Сёлета 3 ліпеня мы ў 30-ы раз адзначым Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі).
“Мір, свабода і незалежнасць — гэта наша спадчына і велізарнейшыя каштоўнасці, якія трэба берагчы і абавязкова абараняць”.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА, падчас урачыстасці на Кургане Славы 3 ліпеня 2025 года.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ініцыіраваў рэспубліканскі рэферэндум, які адбыўся 24 лістапада 1996 года і падтрымаў прапанову нашага лідара перанесці гэтае важнейшае для беларускага народа свята з 27 ліпеня на 3 ліпеня — дзень, калі ў 1944 годзе сталіца рэспублікі — Мінск — была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. За перанос даты прагаласавалі 5,5 мільёна чалавек, або 88,18% грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні. Такім чынам, была абрана святая дата, да якой дні і ночы ішлі беларусы разам з брацкімі народамі ўсіх рэспублік СССР і свабодалюбівымі прадстаўнікамі некаторых іншых краін, якія бясстрашна змагаліся з фашызмам і нацызмам. Ішлі праз агонь і кроў, раненні і смерць — і перамаглі ворага. Беларуская зямля, пазбавіўшыся ад рабскага ярма, ад здзекаў і гнёту акупантаў, уздыхнула, нарэшце, з палёгкай і пачала залечваць свае раны.
Здавалася, не было іншай, больш знакавай даты для ўстанаўлення Дня Незалежнасці. Але Вярхоўны Савет БССР, які 27 ліпеня 1990 года прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспуб-лікі, абвясціў гэтую дату Днём Незалежнасці. Такое рашэнне не выражала волі большасці беларусаў. Пазней, у сакавіку 1991-га, наш народ сказаў сваё слова на ўсесаюзным рэферэндуме, калі 82,7% беларусаў былі за захаванне Савецкага Саюза і Беларусі ў яго складзе.
Ад чаго мы сталі незалежнымі пасля 27 ліпеня 1990-га? Ад СССР? Рэспубліка знаходзілася ў той жа інтэграцыйнай савецкай прасторы і магла далей развівацца толькі ў цеснай сувязі з Расійскай Федэрацыяй, Украінай, рэспублікамі Закаўказзя і Сярэдняй Азіі — так усё было цесна пераплецена ў структуры СССР. І такі велізарны, неацэнны агульны набытак усіх яго народаў, як перамога ў Вялікай Айчыннай, нельга было здымаць з шалі вагаў. Народы разам вырашалі лёс Айчыны.
Рашэнне ж пра 27 ліпеня прымалі 380 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. І ўсё. Большасць жа беларусаў успрымала гэту дату не як крок да незалежнасці Беларусі, а як крок да развалу нашай вялікай і магутнай дзяржавы.
Яшчэ 27 ліпеня звязана з некаторымі змрочнымі падзеямі ў гісторыі рэспублікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень у 1942 годзе кат беларускага народа гаўляйтар Кубэ падтрымаў беларускіх здраднікаў і выдаў распараджэнне, якім дазволіў “пры розных урачыстасцях і для распазнавання нацыянальнасці беларускай побач нямецкіх адзнакаў на дамах вывешваць і насіць бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Эксперты задаюцца пытаннем: у 1990-м Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі выпадкова ці наўмысна была прынята 27 ліпеня? А ў 2020-м бчб-сімволіку некаторыя ўскінулі, не ведаючы гісторыі ці наўмысна, ідучы курсам колішняй германскай нацысцкай ідэалогіі, накіраванай на знішчэнне беларусаў? Гэта як называецца? Або поўнае невуцтва, або дзяржаўная здрада.
Дзякуй Богу, разумныя беларусы адмовіліся ад той даты — 27 ліпеня. Абралі сапраўдны сімвал незалежнасці краіны, сімвал мужнасці і веры, сімвал міру, стваральнай працы, гістарычнай памяці. Знак нязломленасці беларуса, яго цвёрдага жыццёвага стрыжня, яго глыбокай духоўнасці і нацыянальнага багацця.
На тым рэферэндуме, у 1996-м, галасаванне прайшлі і іншыя пытанні пабудовы нашай дзяржаўнасці. Краіны Заходняй Еўропы і ЗША не прызналі яго вынікаў. Адзіным легальным прадстаўніком нашай дзяржавы яны беспадстаўна лічылі апазіцыйны да афіцыйнай прэзідэнцкай улады Вярхоўны Савет 13-га склікання, выбраны ў 1995 годзе ў выніку чатырох тураў галасавання. Яго старшыню Шарэцкага называлі “змагаром за росквіт беларускай дэмакратыі па заходнім узоры”. Захад пачаў аказваць маральную, фінансавую і матэрыяльную дапамогу беларускай апазіцыі, умешвацца ва ўнутраныя справы нашай суверэннай дзяржавы.
Што такое “дэмакратыя” на заходні лад, мы цяпер добра ведаем. Нацысцкі рэваншызм, нянавісць, ксенафобія, так называемая свабода чалавека, якая перарасла ў анархію і крымінал, прапаганда ЛГБТ — праява антыхрысціянская, антымаральная і антынацыянальная. І гэтую мярзотнасць Захад хацеў прынесці на беларускую зямлю! А некаторыя з нас браліся за выкананне яго брудных планаў. Які сорам! І гэта яшчэ мякка сказана. А палітыкі Захаду, якія хочуць дыктаваць нам свае ўмовы, не маюць для таго ні права, ні аўтарытэту. Апошняга ў іх няма нават у сваіх краінах. Паглядзіце, хто там зараз рулюе: у прэзідэнта Францыі 10% даверу ў свайго насельніцтва, у канцлера ФРГ — 13%, у прэм’ера Брытаніі — 16% (праўда, ён пакідае сваю пасаду).
Ні ў якое параўнанне не ідуць іх рэйтынгі з узроўнем даверу беларусаў нашаму Прэзідэнту. Пад яго кіраўніцтвам мы самі вызначылі свой шлях, і нам ёсць чым ганарыцца. Народ вызначыў сваё галоўнае дзяржаўнае свята і шырока, з радасцю і ўдзячнасцю адзначае яго.
Выступаючы ў мінулым годзе 3 ліпеня падчас урачыстасці на мемарыяльным комплексе “Курган Славы”, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вызваленне сталіцы Беларусі 3 ліпеня 1944 года ў ходзе аперацыі “Баграціён” вярнула мір на зраненую беларускую зямлю і стала важным этапам на шляху да Вялікай Перамогі. Так кавалася наша незалежнасць. Прэзідэнт таксама сказаў аб задачах сённяшняга дня:
— Захад зноў вырашыў усе свае даўгі і праблемы спаліць у сусветным пажары. І адначасова спаліць некалькі мільёнаў жыхароў нашай планеты. Задача ўсіх людзей добрай волі і ў першую чаргу моладзі — аб’яднацца, спыніць вар’ятаў. Спыніць у імя будучыні ўсяго чалавецтва.
Незалежнасць трэба пацвярджаць штодзённа. Шчырай, самаадданай працай — мірнай і ратнай. Як нагадаў Прэзідэнт, “незалежнасць каштуе дорага, вельмі дорага”. Яе трэба берагчы і абараняць, бо яна — велізарнейшая каштоўнасць.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.

Фото из архива «НН».
Главное фото sb.by.




