Рудаўка сёння — гэта паўночнае прадмесце горада Нясвіжа. Фактычна гэтая вёска ўжо злілася з самім горадам, і без карты зараз не разабраць, дзе праходзіць размежаванне гэтых населеных пунктаў. Стэла з назвай Нясвіж сустракае тых, хто ўязджае ў райцэнтр з боку Гарадзеі, і ніхто не здагадваецца, што спачатку яны праедуць праз прадмесце, якое калісьці не толькі знаходзілася за некалькі кіламетраў ад яго, але і ўваходзіла ў склад зусім іншай вобласці.
Першыя згадкі пра Рудаўку адносяцца да часоў славутага нясвіжскага князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. У канцы XVI стагоддзя ён адбудоўваў Нясвіж паводле апошніх дасягненняў еўрапейскага горадабудаўніцтва і імкнуўся зрабіць яго адным з галоўных рэлігійных і культурных цэнтраў усяго Вялікага Княства Літоўскага.

Былы сядзібны дом
У 1584 годзе Мікалай Радзівіл Сіротка перадае ордэну езуітаў патранат над будаваным галоўным парафіяльным касцёлам Нясвіжа, а таксама замацоўвае заснаванне ў горадзе езуіцкага калегіума. Для таго, каб у нясвіжскіх езуітаў была добрая фінансавая і маёмасная апора і падтрымка, Мікалай Радзівіл перадаў ім шэраг фальваркаў з вёскамі. Сярод іх было і сяло Рудавое з 24 валокамі ворыўнай зямлі. Таксама езуітам былі перададзены 8 валок прылеглага дубовага лесу, у якім было асабліва адзначана наяўнасць «дрэва бортнага» — дрэва з вуллем для дзікіх пчол.
Пасля нашэсця шведаў Нясвіж і ваколіцы аднаўляліся дзякуючы дзейнасці Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Ён надаваў шмат увагі аднаўленню ўсяго Нясвіжа і нармальнай дзейнасці езуіцкай парафіі і калегіума. Навакольныя ўладанні Радзівілаў і езуітаў таксама актыўна развіваліся. Менавіта пры Міхалу Казіміру Радзівілу браты-езуіты пабудавалі новы будынак касцёла святога Міхала ў некалькіх кіламетрах ад горада.
Пасля смерці Міхала Казіміра Радзівіла ў 1762 годзе княжыць у Нясвіжы стаў Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».
Так здарылася, што ў часы Пане Каханку ў 1773 годзе ордэн езуітаў спыніў сваё існаванне. Выконваючы распараджэнне Папы Рымскага Клімента XIV, віленскі біскуп Ігнацій Масальскі скасаваў ордэн на тэрыторыі ВКЛ. Яго маёмасць, у тым ліку нерухомая, як і фальварак Рудаўка з сялом, пераходзіла свецкім уладам — у дадзеным выпадку нясвіжскім князям Радзівілам. Караля Станіслава Радзівіла такое нечаканае папаўненне землеўладанняў зацікавіла найперш як магчымасць папаўнення наяўных грашовых сродкаў, у якіх ён, улічваючы свой марнатраўны лад жыцця, заўсёды меў патрэбу. Таму праз нейкі час Рудаўка была прададзена чашніку навагрудскаму Юзафу Корбуту. Новы гаспадар пачаў ствараць у Рудаўцы гасцінны сядзібны двор, у які неўзабаве пачала з’язджацца шматлікая шляхта Навагрудскага павета. Юзаф Корбут заслужыў сабе ў наваколлі славу ўмелага і гасціннага гаспадара, дом якога заўсёды быў поўны гасцей.

Рэшткі сажалкі
Рудаўка да канца XVIII стагоддзя ўяўляла сабой квадратны сядзібны двор, акружаны садамі, у якім, акрамя сядзібы, вылучалася афіцына, зробленая спецыяльна для шматлікіх гасцей. Яна была пабудавана на ўзор манастыра, мела калідорную планіроўку з пакоямі па абодва бакі, а пасярод яе знаходзілася сядзібная капліца. У гэтай афіцыне, дарэчы, жылі таксама дзве кузіны Юзафа Корбута.
Адна з іх — Кацярына Корбут — каля 1790 года стала жонкай маёра кавалерыі князя Ануфрыя Масальскага, так што цяпер і гэтая фамілія таксама дадалася ў спіс ганаровых гасцей рудаўскай сядзібы. У 1799 годзе ў той самай сядзібнай афіцыне ў Ануфрыя і Кацярыны Масальскіх нарадзіўся сын Эдвард. У будучыні яму было наканавана стаць вядомым пісьменнікам, філолагам і этнографам. Ну а амаль усё сваё дзяцінства ён правёў у цудоўных нясвіжскіх краях, у Рудаўцы!
Хрысцілі хлопчыка ў той самай сядзібнай капліцы. У ёй, дарэчы, даволі часта праходзілі хрысціны, вяселлі і адпяванні мясцовай шляхты. Звязана гэта з адной цікавай акалічнасцю. У 1793 годзе, калі Рудаўка разам з большай часткай Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай імперыі, нашы землі атрымалі новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне, якое стала яшчэ больш заблытаным для нясвіжскіх ваколіц пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. З 1793 па 1795 год Рудаўка ўваходзіла ў склад Нясвіжскага павета Мінскай губерніі, што даволі лагічна. Але з 1795 года яе нечакана ўключаюць у склад Навагрудскага павета, які ў сваю чаргу становіцца часткай Слонімскай губерніі. У далейшым Рудаўка знаходзілася таксама ў складзе Літоўскай і Гродзенскай губерніяў, пакуль, нарэшце, у 1842 годзе яна не стала часткай Мінскай губерніі. Але — у складзе таго ж Навагрудскага павета. Мяжа гэтага «вандроўнага» павета па новым дзяленні праходзіла там, дзе сёння перакрыжаванне нясвіжскіх вуліц Ленінскай і Кастрычніцкай. Наш славуты пісьменнік і падарожнік Уладзіслаў Сыракомля пісаў, што нават у 1850-х гадах на гэтым месцы стаяў стары слуп, які раней адзначаў межы розных губерніяў.
З гэтым новым расійскім дзяленнем аказаліся разарванымі не толькі грамадзянскія, але і царкоўныя сувязі. Рудаўка, здаўна звязаная з нясвіжскім касцёлам Божага Цела, была аднесена цяпер да парафіі ў Ішкалдзі, дабірацца ў якую ў параўнанні з Нясвіжам было далёка і нязручна. Таму многія дваране з ваколіц Нясвіжа аддавалі перавагу спраўляць многія службы ў капліцы пры рудаўскім двары, у якім яны праводзілі шмат часу на працягу года.
Пасля смерці Юзафа Корбута Рудаўка належала яго нашчадкам — сыну Дамініку і ўнуку Міхалу. У канцы XIX стагоддзя на Рудаўку, ці хаця б на якую-небудзь яе частку, прэтэндавалі сем’і Беліновічаў і Вольскіх. Старэйшая дачка Міхала Корбута Міхаліна, якая выйшла замуж за Юзафа Беліновіча, імкнулася захаваць увесь маёнтак за сваёй сям’ёй, з чым не быў згодны сын трэцяй дачкі Міхала — Марыі, якая выйшла замуж у сям’ю Вольскіх. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што дзве малодшыя дачкі Міхала Корбута Саламея і Сафія так і не выйшлі замуж і таксама працягвалі жыць у Рудаўцы. Увогуле, падзелу маёнтка было не пазбегнуць. Таму да канца XIX стагоддзя тут было аж 9 двароў, у якіх жылі так ці інакш звязаныя з родам Корбутаў. Але ўсё ж цэнтральная сядзіба двара засталася ў старэйшай дачкі Міхаліны, а значыць, у Беліновічаў. Хутчэй за ўсё, менавіта пры іх быў пабудаваны новы сядзібны дом у стылі неакласіцызму, які захаваўся да нашых часоў. Гэта быў даволі тыповы для невялікіх дваранскіх сядзіб нашага краю дом з шырокай ганкавай тэрасай і франтонам, які падтрымліваўся чатырма калонамі.
Гаспадарамі сядзібы ў пачатку XX стагоддзя канчаткова сталі Беліновічы. Гэты род меў уласны герб «Бяліна» і лічыўся вельмі старажытным. Польскі гісторык XVI стагоддзя Марцін Кромер выводзіў яго карані ад Жэліслава, ваяводы польскага князя Баляслава III Крывавустага. Паходзіў род Беліновічаў з мястэчка Бяліны ў цяперашнім Свентакшыскім ваяводстве Польшчы. Адтуль у XIV стагоддзі ён перасяліўся і на нашы землі.
Апошняга ўладальніка рудаўскай сядзібы Адама Рауля Беліновіча арыштавалі 16 сакавіка 1940 года, прад’явіўшы абвінавачванне ў «антысавецкай дзейнасці». У тым жа 1940 годзе маёнтак Рудаўка разам з усёй зямлёй, пабудовамі і садам быў ператвораны ў машынна-трактарную станцыю. Пасля вайны гэтая станцыя вырасла ў цэлы завод побач з былой сядзібай. Ён стаў называцца «Нясвіжская райсельгастэхніка» і на ім рамантавалі розныя сельскагаспадарчыя машыны. Між іншым, гэта адзіны завод такога роду, які ў Савецкім Саюзе быў узнагароджаны ордэнам Леніна (у 1971 г.).
Ганна МІХАЙЛАВА.




