Меню

Эсэ “ДРЭВА, ЯКОЕ ТРЫМАЕ НЯБЁСЫ”. Курьян Злата

Пост опубликован: 16.09.2026

Эсэ “ДРЭВА, ЯКОЕ ТРЫМАЕ НЯБЁСЫ”

 

Я трымаю ў руках фотаздымак. З яго на мяне глядзяць тры пары вачэй – прабабулі Марылі, бабулі Наташы і мамы Іры. Мае родныя стаяць на фоне яблыневага саду, які буяе ружовымі кветкамі, водарам вясны… І час здаецца вечным. Гэта не проста сямейны фотаздымак – гэта карта лёсу. Тры жанчыны Беларусі. Тры эпохі. Адна зямля і тры розныя мары.

Карані: споведзь цішыні.

Прабабуля Марыля на фотаздымку строгая. Яе рукі ляжаць паверх накрахмаленай спадніцы. Яны памятаюць больш, чым можа вынесці чалавечае сэрца. Яна жыла ў той час, калі надвор’е пахла порахам і болем. У яе вачах тая беларуская глыбіня, якую адразу і не разгледзіш. Гэта глыбіня пакут і страх за дзяцей. Яна засталася падчас вайны адна з трыма дзецьмі. Выжывала, спадзявалася, цешылася надзеяй. Але надзея не спраўдзілася. Яго, яе Чэслава, добрага, гаспадарлівага, ваеннага медыцынскага брата не стала 8 мая 1945 года.

У яе вачах – тая асаблівая беларуская глыбіня, якую не разгадаць адразу. Гэта глыбіня цярпення, таямніца душы і спадзявання.

Яна – мае карані. Яна навучыла верыць і слухаць зямлю. “Любі зямлю. Яна святая,” – гаварыла прабабуля. Сіла прабабулі Марылі ў неверагоднай вытрымцы. Жанчыны яе пакалення, пакалення салдатак, былі галоўным падмуркам. Яна ўмела выжываць там, дзе, здаецца, надзея памірала. Яе мара была простай: каб дзеці былі наетымі, каб цішыня за акном азначала мір і спакой.

Сцябло: жыватворныя сокі

Побач з прабабуляй Марыляй – бабуля Наташа. Такая ж прыгожая, з той жа беларускай адметнасцю, якая адчуваецца ва ўсім: у паставе, адзенні, поглядзе. Яе пакаленне – пакаленне стваральнікаў. Яны падымалі з руін гарады і душы, аднаўлялі гаспадарку. Яе сіла ў цярпенні без межаў і словах “Любі зямлю. Яна святая”

Бабуля жыла паміж мінулым, якое клікала аднаўляць калгасы, і будучым, якое вабіла агнямі горада. Але яе мары былі прыземленымі, як сама беларуская зямля: свой дом, праца, каб дзеці атрымалі навуку. Яна – сцябло расліны, якая праводзіць сокі ад каранёў да кветкі. Колькі памятаю, яна заўсёды ў руху: то на агародзе, то на полі, то ў хлеўчуку. Яе крылы былі цяжкімі. З граніту жаночай долі, дзе патрэбна было паспець зрабіць усё.

Галінкі і лісточкі: пах незалежнасці

Гляджу на прабабулю Марылю, любуюся бабуляй Наташай і ўсведамляю, што карані набываюць крылы. Мая мама Іра набывае крылы поспеху, спадзявання, надзеі дзякуючы рукам, душы, сэрцу далікатных і ў той жа час трывалых тытанаў. Гледзячы на іх лёс, яна імкнецца да вяршынь, прывівае гэтае пачуццё будучаму пакаленню. Яе галінкі і лісточкі цягнуцца да нябёсаў. Бо ў яе нас трое. Мама так пра нас і гаворыць: “Мае кветкі”

Сіла сучаснай беларускай жанчыны – у здольнасці памятаць усё, чаму вучылі карані, пра што шаптала сцябло з галінкамі. Яны могуць быць далікатнымі і стальнымі адначасова. Прабабуля дала мне фундамент, бабуля – сцены, мама – дах. А я зараз рашаю, як зрабіць гэты дом утульным, шчаслівым, квітнеючым. А разам з тым памятаю наказ: “Любі зямлю. Яна святая”.

Эпілог

Жанчыны Беларусі. Яны як наш знакаміты лён. Каб стаць тонкім і трывалым палатном, тэба прайсці доўгі шлях: іх прыбіваюць да зямлі дажджы (карані), іх выцягвае сонца (клопат), і потым толькі ткуцца ўзоры лёсу (мары, крылы).

Углядаюся ў фотаздымак і разумею галоўнае. Сіла беларускай жанчыны ў роднай зямлі, у трываласці каранёў, у шапаценні лісця, у цвіценні саду, у годнасці. Крылы мары ва ўменні ўзляцець высока, каб з нябёс стала відаць і родную хату, і выгінастае рэчышча роднай ракі Уша, і валошку ў пшанічным полі. Помніць: “Любі родную зямлю. Яна святая”. Сіла каранёў не ў тым, каб трымаць цябе ў зямлі, а ў тым, каб накарміць сокамі, калі ты выпрастаеш крылы.І пакуль мы трымаемся за рукі скрозь час, ніякі вецер гісторыі не зможа нас зламаць. Неабходна толькі расправіць крылы…

 

Курьян Злата, 14 лет,
учащаяся Карцевичской средней школы,
участник конкурса «Пресс-код».

error: Копирование защищено!
Яндекс.Метрика