Калі гаворка ідзе пра людзей старэйшага пакалення, часта выкарыстоўваюць клішэ ‘‘працоўная дынастыя’’ або ‘‘ветэран працы’’. Але за кожным такім словом стаіць унікальны лёс, які варты таго, каб пра яго расказвалі ўнукам і праўнукам. Леаніда Буян — адна з тых, хто сваімі рукамі ствараў аснову беларускай малочнай гаспадаркі, а яе гісторыя — глыбокі зрэз жыцця вясковай жанчыны, якая прайшла праз цяжкасці, страты, перамены і заслужыла найвышэйшую ўзнагароду сваёй краіны. 34 гады, адданыя роднаму СВК ‘‘Агракамбінат Сноў’’ і, у прыватнасці, МТК ‘‘Сычы’’, сталі не проста працоўным вопытам, а жыццёвым крэда.
Леаніда Васільеўна нарадзілася ў ціхай, зялёнай вёсцы Альхоўка. Гэты край, багаты сваёй гісторыяй і традыцыямі, з маленства навучыў яе любові да зямлі, павазе да хлеба і галоўнаму — працаваць не пакладаючы рук. У тэхнікуме ў Смілавічах яна атрымала адну з самых запатрабаваных і адказных спецыяльнасцей — бухгалтара. Здавалася, што лёс прызначыў ёй месца ў цёплым кабінеце з лічбамі і справаздачамі. Але, як часта бывае, сапраўднае жыццё распарадзілася па-свойму.
Леаніда Васільеўна выйшла замуж і з нараджэннем дзяцей прыйшло разуменне, што трэба выбіраць паміж кар’ерай і сям’ёй. У тыя часы дэкрэтныя адпачынкі былі рэдкасцю, а даглядаць дзяцей даводзілася без дапамогі дзяржавы, фактычна на адну зарплату. Муж працаваў токарам, пазней стаў механізатарам у калгасе ‘‘Радзіма’’.
У 1981 годзе лёс сутыкнуў Леаніду Васільеўну з Якавам Аляксанкіным — старшынёй калгаса імя Калініна (зараз СВК “Агракамбінат Сноў”). Ён ведаў яе мужа, запрасіў яго на працу і нашай гераіні месца прапанаваў, але з умовай: у бухгалтэрыі вакансій няма, таму — даяркай. Гэты момант і стаў паваротным. Леаніда Васільеўна падумала і згадзілася. Так пачалася яе гісторыя на сноўскай зямлі.
Пачатак працы на ферме ў Сычах быў надзвычай цяжкім: кармы даводзілася цягаць уручную, самастойна карміць кароў і чысціць памяшканні. Першыя два гады яна працавала на розных фермах, пакуль нарэшце не ўладкавалася трывала на МТК ‘‘Сычы’’.
— Тады ферма не была ўкамплектавана, як цяпер. Усё рабілі самі, без аўтаматыкі, — гаворыць яна.
Але менавіта там, у штодзённых клопатах, нараджаўся характар сапраўднага прафесіянала. Яна вучылася разумець кожную карову, яе характар, стан, патрэбы. Гэта была не проста работа — гэта было прызванне.
Будаўніцтва новай сучаснай фермы і пераход на двухразовую дойку стала сапраўднай палёгкай для ўсіх працаўнікоў. Для Леаніды Васільеўны гэта быў новы этап:
— Двухразовая дойка — гэта вялікае палягчэнне. Гэта павялічыла прадукцыйнасць і палепшыла ўмовы працы, а галоўнае — дазволіла больш увагі надаваць жывёле.
Гады ішлі, вопыт назапашваўся, і вынікі не прымінулі сказацца.
У 1999 годзе, у разгар працы на мадэрнізаванай ферме, Леаніда Буян дабілася выдатных паказчыкаў: сямі тысяч кілаграмаў малака ад каровы! Гэта быў выдатны вынік для тых часоў, калі сярэднія надоі па краіне былі значна ніжэйшымі. За гэтыя рэкордныя дасягненні ў развіцці народнай гаспадаркі яна была ўзнагароджана ганаровым Ордэнам Пашаны.
— Гэта было прызнанне не проста маёй працы, а працы ўсіх, хто стаяў побач, — кажа яна. — Калі ўручалі ордэн, я адчула, што ўсё было недарма.
Гэтая ўзнагарода стала сімвалам таго, што штодзённая, незаўважная, але такая важная праца вяскоўцаў — сапраўдны фундамент эканомікі краіны.
Калі гаспадарка закупіла венгерскіх цёлак для новай даільнай залы перад Леанідай Васільеўнай паўстала новая адказная задача: раздой першацёлак. Гэта адзін з самых складаных этапаў у жывёлагадоўлі, які патрабуе не проста фізічнай сілы, а неверагоднага цярпення, увагі і вопыту.
Яшчэ адной яркай старонкай яе біяграфіі стаў удзел у якасці дэлегата ад раёна ў І Усебеларускім народным сходзе.
— Уражанні, вядома, не перадаць, — дзеліцца Леаніда Васільеўна. — Пачуць прамовы, пабачыць абмеркаванне будучыні краіны — гэта было неверагодна. А галоўнае — адчуванне того, што твой голас важны, што тваё меркаванне значнае для дзяржавы.
Леаніда Буян працягвала працаваць на МТК да 2016 года, пакуль здароўе канчаткова не пачало падводзіць.
Сёння Леаніда Васільеўна на заслужаным адпачынку, але і цяпер не сядзіць на месцы, займаецца хатнімі справамі, цікавіцца падзеямі ў раёне і ў краіне. А да маладога пакалення ў яе ёсць асаблівая парада:
— Любіце сваю зямлю, і будзьце патрыётамі. А сапраўдная любоў да Бацькаўшчыны пачынаецца з простага: шчыра працуйце і будзьце сумленнымі ва ўсім.
Ірына ЕФІШОВА.




