Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Жыццёвая мудрасць і сакрэт даўгалецця Марыі Ільінічны Вялічка

Пост опубликован: 07.07.2026

На мінулым тыдні 100-гадовы юбілей адсвяткавалі дзве нашыя зямлячкі — Марыя Антонаўна Шыманская і Марыя Ільінічна Вялічка. Толькі падумайце — стагоддзе, век, цэлая эпоха! Колькі бачылі яны ўсяго на сваім жыццёвым шляху, сведкамі якіх толькі падзей не былі гэтыя жанчыны! Насамрэч, менавіта яны — жывыя ўспаміны аб некалькіх эпохах, сапраўдны гонар нашага краю, нашай Нясвіжчыны.

Жыццё пражыць — не поле перайсці. Так часта кажуць сталыя людзі і маюць рацыю, але і поле бывае няпроста перайсці, асабліва, калі не толькі ісці, а яшчэ і працаваць на ім.

Марыя Ільінічна Вялічка нарадзілася ў вёсцы Карцэвічы. Аб сваім дзяцінстве жанчына ўспамінае ўздыхаючы: нялёгка было і дарослым тады, і дзецям.

— Зразумела, што сто гадоў таму ўсё зусім па-іншаму было, — кажа яна. — І дзяцей з маленства ў працы выхоўвалі. А як па-іншаму? Маці ідзе жаць — і немаўля з сабой нясе, падрасце дзіцятка — дапамагае. Нават самыя малыя раней да працы прывучаліся. Капаюць, напрыклад, бульбу дарослыя, а дзіцятка трох-чатырохгадовае побач, таксама у кош матчын збірае. І пытанняў лішніх у галаве не ўзнікала: усе ведалі, што так трэба, і без працы чалавек не пражыве на гэтым свеце. Яшчэ падрастае дзіця — новыя абавязкі з’яўляюцца: амаль усё ў хатняй гаспадарцы рабілі дзеці. Мо, хіба толькі кароў да пэўнага ўзросту не даілі, бо надта гэта небяспечна.

Гледзячы на сённяшніх дзяцей і падлеткаў, Марыя Ільінічна не разумее, як можна быць незадаволеным чымсьці — раней зусім па-іншаму было.

— Мо таму мы рана дарослымі і станавіліся, — разважае жанчына. — Свае абавязкі мелі, ды і бавіцца часу не было. Але ж усё роўна цікава мы жылі, супольна, дружна. Сёння людзі больш па хатах сядзяць, а мы ж на вячоркі збіраліся, гаманілі, песні спявалі. Зразумела, зімой толькі такое можна было сабе дазволіць, калі ўсе работы палявыя скончаны.

Марыя Ільінічна выйшла замуж за ўдаўца і прыняла як сваіх дваіх яго дзяцей. Потым нарадзіліся ў іх яшчэ сын і дачка.

— Я ніколі дзяцей не дзяліла: гэта — мае, а гэта — ад другой маці, такого не было і быць не магло, — дзеліцца яна. — Я прыняла іх цалкам, яны сталі маімі. Шчыра кажучы, можа я іх і больш шкадавала, чым сумесных з мужам. Яны ж і так сіротамі засталіся, без маці, вось я і хацела, каб ім як мага лепш было. Не бывае чужых дзяцей, што б людзі не гаварылі. Я, калі чую, што хтосьці сваіх дзяцей пакінуў, аж плакаць хачу: як так? Раней людзі так цяжка жылі, нічога не было, а дзяцей гадавалі. А сённяшнім днём як такое можа быць?!

Пасля замужжа Марыя Ільінічна пераехала ў вёску Еськавічы, амаль усё жыццё працавала паляводам.

— На той час цяжка было ўсім рабіць, і не толькі ў паляводстве, — разважае яна. — Механізацыя спачатку ж была мінімальнай, амаль усё ўручную рабілі. Цяжка — не тое слова, нават часам думаю, як мы ўсё гэта вытрымлівалі… Але мы — людзі старой закалкі, прывычныя да работы, да цяжкасцей. Спраўляліся і не жаліліся на жыццё. Бывае, чую ад кагосьці, як складана ім жывецца, і хочацца спытаць: а што б ты сказаў, каб на ўвесь дзень цябе адправілі дзялку буракоў палоць з матыкаю ці гачкай? І так — кожны дзень! А не ісці — нельга, ды і працаваць трэба на ўзроўні з іншымі: гультаём лічыцца ніхто не хацеў, ды і сорамна было перад землякамі. Мне падаецца, што раней людзі былі нейкія больш добрыя адзін да аднаго, стараліся дапамагчы. Вось, напрыклад, полем мы тыя буракі, свае скончылі, а хтосьці раптам яшчэ не. Мы без усякіх пытанняў пераходзілі дапамагаць. Нават і думкі не было стаяць і чакаць. А сёння ўсё менш гэтай узаемадапамогі, а шкада: разам заўсёды прасцей.

Сакрэтам свайго даўгалецця Марыя Ільінічна лічыць любоў да працы і добры настрой.

— Гэта і праўда так, — пацвярджае юбілярка. — Пакуль чалавек робіць нешта — ён жыве ў пэўным сэнсе гэтага слова, а калі сіл не хапае — ўжо не так. Думаю, многія людзі сталага ўзросту са мной згодзяцца. А што датычыцца добрага настрою — тут усё проста: жыццё сапраўды даволі часта дае нам выпрабаванні. Але ж хіба будзе лягчэй іх пераадольваць, калі плакаць ці быць злосным на ўсіх? Не скардзіцеся на лёс лішні раз і не гнявіце Бога, помніце, што няма той перашкоды, якую нельга перажыць. А калі сёння быў цяжкі дзень, то заўтрашні абавязкова будзе лепшым!

Ірына ЕФІШОВА.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика