29 жніўня ў ААТ «17 верасня» прайшло традыцыйнае свята «Дажынкі». Гэты дзень стаў яркай кропкай у напружанай уборачнай страдзе — часе, калі кожны работнік прадпрыемства ўклаў часцінку сваёй працы ў агульны вынік. Дажынкі на нашай зямлі — гэта не проста завяршэнне жніва, а старажытны абрад, захаваны і прымножаны ў нашы дні, сімвал павагі да хлеба і да людзей, чыімі рукамі ён вырашчаны.
Свята аб’яднала ўсіх: ад механізатараў і вадзіцеляў, якія працавалі ў полі ад зары да зары, да спецыялістаў зернесушыльных комплексаў і інжынерных службаў, якія забяспечвалі бесперабойную работу тэхнікі. У гэты дзень ушаноўвалі тых, хто, нягледзячы на капрызы надвор’я — халодны май і дажджлівае лета, — зрабіў усё магчымае для атрымання годнага ўраджаю.
Урачыстая частка пачалася з сімвалічнага ўручэння снапа новага ўраджаю кіраўніку сельгаспрадпрыемства Арцёму Шастапёраву.
Для кожнага работніка ААТ «17 верасня» гэты дзень стаў прызнаннем яго заслуг, бо за сухімі лічбамі намалоту стаяць штодзённыя подзвігі: раннія ўздымы, шматгадзінныя змены за рулём камбайна і грузавіка, адказнасць за кожны цэнтнер збожжа.
Шчыра павіншаваў «вераснёўцаў» старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі.
— Мне прыемна назіраць за паспяховым развіццём вашай гаспадаркі, — адзначыў ён. — Многія з вас ведаюць, што пэўная частка майго жыцця таксама прайшла побач з вамі. Сёлета вы атрымалі добры ўраджай, парадавала ўраджайнасць рапсу. 51 цэнтнер з гектара — гэта вельмі высокі вынік. Прыемна бачыць, як у гаспадарцы працуюць дынастыі. Уборачная кампанія сёлета была няпростай, патрэбна была пэўная стратэгія, і ў вашай гаспадарцы ўсё было арганізавана як след. Шчыра віншую вас з завяршэннем жніва, з высокімі паказчыкамі! Вялікі дзякуй за вашу працу і далейшых поспехаў.
Ганаровую грамату Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі ўручыў трактарысту-машыністу ААТ «17 верасня» Аляксандру Чабатарэнку. Падзяка была аб’яўлена трактарысту-машыністу Уладзіславу Навошы.
Старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Святлана Мацкевіч аб’явіла Падзяку трактарыстам-машыністам Івану Кузьмічу, Дзмітрыю Юрашчыку і Сяргею Бандзіку.
— Агульны намалот сёлета перавысіў мінулагоднія вынікі, — адзначыў дырэктар ААТ «17 верасня» Арцём Шастапёраў, звяртаючыся да працоўнага калектыву і гасцей свята. — Прыемна адзначыць, што ў мінулым годзе ў нашай гаспадарцы быў толькі адзін трохтысячнік, сёлета іх ужо два. Упэўнены, што ў наступным годзе мы пакажам яшчэ лепшыя вынікі. Трывалую аснову для будучага ўраджаю мы закладваем ужо сёння. Я ўдзячны кожнаму з вас за ваш плён, за вашу стараннасць і адданасць справе. І ўсе гэтыя добрыя паказчыкі — вынік нашай зладжанай сумеснай працы.
Арцём Юр’евіч таксама падвёў вынікі спаборніцтваў на жніве. Сярод камбайнераў: 3 месца — Андрэй Васюк, 2 месца — Дзмітрый Клаўсюк, 1 месца — Сяргей Зянько. Сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа: 3 месца — у Юрыя Налівайкі, 2-е — у Дзмітрыя Зянько, 1-е — у Ігара Зянько.
За дасягненне найвышэйшых паказчыкаў пры прэсаванні саломы быў узнагароджаны трактарыст-машыніст Яўген Зарожны, за падбор саломы з змяльчэннем — трактарыст-машыніст Сяргей Арціменя, за пагрузку саломы — трактарыст-машыніст Анатоль Валочнік, за адвозку зярна ад зернесушылак — вадзіцель Аляксандр Була. Падзяка кіраўніка сельгаспрадпрыемства была аб’яўлена галоўнаму аграному Дзіне Андросік і інжынеру па эксплуатацыі МТП Міхаілу Лукашэвічу.
Святочную атмасферу стварыла канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў раёна. Песні пра хлеб, родную зямлю і працу гучалі для галоўных герояў дня.
ААТ «17 верасня» ўпісвае свае старонкі ў гісторыю не толькі працоўнымі дасягненнямі, але і культурнымі традыцыямі. У розныя гады прадпрыемства становілася прызёрам конкурсаў саламяных скульптур, караваяў і снапоў, дэманструючы сувязь з народнымі вытокамі. І сённяшнія Дажынкі — яшчэ адно таму пацверджанне: моцная гаспадарка трымаецца на людзях, якія любяць зямлю і ўмеюць працаваць.





























