Вялікая селектарная нарада па пытаннях уборачнай кампаніі 2026 года, якую 21 ліпеня правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, нікога не пакінула раўнадушным. Бо сутнасць яе — пра лёс хлеба і беларусаў. Сёння мы змяшчаем водгукі аграрыяў Нясвіжчыны на гэтае важнае мерапрыемства.
Вячаслаў ХВІЦЬКО, старшы камбайнер ААТ “Сейлавічы”:
— Да жніва маю самае непасрэднае дачыненне, бо ўсё дарослае жыццё звязана са збожжавай нівай. З 1973-га года пайшоў да бацькі памочнікам камбайнера, пасля пачаў працаваць самастойна. Асвоіў камбайны розных марак. Былі ў мяне і “СК-4”, і “Ліда” і “СК-5 Ніва”. Ужо 22 гады ваджу “Лексіён-550”.
Сёлета на палях вырас нядрэнны ўраджай, які мы зараз убіраем. У цэлым па краіне занята 6800 збожжаўборачных камбайнаў, акрамя іх, на жніво выйшла яшчэ 400 новых. Вось такая сіла. І разам з усімі шчырую я на сваім “ветэране”. У зімовы сезон зрабіў вялікі рамонт, таму што пасля абмалоту кукурузы ён асабліва быў патрэбны. У пачатку жніва часта перашкаджалі дажджы, і мы стаялі напагатове, каб адразу ж уключыцца ў работу, калі калоссе абветрае і аграном дасць “дабро”. Стараемся максімальна выкарыстоўваць кожную пагодлівую часіну.
Перад аграрыямі краіны сёлета стаіць задача сабраць больш за 11 мільёнаў тон збожжа. А для гэтага патрэбны, як падкрэсліў наш Прэзідэнт на селектарнай нарадзе, жалезная дысцыпліна — тэхналагічная і выканаўчая — і высокая ступень адказнасці кожнага. Убраць ураджай у аптымальныя тэрміны і без страт, давесці яго да ладу, засыпаць у засекі — першачарговы абавязак. Мы забяспечваем харчовую бяспеку дзяржавы.
Іван АНТАНОВІЧ, трактарыст-машыніст ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”:
— Мне хацелася б нагадаць сказанае Прэзідэнтам падчас селектара пра менталітэт беларускага народа. “Нават калі свет скалынаюць войны і канфлікты, а мяжа паміж разумным сэнсам і безразважнасцю асобных у тым ліку палітыкаў адсутнічае, нам трэба араць, сеяць і ўбіраць збажыну. Таму што і ў войны, і ў мірны час людзям хочацца есці”.
Сапраўды, нам інакш ніяк нельга — толькі добра працаваць. Беларусь ляжыць паміж Расіяй і Польшчай, паміж Усходам і Захадам, на мяжы дзвюх цывілізацый, і ад гэтага часта цярпела. А тут яшчэ на поўдні загарэлася Украіна. І нядобразычліўцы ўвесь час нас правакуюць. Толькі дзякуючы вытрымцы нашага Кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, яго цвёрдай лініі самастойнага развіцця Беларусі, яго вялікай дыпламатыі, наладжванню дружалюбных адносін і супрацоўніцтва з тымі дзяржавамі, якія гэтага хочуць, мы жывём і развіваемся. Палітык, які абараняе інтарэсы сваёй рэспублікі, — такое дарагога каштуе. Аляксандр Рыгоравіч правільна робіць. Увага — кожнаму чалавеку, кожнаму працаўніку.
Для мяне пытанні жніва вельмі блізкія. 23 гады адпрацаваў на збожжаўборчым камбайне. Пазней, на кормаўборачным камбайне, убіраў з палёў салому. Цяпер, знаходзячыся на пенсіі, у машынна-трактарным парку займаюся наладкай, рамонтам электраабсталявання. Гэты сегмент у механізацыі вельмі важны.
Зразумела, цікаўлюся справамі ў полі. Парадаваў хлебаробаў нашай гаспадаркі азімы ячмень, які ўбралі. Ён даў больш чым па 100 цэнтнераў з гектара. Пасля яго камбайнеры пайшлі на пшаніцу і рапс. Надвор’е ўсталявалася, выпрацоўка павысілася. І гэта радуе. Бо хлеб — усяму галава.
Алена ЛЕЎШЫК, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Грыцкевічы”:
— Мусіць, няма больш дзяржавы, дзе б кіраўнік з такой увагай, з такім клопатам ставіўся да ўборкі ўраджаю, як гэта робіць наш Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. На сённяшні момант жніво — адна з самых важных тэм у краіне. А нядаўняя селектарная нарада па ёй — як рабочы план, як дарожная карта, дзе агучаны і абмеркаваны ўсе складнікі ўборачнай кампаніі, пастаўлены канкрэтныя задачы. Фраза “Будзем з хлебам — будзем жыць”, якую наш лідар сказаў падчас нарады, стала проста крылатай. Таму што яна сканцэнтравала сутнасць важнасці сённяшняга моманту. Збяром удосталь збожжа — будзе і насенне, і харчовае зерне, і фуражнае, а ўслед — малако і мяса. І не толькі для патрэб свайго народа, а і на экспарт, які дае дзяржаве грошы на далейшае разіццё, на сацыяльную сферу. Ад аграрыяў патрабуецца толькі хутка і якасна выконваць сваю работу.
А паглядзіце за мяжу Беларусі. У Польшчы, Германіі, Францыі жыхары, якія займаюцца сельскай гаспадаркай, пратэстуюць супраць недальнабачнасці ўлад, што меней за ўсё дбаюць пра свае народы, захапіўшыся геапалітыкай і мілітарызацыяй. “Дакіраваліся” і ў Арменіі. Парываючы сувязі з Расійскай Федэрацыяй, імкнучыся ў Еўрасаюз, краіна страціла вялікі рынак збыту сваіх фруктаў і гародніны. А краіны ЕС заявілі, што яны не змогуць прыняць прадукцыю з Арменіі. Яе абураныя фермеры, якім няма куды прадаць сваю прадукцыю, таксама выйшлі на вулічныя пратэсты.
Таму нам усім трэба цаніць і мірную працу, і надзейнае плячо дзяржавы. Пакуль іншыя бастуюць, беларускі селянін шчыруе ў полі.
Апытанне правяла Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.




