31 жніўня — 1 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пабываў з рабочым візітам у Кыргызстане. Ён браў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў-членаў ШАС і сустрэчы ў фармаце “ШАС плюс”, прысвечаных 25-годдзю Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, выступіў з шэрагам важных ініцыятыў. Наш лідар таксама наведаў урачыстую цырымонію адкрыцця VI Сусветных гульняў качэўнікаў, дзе спаборнічалі і беларускія атлеты. Візіт Прэзідэнта — магчымасць падвесці пэўныя вынікі ў развіцці адносін паміж краінамі і акрэсліць новыя перспектывы. Для гэтага ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў і ШАС многае робяць і іншыя высокія асобы беларускай дзяржавы.
Да Садружнасці Незалежных Дзяржаў Кыргызстан далучыўся 13 снежня 1991 года. Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь наладжаны 21 студзеня 1993 года. Праз рэферэндум, што прайшоў у лютым 1996 года, рускай мове там быў нададзены статус мовы міжнацыянальных зносін нараўне з кіргізскай.
У сакавіку 1996-га сумесна з Беларуссю, РФ, Казахстанам Кыргызстан заключыў дагавор аб мытным саюзе. У чэрвені бягучага года ў гэтай краіне з афіцыйным візітам пабываў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Сустрэўся з Прэзідэнтам Кыргызстана Садырам Жапаравым і старшынёй кабінета міністраў — кіраўніком адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызстана Адылбекам Касымаліевым.
Гэтая далёкая высакагорная краіна з’яўляецца важным гандлёвым партнёрам Беларусі. У 2025 годзе тавараабарот склаў амаль 206 мільёнаў долараў, што на 54% больш за ўзровень 2024 года. Пры далейшым паспяховым развіцці супрацоўніцтва да 2030 года даны паказчык плануецца давесці да 500 мільёнаў долараў. Для чаго патрабуюцца інавацыйныя падыходы і пошук новых пунктаў росту. Ключавая роля адводзіцца прамысловай кааперацыі, развіццю высокатэхналагічных вытворчасцей, міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Дарэчы, у Мінску пройдзе першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Кыргызстана. Адным з перспектыўных накірункаў застаюцца ўзаемны гандаль харчовымі таварамі, паглыбленне ўзаемадзеяння ў жывёлагадоўлі і насенняводстве. Бачны перспектывы таксама ў машынабудаванні, электратэхнічнай прамысловасці, вытворчасці камунальнай тэхнікі, ліфтавага абсталявання, у перапрацоўчай прамысловасці, развіцці ў Кыргызстане сучаснай сэрвіснай інфраструктуры.
Быў падпісаны шэраг важных пагадненняў і мемарандумаў, што ўмацоўвае тэндэнцыю далейшага развіцця адносін.
Аляксандр Турчын са сваім калегам удзельнічалі ў адкрыцці Беларуска-Кыргызскага бізнес-форума, што адбыўся ў сталіцы Кыргызстана Бішкеку. На форуме прадстаўнікі дзелавых колаў падпісалі 21 пагадненне на 5 млн долараў. Прадугледжаны пастаўкі спецтэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, кандытарскіх вырабаў, лекавых сродкаў, рэалізацыя іншых праектаў.
Шэсць дзён ліпеня доўжыўся ў Кыргызстане афіцыйны візіт міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова. Ён браў удзел у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, правёў сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях, у тым ліку з калегамі з КНР, Індыі, Ірана, Пакістана, Казахстана, Узбекістана і Таджыкістана.
Сустрэчы з кіраўніцтвам Кыргызстана стаялі асобным радком у рабочым графіку беларускага міністра. Узаемадзеянне нашых краін мае вялікае значэнне для іх далейшага паспяховага развіцця.
Падчас сустрэчы Максіма Рыжанкова з Прэзідэнтам Садырам Жапаравым суразмоўцы абмяняліся думкамі аб стане супрацоўніцтва нашых краін і па актуальных тэмах міжнародных адносін. Намечана далейшае паглыбленне нашых зносін як па лініі ўрадаў, так і галіновых міністэрстваў, а таксама больш цесная каардынацыя на міжнароднай арэне. Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Кыргызстана Жээнбекам Кулубаевым падкрэслівалася роля абодвух міністэрстваў у каардынацыі прасоўвання ўсіх дамоўленасцей і пагадненняў. У нас супадаюць пазіцыі па міжнародных пытаннях, па развіцці раўнапраўнага партнёрства. Наша агульная мэта — стварэнне справядлівай многапалярнай архітэктуры свету.
…У ліпені ў Бішкеку адкрылі гандлёвы дом “Беларусь”. У ім прадстаўлена кандытарская прадукцыя нашых прадпрыемстваў. Дэгустацыя, аповед аб карысных уласцівасцях прадукцыі — усё гэта, безумоўна, прыцягнула ўвагу спажыўцоў Кыргызстана да нашай смакаты і прыйшлося даспадобы. Мясцовы чай ды з беларускім зефірам — самае тое!
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.






