У ААТ «Сейлавічы» з асаблівым хваляваннем штогод чакаюць завяршэння ўборачнай кампаніі. І калі апошнія збожжаўборачныя агрэгаты вяртаюцца з палёў, у гаспадарцы настае час сапраўднага свята — «Дажынак». Гэта не проста справаздача аб зробленым, а ўрачыстае падвядзенне вынікаў, дзе галоўнымі героямі становяцца тыя, хто ўвесь сезон жыў у рытме поля.
Урачыстае мерапрыемства традыцыйна распачалося з сімвалічнага ўручэння снапа новага ўраджаю кіраўніку гаспадаркі Аляксандру Касперу. Права перадаць яго было даверана лепшым працаўнікам жніва — тым, хто паказаў найвышэйшыя вынікі і стаў прыкладам для ўсяго калектыву.
— Паважаныя працаўнікі ААТ «Сейлавічы», ад сябе асабіста і ад раённага выканаўчага камітэта віншую вас з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі і з сённяшнім святам — «Дажынкамі», — звярнуўся да прысутных старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі. — У гэтым годзе ААТ «Сейлавічы» сабрала больш за 20 тысяч тон збожжа, у тым ліку рапсу.
Гэта сапраўды годны ўклад у агульную справу. Трэба сказаць, што жніво сёлета было няпростым, але вы з усім справіліся. Ганаровай граматай Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта старшыня адзначыў галоўнага агранома гаспадаркі Юрыя Андрэйчука і вадзіцеля Анатоля Кісуна. Падзяка была аб’яўлена бухгалтару Марыне Гурбан і загадчыцы склада Галіне Ачкас.
Старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Святлана Мацкевіч аб’явіла падзяку вядучаму аграному гаспадаркі Дзмітрыю Храмцэвічу, загадчыцы склада Дануце Навоша і трактарысту-машыністу Уладзіміру Праневічу.
З чым жа звязаны поспех гаспадаркі? Тут перапляліся некалькі складнікаў: правільна абраная стратэгія сяўбы, своечасовае ўнясенне ўгнаенняў, выкарыстанне якаснага пасяўнога матэрыялу і, вядома, прафесійны падыход кожнага работніка.
— У гэтым годзе мы спрацавалі няблага, — адзначыў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Каспер. — З 2450 гектараў сабралі 16936 тысяч тон збожжа, з 650 гектараў — 3315 тон рапсу. Гэта вынік нашай штодзённай працы, нашай самаадданасці. Я шчыра віншую ўсіх вас са святам, дзякую за работу і працоўныя перамогі. Жадаю вам і вашым сем’ям здароўя і дабрабыту, а ўсім нам — мірнага неба над Беларуссю. Няхай у кожны дом прыходзіць шчасце, а наперадзе чакаюць новыя працоўныя дасягненні. Вы — сапраўдныя хлебаробы, і дзякуючы вам на нашых сталах заўсёды ёсць хлеб.
Акрамя таго, Аляксандр Сяргеевіч узнагародзіў лепшых работнікаў па выніках жніва-2026. Ганаровай граматай былі адзначаны брыгадзір паляводчай брыгады Раіса Салавей і вадзіцель Юрый Любко. Падзяка кіраўніка ААТ «Сейлавічы» была аб’яўлена галоўнаму эканамісту Галіне Налівайка, трактарыстам-машыністам Юрыю Зубовічу, Вячаславу Хвіцько, Віталію Санько, Валерыю Гуменнікаву і Сяргею Ванагелю.
Лепшым звяном збожжасушыльнага комплекса было прызнана звяно аператараў Вячаслава Ярмошкі і Вячаслава Гелейшы; лепшымі вадзіцелямі пагрузчыкаў сталі Яўген Таратута, Яўген Кукула і Аляксандр Серада.
Сярод тых, хто працаваў на прэсе, лепшым быў прызнаны Аляксандр Шульга. За пагрузку саломы быў адзначаны Сяргей Раўгейша. Лепшым на адвозцы саломы стаў Уладзімір Лепяціла. У рабоце на складах і адвозцы збожжа ад камбайнаў вызначыўся Мікалай Навоша. Свята стала не толькі момантам гонару, але і пацвярджэннем таго, што поспех — гэта вынік агульнай працы.

















