У Мінску 28 ліпеня прайшло пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў краін-удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў пры статутных і іншых органах Садружнасці. Абмеркаваны надзённыя пытанні. Па-першае, 7 кастрычніка адбудзецца чарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў дзяржаў СНД. Па-другое, 9 кастрычніка на пасяджэнне Савета збяруцца кіраўнікі дзяржаў Садружнасці. Пройдуць яны ў Туркменістане, які сёлета з’яўляецца старшынёй СНД. І да такіх важных мерапрыемстваў трэба грунтоўна падрыхтавацца, каб яны былі эфектыўнымі для далейшага супрацоўніцтва. Раней таксама было многае зроблена.
— На высокім узроўні праведзена пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў, а таксама іншыя галіновыя мерапрыемствы. Яны дэманструюць устойлівую дынаміку, настроенасць на развіццё інтэграцыйных працэсаў у эканамічнай, транспартнай, сацыяльна-гуманітарнай сферах. На парадку дня Савета міністраў замежных спраў — зацвярджэнне праграмы развіцця ў сферы спорту да 2030 года, плана кансультацый між міністэрствамі замежных спраў, шэраг іншых дакументаў, якія будуць адобраны і ўнесены на пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў. Кіраўнікі дзяржаў традыцыйна абмяркуюць актуальную праблематыку нашага знешняга і ўнутранага ўзаемадзеяння, таксама прымуць шэраг заяў. Сярод іх — заява з выпадку 35-годдзя ўтварэння СНД, дзе будуць зафіксаваны пэўныя вынікі і намечаны далейшыя шляхі развіцця Садружнасці, — паведаміў першы намеснік генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка.
Як выконваецца дарожная карта па рэалізацыі ініцыятыў, што былі выказаны кіраўнікамі дэлегацый раней, — гэта таксама разгледзелі пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі. Абмеркавалі, намецілі далейшыя крокі. У прыватнасці, па рэалізацыі ініцыятывы Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына аб стварэнні тэрыторыі здароўя і ўстойлівага развіцця. На сваім пасяджэнні паўнамоцныя прадстаўнікі абмеркавалі таксама дзейнасць Савета па турызме краін СНД у 2022 — 2025 гадах. Варта адзначыць: тэмпы росту ў данай галіне ў Садружнасці дынамічныя і ў 2-3 разы вышэй, чым сусветныя. Развіваюцца як віды турызму, так і лагістыка, забеспячэнне транспартам, камфортнае размяшчэнне, грамадскае харчаванне.
У СНД ёсць маладзёжная, культурная, спартыўная сталіцы. З’явілася ініцыятыва вызначыць і турыстычную сталіцу. Беларускі бок прапанаваў зрабіць першай турыстычнай сталіцай СНД горад Ліду. Рашэнне будзе прынята калегіяльна. Яшчэ цікавы факт: кожны год у турыстычнай сферы ўпор зробяць на новы напрамак. Гэта экалагічны, прамысловы, аздараўленчы турызм. У прыватнасці, некалькі слоў пра апошні. У Беларусі 75 санаторыяў. Для турыстаў з краін СНД важна, што нашы медыцынскія методыкі, абсталяванне для іх прывычныя, вывераныя. Узровень забеспячэння высокі, таму нашы здраўніцы карыстаюцца попытам. Летась было прададзена пуцёвак на 1,019 мільярда беларускіх рублёў, з іх грамадзяне нашай краіны заплацілі 62%, астатняе — турысты замежжа. А колькі ёсць яшчэ іншых турыстычных накірункаў: архітэктурны, гістарычны, гастранамічны, проста азнаямленчы.
Несумненна, і беларусам, і нашым гасцям будзе цікава наведаць новыя мясціны, вывучыць побыт іншых народнасцей, дакрануцца да іх гісторыі і духоўных каштоўнасцей. Супрацоўніцтва краін-членаў СНД дае нам такую магчымасць. Адкрывае новыя гарызонты.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.




