На мінулым тыдні 100-гадовы юбілей адсвяткавалі дзве нашыя зямлячкі — Марыя Антонаўна Шыманская і Марыя Ільінічна Вялічка. Толькі падумайце — стагоддзе, век, цэлая эпоха! Колькі бачылі яны ўсяго на сваім жыццёвым шляху, сведкамі якіх толькі падзей не былі гэтыя жанчыны! Насамрэч, менавіта яны — жывыя ўспаміны аб некалькіх эпохах, сапраўдны гонар нашага краю, нашай Нясвіжчыны.
Марыя Антонаўна Шыманская ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Макашы. Тут яна нарадзілася, тут працавала, і па сённяшні дзень жыве ва ўласнай хаце.
— Я вельмі рана засталася сіратой, маме было крыху больш за 30 гадоў, калі яна пайшла з жыцця, — расказвае Марыя Антонаўна аб сваім дзяцінстве. — Уявіце сабе, я нават і не помню яе зусім. Бацька быў чалавекам добрым, заўсёды нас, дзяцей, шкадаваў. Але ж вядома, без маці цяжка жыць. А які б добры бацька ні быў, маму дзіцяці ён ніколі не заменіць. Цяжка працавалі і дарослыя, і дзеці — і гэта не дзіўна, бо так было заўсёды: хочаш жыць лепш — працуй. Я скончыла чатыры класы польскай школы — на гэтым і ўся мая адукацыя. Мы, вясковыя дзеці, за польскім часам і думаць не маглі, што можна яшчэ дзесьці вычыцца. А дома хто па гаспадарцы памагаць будзе? Свая зямля ёсць свая зямля: і араць яе трэба, і баранаваць, і сеяць, і ўбіраць. Ад гэтага напрамую залежыць дабрабыт цэлай сям’і. А ў нашай хаце работнікаў не надта многа было. Брат, бацька і я. Праўда, з намі жыла яшчэ бацькава сястра, а яна была спраўнай партніхай. Яе многія ведалі, бо любую добрую вопратку магла справіць. Дарэчы, у нас па сёняшні дзень стаіць яе швейная машынка. Я не навучылася так спраўна шыць, але таксама штосьці падрамантаваць умела.
Асабліва цяжка Марыя Антонаўна перанесла смерць свайго старэйшага брата.
— Ён памёр на 19-м годзе, ад апендыцыту, — уздыхае жанчына. — Сёння нават цяжка ўявіць, мусіць, што ад гэтага можна памерці. А тады, бачыце, які узровень медыцыны быў нізкі. Не паспелі хлопцу дапамагчы, не давезлі да лекара ў горад. Але, што ж зробіш, кожнаму сваё наканавана: ён юнаком пайшоў, а я ўжо сто год на зямлі жыву. На ўсё воля Бога. Любое балючае перажыванне з цягам часу праходзіць. Жывым трэба жыць…
Усё жыццё Марыя Антонаўна працавала ў калгасе імя Дзяржынскага, сёння гэта ААТ “Нясвіжскія Астроўкі». Спачатку была паляводам, а потым даяркай.
— Расказваць пра тое, як цяжка было працаваць на ферме ці ў полі, я не буду, гэта і так усе ведаюць, — адзначае М.А. Шыманская. — Скажу толькі, што калі сваю работу любіш і адказна да яе адносішся — нічога цяжкага няма. Стаміўся за дзень — нічога, заўтра будзе новы дзень і новыя сілы. Ніколі і нікому не па сілах не даецца. У гэтым я за сто гадоў пераканалася. А я сваю работу любіла. Тады даяркі не толькі кароў даілі і даглядалі, але яшчэ і цялят. І вось, не палічыце за нясціпласць, за ўсе гады працы ў мяне ні адно цяля не выбыла. Усіх даглядзела! Ды і не толькі я так да работы ставілася, усе мае калегі такімі ж былі. Бачыш, што нейкае кволае цялятка — яек з дому прынясеш, пойла зварыш. Гэтак яны сіл набіраліся і выпраўляліся.
У Марыі Антонаўны была і немалая хатняя гаспадарка, агарод. І са ўсім гэтым яна ўдала ўпраўлялася, ўсюды паспявала. У свой час жанчына вельмі любіла вязаць, і шмат чаго вязала для сям’і. На маё пытанне аб тым, як на ўсё часу хапала, адказвае яна вельмі проста:
— Характар у мяне такі — рухавы. Мне ўсё жыццё на месцы не сядзіцца, хочацца нешта рабіць. Цяпер, безумоўна, ужо сіл на гэта няма, а шкада. А ўвогуле, я люблю жыццё, люблю людзей, якія сустракаліся на маім шляху. І нават цяпер, калі ўжо сто першы год пайшоў, хочацца яшчэ пажыць. І я хачу пажадаць кожнаму любіць гэта жыццё так, як люблю я, радавацца кожнаму дню, кожнай дробязі ў ім.
Ірына ЕФІШОВА.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.




