Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Насустрач 35-годдзю СНД. Дзеля інтарэсаў двух народаў

Пост опубликован: 21.07.2026

“У аснову і ў Беларусі, і ва Узбекістане мы ставім інтарэсы нашых народаў. Мы падпісалі Дэкларацыю аб стратэгічным партнёрстве між Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан. Гэта — гістарычны крок”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА, падчас перамоў з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у Мінску 9 ліпеня 2026 г.

З цікавасцю і задавальненнем мы знаёмімся з вынікамі афіцыйнага візіту Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь і яго перамоў у Палацы Незалежнасці з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Узбекістан, партнёр Беларусі па СНД, зараз уваходзіць у дзясятку асноўных замежных партнёраў нашай краіны. А сярод СНД стаіць на трэцім месцы. І калі раней планавалі дасягнуць тавараабароту ў 1 мільярд долараў, то цяпер ставім мэту давесці яго да 2 млрд у 2030 годзе. Нашы дзяржавы супрацоўнічаюць у самых розных сегментах: машынабудаванні, АПК, ахове здароўя, адукацыі, фармацыі, у навукова-тэхнічнай, сацыяльнай і культурна-гуманітарнай абласцях. Толькі што ў Мінску прайшоў III Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Сёлета яшчэ адбудуцца медыцынскі і турыстычны форумы, чарговы форум вышэйшай і прафесійнай адукацыі. Беларусь працягне выдзяляць гранты для навучання таленавітай узбекскай моладзі ў лепшых беларускіх універсітэтах. Будзе і далей запрашаць дзяцей Узбекістана на адпачынак да нас.

Шаўкат Мірзіёеў падкрэсліў, што яны “зацікаўлены ва ўкараненні беларускага вопыту пры рэалізацыі праекта будаўніцтва атамнай электрастанцыі ва Узбекістане”. І ён упэўнены, што “супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі і развіццё спадарожнай сацыяльнай інфраструктуры стане яшчэ адным перспектыўным кірункам нашага стратэгічнага партнёрства”.

Росту колькасці разнастайных праектаў пасадзейнічае нядаўняе далучэнне Узбекістана да Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, заснаванні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый у рамках СНД. У Беларусі ёсць магчымасць праз гэтую краіну выходзіць у іншыя, суседнія, і не толькі ў члены Садружнасці.

Як адзначылі лідары абедзвюх дзяржаў, у нас і ў міжнародных адносінах адзіныя погляды. “Мы за шматпалярнасць. Мы не хочам перашкаджаць нікому. Мы глядзім на наш народ, Узбекістан — на свой народ. І ў той жа час вядзём вельмі актыўную работу, каб звязаць нашы інтарэсы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Узбекістана высока ацаніў з’яўленне ў Мінску Алеі дружбы Беларусі і Узбекістана. Да таго ж, яна знаходзіцца на вуліцы Ташкенцкай. Так сімвалічна. І ўзбекі данай увагай вельмі задаволены. Гэта яшчэ болей збліжае нашы народы, якія дагэтуль доўгі час жылі ў адзінай вялікай савецкай сям’і ў агульнай краіне — Савецкім Саюзе.

Аб’яднаныя пачуццём інтэрнацыяналізму, мы спакойна ехалі працаваць ці адпачываць: у дагестанскую Махачкалу ці ўкраінскі Трускавец, рускі Ніжнявартаўск ці латвійскую Юрмалу, на беларускае возера Нарач ці ў армянскі Спітак — занава будаваць гэты горад, знесены землятрусам. Як, дарэчы, і ў сталіцу Узбекістана горад Ташкент, які трасло ў 1966-м. Яго цэнтральная частка амаль поўнасцю была разбурана 8-бальным націскам стыхіі, знішчана 2 мільёны квадратных метраў жылой плошчы. Без даху над галавой засталіся звыш 75 тысяч сем’яў, гэта больш за 300 тысяч чалавек з паўтара мільёна жыхароў Ташкента. Пацярпела ад землятрусу амаль 250 адміністрацыйных будынкаў, навучальных устаноў, устаноў культуры і медыцыны, прамысловых прадпрыемстваў. Адбудоўвалі Ташкент сіламі ўсяго Савецкага Саюза. У тым ліку актыўна ўдзельнічала Беларусь, дапамагала братняй рэспубліцы, гэтак жа, як узбекі дапамагалі нам падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе — уздымаць БССР з попелу і руін. Самыя розныя мэты былі ў паездках і перасяленнях. Людзі старэйшага ўзросту зараз з настальгіяй і ўдзячнасцю нагадваюць тыя часы, свае маладыя гады.

Сваімі ўражаннямі ад колішняга жыцця ва Узбекістане, у Сырдар’інскай вобласці, падзялілася адна мая знаёмая. Яе, маладую беларускую дзяўчыну, лёс закінуў у далёкую азіяцкую рэспубліку ў пачатку 1970-х гадоў. Успаміны засталіся добрыя. “Мне там спадабалася”, — кажа несвіжанка.

Акрамя асноўнай работы, яны дапамагалі аграрыям убіраць бавоўну. Працавалі ўручную. На поле выходзілі ў пяць гадзін раніцы, у адзінаццаць ужо ехалі дамоў, бо рабілася нясцерпна горача, тэмпература даходзіла да плюс 50 градусаў. Такім Узбекістан і застаўся ў памяці: бязмежныя палі з каробачкамі белай бавоўны, арыкі, што нясуць раслінам жыватворную вільгаць, паважная хада вярблюдаў, якіх назіралі здалёк, горныя схілы, пакрытыя кветкамі цюльпанаў і макаў. Каб палюбавацца яркім багаццем апошніх, у вольны час спецыяльна ездзілі ў горы.

Знаёмыя ўзбекі вазілі беларусаў на бахчу, дзяўчатам цікава было паглядзець, як растуць кавуны. А якія альтанкі ўтварала вінаградная лаза, якія буйныя і духмяныя гронкі паўднёвай ягады вабілі вока! Каб пазнаёміцца бліжэй з мясцовым жыццём, ездзілі ў кішлак. У гасцях былі ў рускіх, але жылі там і татары, узбекі, таджыкі. Цэлы інтэрнацыянал. Пабачылі ўзбекскае вяселле. Зразумела, што захапіла багацце фруктаў пад шчодрым паўднёвым сонцам. “Я любавалася дрэвамі абрыкосаў — высокімі, стройнымі, — працягвае мая суразмоўца. — Дрэўцы гранатаў, наадварот, невысокія, а плады такія буйныя”.

Гэта цяпер беларусы самі вырошчваюць і дыні з кавунамі, і вінаград з абрыкосамі. Клімат стаў дазваляць. А паўстагоддзя таму для нас такое было дзівам.

Уражвалі ў горадзе і велізарныя плантацыі руж ля адміністрацыйнага будынка. У Беларусі кветкавае ўпрыгажэнне вуліц, двароў, плошчаў у тыя часы заставалася больш сціплым.

Было вельмі цікава і непрывычна. Зразумела: іншая рэспубліка, свае жыццёвыя правілы, традыцыі, менталітэт, нацыянальнае адзенне, стравы. Нашы дзяўчаты ўжо ведалі: калі ў магазіне ў чарзе стаяць адны рускія, значыць, прадаюць свініну. У мясцовых на стале — ялавічына і бараніна.

Паспрабавалі і сапраўдны ўзбекскі плоў, які там рыхтуюць толькі мужчыны. На рабоце ў начальніка-узбека нарадзіўся сын, і кіраўнік запрасіў калег адзначыць такую радасную падзею, прыгатаваў галоўную нацыянальную страву. Нашы землякі сумелі ацаніць узбекскую гасціннасць.

Да прыезджых славянак узбекі ставіліся дружалюбна. Знаёмы своечасова папярэдзіў, што на танцы дзяўчына не павінна ісці без суправаджэння хлопца ці мужчыны — там падобнае не прынята. Ад нашых зямлячак толькі патрабавалася прытрымлівацца мясцовых звычаяў. І ніхто іх не крыўдзіў.

А вось што нас яднае — ва Узбекістане жыве працалюбівы народ, як і ў Беларусі.

І няма сумнення ў тым, што сённяшняе супрацоўніцтва нашых дзяржаў дасць добрыя вынікі ва ўсіх сферах жыцця, і ў тым ліку — у чалавечых адносінах, дружалюбных, цёплых і паважлівых. Каб добрыя ўспаміны пра мінулае памнажаліся новымі стасункамі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика