не думаем ісці. Падрэмлеш дзе-небудзь у кутку хвілін 30, апаласнеш твар халоднай вадой — і зноў за працу. Працавалі па-франтавому, не шкадуючы сябе. Людзі былі — як з жалеза”.

У кароткія тэрміны на ўсходзе СССР вырасла 3500 вялікіх прамысловых аб’ектаў металургіі, энергетыкі, машынабудавання, абаронныя заводы. Беларускія прадпрыемствы працавалі дзесьці самастойна, дзесьці зліліся з расійскімі і ўкраінскімі. Наш “Гомсельмаш” разам з курганскім заводам утварыў “Уралсельмаш”. Ужо 26 жніўня 1941 г. ён адгрузіў першую партыю баявой прадукцыі. У канцы верасня калектывы 35 беларускіх прадпрыемстваў наладзілі выпуск прадукцыі для фронту, да лістапада іх стала 62, а ў сакавіку 1942-га — 81. З канвеера сыхо- дзілі танкі, мінамёты, артылерыйскія снарады, гранаты, міны, лыжы, ранцавыя агнямёты, санітарныя павозкі, патранташы, насілкі, сапёрныя рыдлёўкі, калючы дрот, шынельнае сукно, тканіна для штаноў, гімнасцёрак і парашутаў, бялізна, целагрэйкі і іншае адзенне, патронныя сумкі, боты…

Усяго ў СССР было перавезена на ўсход каля дзвюх тысяч прадпрыемстваў, вялікі аб’ём культурных каштоўнасцей, эвакуіравана, размешчана і працаўладкавана каля 11 млн чалавек. Бязмежны працоўны гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны, высокую эфектыўнасць вытворчасці можна адлюстраваць і ў наступных лічбах. У ліпені — снежні 1941 г. у краіне было выпушчана 8,2 тысячы баявых самалётаў, у 1942-м — 21,7 тыс., у 1943-м — 29,9 тыс., у 1944-м — 33,2 тысячы. Танкаў і самаходных установак: 4,8 тысячы за другую палавіну 41-га, 24,4 тыс. — у 1942-м, 24,1 тыс. — у 1943-м, 29 тыс. — у 1944-м. Кулямётаў усіх відаў адпаведна 106,2 тысячы, 356,1 тысячы, 458,5 тысячы, 439,1 тысячы.

Беларусы, што засталіся на акупіраванай тэрыторыі, таксама як маглі шко- дзілі немцам. Сабаціравалі работу, на якую ворагі гналі іх пад дуламі зброі. Прадукты хавалі, перадавалі партызанам, толькі б не дасталіся акупантам.

Новая хваля актыўнасці мірнага насельніцтва ўзрасла на вызваленай тэрыторыі. Хоць самі жылі ў беднасці, на пажарышчах, але садзейнічалі фронту.
жыхары Нясвіжчыны ўсімі сіламі і сродкамі дапамагалі, разам з усімі, Чырвонай Арміі, якая граміла нацыстаў за межамі нашай краіны, у Цэнтральнай Еўропе.

У нашай на той час Баранавіцкай вобласці быў кінуты кліч сабраць грошы на выпуск цэлай танкавай калоны. Жыхары раёна дружна адгукнуліся на яго. Напрыклад, сяляне Казлоўскага сельсавета сабралі 2030 рублёў. У тым ліку жыхары вёскі Долкінды — 580, вёскі Жанкавічы — 287 рублёў. У Быхаўшчынскім сельсавеце людзі далі на добрую справу 11 тысяч рублёў. Жыхарка вёскі Еськавічы Ліпскага сельсавета Марыя Вялічка ўнесла 525 рублёў — усю дапамогу, якую атрымала за сына-франтавіка.

Ад дарослых не адставалі і дзеці. Так, вучні 9 “А” класа Беларускай сярэдняй школы Нясвіжа сабралі 600 рублёў. Старшакласнікі вялі сярод насельніцтва вялікую растлумачальную работу, і ў выніку ім удалося сабраць на выпуск танкаў 8 тысяч рублёў.

Сярод моладзі разгарнулася акцыя па зборы сродкаў на будаўніцтва танкавай калоны “Беларускі камсамолец”. У выніку атрымалася 116 тысяч рублёў. Аб гэтым сакратар Нясвіжскага райкама камсамола Мікалай Бірукоў накіраваў рапарт у адрас кіраўніка дзяржавы Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. У адказ 27 лютага 1945 года ў Нясвіж прыляцела тэлеграма з Масквы:

“Прашу перадаць камсамольцам і моладзі Нясвіжскага раёна, якія сабралі 116 тыс. руб. на будаўніцтва танкавай калоны “Беларускі камсамолец”, маё гарачае прывітанне і падзяку ад Чырвонай Арміі. Іосіф Сталін”.

У фонд Чырвонай Арміі на канец лютага 1945 года працоўныя нашага раёна ўнеслі 271 855 рублёў. Гэтыя сродкі пайшлі, акрамя танкаў, на стварэнне самалётнай эскад- рыллі.

Дапамагалі беларусы фронту не толькі грашыма, але і шчырай, самаадданай працай. Вось, дарэчы, 19 лютага 1945 года наша раённая газета “Чырвоны сцяг” паведамляла, што ў Жанкавічах адбыўся мітынг вяскоўцаў. Кожны гаварыў пра тое, чым зможа дапамагчы воінам Чырвонай Арміі наблізіць перамогу. Селянін Іосіф Карачун сказаў:

“Мне 67 год. Два сыны мае дабіваюць праклятага ворага, а я ў тылу дапамагаю ім сваёй працай. Я вывез 17 кубаметраў драўніны і заўтра зноў еду ў лес”.

Наш цягавіты, цярплівы беларус! Колькі ж вынес ты на сваіх плячах! І маеш за гэта сёння мірнае неба над галавой, дастатак у доме, радасць у вачах і сэрцах.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота з адкрытых крыніц.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика